У лютым былі дні на 12 градусаў цяплей за норму

Такі сёлетні рэкорд лютаўскіх тэмператур на Камянеччыне за апошнія дзесяцігоддзі, паводле звестак спецыялістаў метэастанцыі “Высокае”.

Як гэта адбіваецца на азімых культурах, што часам апынаюцца ў стрэсавых умовах, яны таксама ведаюць. Бо рэгулярна выязджаюць у поле для маніторынгу самаадчування пасеваў, а ў выпадку гібелі іх з той ці іншай прычыны прыроднага кшталту акт аб тым будзе несапраўдным, калі не засведчаны прадстаўніком метэаралагічнай службы. Сёлета, дзякуючы паступоваму павышэнню тэмпературы, без максімальных амплітуд, пасевы выйшлі “з зімы” ў добрым стане.

– Ёсць залішняя вільгаць у нізінных мясцінах. Але дзякуючы таму, што глеба не была глыбока прамерзлай, яна ўбірае ў сябе ваду даволі хутка. Значнай шкоды азіміне не будзе, а пашкоджанае можна выправіць частковым перасевам ці рамонтам. Усё гэта натуральны працэс, які не з’яўляецца масавым. Аграномы, наадварот, хвалююцца, ці хопіць вільгаці на сяўбу, – расказала інжынер-аграметэаролаг метэастанцыі “Высокае” Марыя Парафянюк.

Паколькі гутарка адбывалася напярэдадні Міжнароднага метэаралагічнага дня, не прамінула яна нагоды пазнаёміць нас са сваёй вопытнай настаўніцай Людмілай Шокала, якая за 35 гадоў работы на метэастанцыі стала ўніверсальным спецыялістам, апякункай маладых супрацоўнікаў, часта бывае ў ролі кансультанта.

І самой даводзіцца час ад часу вучыцца, калі маральна састарэлае абсталяванне мяняюць на сучаснае, больш дакладнае. Інжынер з “Брэстгідрамета” на месцы навучаў працы з тымі ж “пеленгамі”, што вымяраюць і хуткасць ветру, і вышыню воблакаў, і бачнасць… Аб’ём сінаптычнай інфармацыі ўсё павялічваецца, і электроніка тут – найпершы памочнік. Тым больш, калі ўлічыць, што ад пачатку збору даных і да завяршэння перадачы іх (паводле міжнароднага кода) ў Мінск павінна прайсці толькі 20 мінут. І так кожныя тры гадзіны. Дакладнасць – на першым месцы. Звесткі высокаўскіх метэаролагаў атрымліваюць райвыканкам, рай­аддзел унутраных спраў, аддзел надзвычайных сітуацый, следчы камітэт, прадстаўніцтва Белдзярж­страха… У рынкавую эпоху пачалі прадстаўляць метэаінфармацыю і на платнай аснове. Нават рыбакі цікавяцца міліметрамі ртутнага слупка, маючы на ўвазе атмасферны ціск…

Працуюць тут ушасцярых – жаночы калектыў. Паколькі ў Беларусі няма навучальнай установы, дзе рыхтавалі б будучых метэаролагаў, перавагу аддаюць спецыялістам з агранамічнай адукацыяй. Вядома, будуць затым спецыялізаваныя курсы, а таксама – вопытны настаўнік побач.Таму з глыбокай пашанай гавораць калегі Людмілы Мікалаеўны аб ёй як аб чалавеку з багатымі прафесійнымі навыкамі, шчырым і чулым. Яна сама некалі пачынала тут вучаніцай, а ў 2012-м была адзначана Ганаровай граматай га­ліновага міністэрства за шматгадовую плённую працу ў сістэме дзяржаўнай метэаслужбы Рэспублікі Беларусь і з нагоды Міжнароднага метэаралагічнага дня. Ён, дарэчы, прыпадае на 23 сакавіка.

Таксама ў сакавіку, 35 гадоў назад, Людміла Шокала ўладкавалася на працу на метэастанцыі. Чым не нагода для віншаванняў? Ёй – асабіста і ўсяму калектыву, які ўжо 20 гадоў узначальвае Валянціна Патапенка.

Галіна НОВІК.

Добавить комментарий