“Кніга як лякарства. Калі бяру яе ў рукі – мне адразу становіцца ўтульна”, – расказвае загадчык Высокаўскай гарадской бібліятэкі Вольга Селівонік. А я слухаю яе і думаю аб тым, што менавіта з такой любоўю да друкаванага слова і павінен ісці чалавек у прафесію бібліятэкара.
Вольга нарадзілася ў Макараве, пасля 9 класаў Высокаўскай СШ вучылася ў мясцовым каледжы на повара, некаторы час працавала прадаўцом кветак у Брэсце – шукала сябе. А потым лёс падарыў падказку: мама маёй гераіні, супрацоўніца Макараўскай сельскай бібліятэкі, расказала аб аналагічнай вакансіі ў самым заходнім горадзе Беларусі. Дадому Вольгу цягнула вельмі! Вось і вырашыла яна не губляць шанц.
Праца спадабалася, таму, кіруючыся сваёй даўняй марай аб вышэйшай адукацыі, паступіла на завочнае аддзяленне Інстытута культуры ў Мінску, дзе праз 5 гадоў атрымала дыплом, у якім пазначана спецыяльнасць “Бібліятэкар-бібліёграф”.
У 2009-м Вольга выйшла замуж за высакаўчаніна, што яшчэ больш моцна прывязала яе да горада. Сёння ў сям’і Селівонікаў двое дзяцей: сын-першакласнік Дзіма і 4-гадовая дачка Марына. З другога дэкрэтнага водпуску маладая мама выйшла ўжо на новую пасаду – загадчыка, і спраўляецца з ёй на “дзясятку”. У калектыве Высокаўскай гарадской бібліятэкі – 4 супрацоўнікі, а чытачоў – 2800. За дзень чытальная зала і абанемент прымаюць па 30-35 наведвальнікаў. Агульны фонд “храма кніг” – амаль 25 тысяч экземпляраў.
За ліпень і жнівень бягучага года тут праведзена нямала мерапрыемстваў. Гэта і гадзіна патрыятызму для прызыўнікоў “Мой край задумлівы і пяшчотны”, і выстава-агляд “Ад вытокаў беларускага кнігадрукавання” (да 500-годдзя беларускага Псалтыра”), і медыя-падарожжа “Слаўны майстар з Полацка” (прысвячэнне Скарыне), і гурман-вечарына аматараў паэзіі, і арт-прастора “Стагоддзе, расфарбаванае Шагалам”…
Верасень 2017-га ў Высокаўскай бібліятэцы таксама багаты на падзеі. Ужо адбыліся: урок міру (да Дня ведаў), выстава-партрэт “Ён пісаў аб вайне” (да юбілею Алеся Адамовіча), вусны часопіс “Для вас адкрыты нашы дзверы і сэрцы” і дзве выставы (да Дня бібліятэк). Наперадзе – юбілейны калейдаскоп па творчасці Максіма Танка (17 верасня), бібліякруіз “У свет забытых кніг” і TVbook выстава (23-га).
Не забываюць у бібліятэцы і пра Год навукі – тэматычныя выставы знаёмяць чатачоў са знакамітымі навукоўцамі нашай краіны. Удзелена належная ўвага таксама і шаноўным юбілеям класікаў беларускай літаратуры – Купалы і Коласа.
Пры бібліятэцы працуе аматарскае аб’яднанне “Ля самавара”, пасяджэнні якога праходзяць асабліва цёпла за гарбатай і сярод кніг. Нярэдка супрацоўнікі самі ідуць да чытача: у мясцовыя школу і каледж, напрыклад, дзе выступаюць, распавядаючы пра здаровы лад жыцця і не толькі. А ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь бібліятэка працавала пад адкрытым небам перад ГДК.
Акрамя таго, у сценах “храма кнігі” сёння можна скарыстацца інтэрнэтам, раздрукаваць неабходнае (нават у колеры), узяць вучэбную літаратуру павышанага попыту дадому за невялікі кошт, што ахвотна робяць чытачы.
– Яны ў нас вельмі актыўныя, – расказвае Вольга. – Гоняцца за літаратурнымі навінкамі, любяць гартаць свежую перыёдыку, якой у нас багата. Усіх ведаем па імені, можам прадказаць, што і хто папросіць. Ахвотна даём парады, заўсёды гатовы выслухаць.
– Чым прываблівае работа ў бібліятэцы?
– Лічу, што яна створана для жанчын. Ціхая, утульная… Для душы. Асабіста мне падабаецца афармляць выставы, гутарыць з наведвальнікамі. Зносіны неабходны. Без іх ніяк. Ды і ўвогуле працаваць сярод кніг – шчасце. У іх – прыгажосць. Падыходзіш да паліцы, і ўсё ўнутры проста сціскаецца ад прадчування задавальнення. Помню, як у свой час уразілі мяне “Амерыканская трагедыя” Драйзера і “Ціхі Дон” Шолахава…
– Шмат кніг маеце дома?
– У нас многа дзіцячых. Заўсёды чытаю па вечарах сыну і дачцэ. У маёй мамы – вялікая бібліятэка, а ў свёкра – дзве сцяны, запоўненыя кніжнымі паліцамі ад падлогі да столі.
– Які лёс, на ваш погляд, чакае бібліятэкі ў будучыні?
– Яны будуць! Бо гэта культура. Гэта важна. Гэта патрэбна.
І такім словам верыш. Лячыцеся кнігамі!
Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
Высшую награду завоевали таланты из Высокого на областном этапе республиканского конкурса «Здравствуй, мир!»
-
На ремонт Высоковской больницы в 2024-м потрачено более 1 миллиона рублей
-
Жизнь за колючей проволокой: урок для подростков от тех, кто перешел черту
-
Девятиклассники из Высоковской СШ побывали на предприятии «Беловежские сыры»
-
В феврале в районе будет проводиться вакцинация домашней птицы