Бульбяная мязга – адходы крухмальнай вытворчасці – даўно выкарыстоўваецца як корм для жывёлы. Аднак з улікам таго, што яна, вільготная, утрымлівае да 90 працэнтаў вады (але і клятчатку ды пратэін), перавага звычайна аддаецца ёй у сухім выглядзе. А паколькі на Вярховіцкім крухмальным дасюль не было магчымасці сушыць адціснутую кармавую мязгу, у гаспадаркі раёна, на фермы, бралі не надта ахвотна. Таму і вывозілі яе ў асноўным на поле…
Пасля рэканструкцыі цэха, які раней пуставаў, тут ужо зманціравана новае абсталяванне для высушвання бульбяной мязгі, каб скарыстаць яе ў рацыёне жывёлы. Як удакладняе дырэктар прадпрыемства Павел Кіркевіч, лінія айчыннай вытворчасці, дзе адціснутая мязга будзе ператварацца ў негрануляваны корм, пачне працаваць у бліжэйшы час. Сам працэс высушвання разлічаны на мясцовае паліва – дровы. Пробную партыю прадукцыі ўжо атрымалі. Цяпер завяршаецца “даводка” абсталявання.
Першыя 25 тон сухога корму ўжо маюць свайго адрасата – ён паедзе ў Польшчу, хутчэй за ўсё шляхам самавывазу, да гаспадара-прыватніка. Зацікавяцца ім напэўна і тутэйшыя гаспадарнікі…
У задумках дырэкцыі прадпрыемства – стварэнне невялікага цэха камбікармоў; тады аўтамабілі, што вязуць бульбу на перапрацоўку, не будуць вяртацца назад пустымі.
Дарэчы, тут адкрыты ўжо веснавы сезон закупу бульбы. Першыя рэйсы з ёю ў Вярховічы – з Кобрынскага раёна і ажно са Случчыны. Як бачым, геаграфія сыравіннай зоны шырыцца. У той жа час, маючы найперш на ўвазе сабекошт сыравіны, надзвычай важна паразумецца з мясцовымі бульбаводамі, стварыць з імі ўзаемавыгадныя дзелавыя стасункі. Са з’яўленнем дадатковых спадарожных вытворчасцей зрабіць гэта, магчыма, будзе больш проста…
* * *
У цэху па вытворчасці біягумусу (з дапамогай вермікультуры – каліфарнійскіх чарвякоў) таксама не без навін. Калі раней фасавалі для рэалізацыі толькі гумус, дык цяпер – і ў сумесі з падрыхтаванай глебай, якую вязуць з Пружаншчыны. Злучаюць яе з гумусам у пэўнай прапорцыі – атрымліваецца ўрадлівая сумесь. З пачатку года рэалізавалі ўжо 6 тон пажыўнага глебавага “асарці” і гумусу. Аднак апошні карыстаецца ўсё ж большым попытам…
Галіна НОВІК. Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Президент Беларуси подписал Указ, которым утверждена Государственная инвестиционная программа на 2025 год
-
Беларусь — на третьем месте в рейтинге стран Европы по прогнозируемому росту ВВП в 2024 году
-
Экономика растет с опережением прогнозных показателей
-
Агрогигант «Беловежский» подводит итоги очередного сельхозгода
-
Итоги сельхозгода Каменетчины подвел председатель райисполокма Виталий Кулак