Б’е – значыць, не кахае…

Дамашняе насілле – гэта не толькі пабоі: гвалт можа ўчыняцца і вытанчанымі спосабамі псіхалагічнага і эканамічнага ўздзеяння на ахвяру. Ціхі здзек нярэдка працвітае і ў прыстойных з выгляду сем’ях. Зараз у 151 тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Беларусі дзейнічаюць 45 крызісных пакояў, куды жанчыны могуць звярнуцца па дапамогу. Аднак, большасць з іх церпяць да апошняга, маўляў, усё роўна схавацца можна толькі на кароткі час.

Наш раён уключаны ў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі пад назвай “Павышэнне нацыянальнага патэнцыялу дзяржавы па процідзеянні дамашняму насіллю ў Рэспубліцы Беларусь”, згодна з якім будзе ажыццяўляцца ў трох пілотных рэгіёнах краіны (акрамя нашага, – яшчэ ў Кобрынскім і Маскоўскім раёне Брэста) распрацоўка і ўкараненне механізму міжведамаснага ўзаемадзеяння і аказання дапамогі пацярпелым ад насілля.

Статыстыка сведчыць, што больш чым у палове выпадкаў супрацоўнікі РАУС выносяць рашэнні аб спыненні спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях у ад­­­носінах скандалістаў з прычыны прымірэння бакоў. Ці правільная пазіцыя пацярпелых жанчын? Пашкадавалі, не дапусцілі арышту скандаліста – мужа ці сужыцеля, не заплаціў ён штраф… А што далей? Стане ён больш лагодным, скажа “дзякуй”? На справе аказваецца, што, адчуўшы беспакаранасць, такі гора-сем’янін нярэдка даходзіць да ўчынення злачынства. Дарэчы, у апо­шні час ахвярамі бытавога насілля ста­новяцца і мужчыны, так што жанчына з калатушкай на малюнках у некаторых газетах – не плод фантазіі.

Сёлета за 10 месяцаў колькасць гвалтоўных злачынстваў зменшылася. Але гэта – не падстава для самазаспакаення, бо зваротаў у райаддзел міліцыі наконт сямейных скандалаў паступае шмат: сёлета ўжо каля 200 (летась за год 225). Былі прыцягнуты да адказнасці 69 грамадзян за зневажанне ў быце, 14 – за дробнае хуліганства, 5 – за прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў. А ў 102 выпадках былі прыняты рашэнні аб спыненні спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях. У васьмі выпадках былі ўзбуджаны крымінальныя справы за ўчыненне злачынстваў, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі.

У перыяд з 29 кастрычніка па 6 лістапада ў раёне праводзіліся комплексныя мерапрыемствы па прафілактыцы асацыяльных паводзін у сферы сямейна-бытавых адносін. Правяраліся ўсе грамадзяне, што знаходзяцца на прафілактычным уліку ў РАУС. Меры да сямейных скандалістаў прымаюцца такія: асуджэнне да накіравання ў ЛПП на прымусовае лячэнне ад алкагалізму, абмежаванне ў дзеяздольнасці, пазбаўленне бацькоўскіх правоў, у пэўных выпадках – узбуджэнне крымінальных спраў.

Валерый БУКАЧ, старшы інспектар прафілактыкі райаддзела міліцыі.

Рэкамендацыі спецыяліста

Калі ў сям’і склалася крытычная сітуацыя, вы падвергліся насіллю, трэба:

– на пэўны час пакінуць кватэру;

– папрасіце суседзяў, якім вы давяраеце, каб яны выклікалі міліцыю, калі пачуюць з вашай кватэры крыкі;

– калі не можаце выйсці з кватэры, можна закрыцца ў ваннай з тэлефонам і паспрабаваць выклікаць міліцыю; паклікаць па тэлефоне суседзяў, знаёмых на дапамогу; гучна клікаць дапамогу, крычаць “Пажар” і т.п.; адкрыць вокны і паспрабаваць прыцягнуць да сябе ўвагу прахожых;

– калі вам усё ж такі ўдалося выскачыць на лесвічную пляцоўку, званіце ва ўсе дзверы, крычыце і клічце на дапамогу. Калі нават ніхто не выйдзе, гэта можа спыніць нападаючага, а ў вас будуць сведкі, калі пазней вы звернецеся ў міліцыю.

Добавить комментарий