На селе

На селе

Ягадныя страсці. Чарніцы сёлета ўрадзілі. Аднак у Дварцах, дзе, ведаючы лес, умеюць і любяць збіраць ягады, да нарыхтоўшчыкаў нясуць іх рэдка. Прычына – нізкая цана (1 рубель 80 капеек­1 рубель 70 капеек за 1 кг), а праца нялёгкая. У трох нарыхтоўчых пунктах ад брэсцкіх фірмаў у вёсцы ўдалося закупіць не больш як па 20­30 кілаграмаў чарніц. Цэнавая “нягнуткасць” здзіўляе і саміх нарыхтоўшчыц, бо летась значна вышэй была стартавая цана. Вяскоўцы між тым знаходзяць іншы шлях збыту сабраных чарніц, хоць і менш зручны для іх.

Разам з “Савушкіным”. Пасля таго, як адкрытае акцыянернае таварыства “Савушкін прадукт” сёлета стала трымальнікам акцый ААТ “Каленкавічы”, сельгасработы тут вядуцца поруч з вядомым перапрацоўчым прадпрыемствам. Зацікаўленасць яго ў пашырэнні і якасці кармавой базы для буйной рагатай жывёлы, а значыць, і аб’ёмаў паставак малака на перапрацоўку відавочная. На пачатку сезона нарыхтоўкі кармоў у Каленкавічах з дапамогай “Савушкіна прадукта” набылі магутны кормаўборачны камбайн (650 конскіх сіл, Бельгія), пагрузчык “Амкадор­352”. Новы зернеўборачны камбайн КЗС­1218 куплены летась гаспадаркай. У жніве будуць браць удзел пяць камбайнаў, сярэдняя нагрузка на кожнага з іх – 220 гектараў.

Без іроніі. Іменна так, у адрозненне ад іншых, ставяцца да сваіх гадаванцаў – в’етнамскіх віслапузых свінак – Марыя і Мікалай Нічыпарукі, якія жывуць у Лісоўчыцах. Ужо гадоў шэсць маюць на падвор’і гэтых жывёлін. І не расчараваліся. Упадабалі іх за непатрабавальнасць да корму (ядуць яны і сена), акуратнасць ды і саломы на подсціл ім трэба нямнога. А летам галоўнае – лужок ля хаты. Гаспадары задаволены: дамашняй свінінай, сабекошт якой невысокі, забяспечаны не толькі яны, але і дарослыя дзеці. Такім чынам ствараецца харчовая бяспека некалькіх сем’яў. Дарэчы, на рынку за парку в’етнамскіх парасят просяць удвая танней, як за “звычайных”.

Добавить комментарий