У грыбны і ягадны сезон у лесе мноства людзей: хто пешшу, хто на веліку; з гарадоў, вядома ж, дабіраюцца ці на ўласнай легкавушцы, ці аўтобусам. Кожны хацеў бы сабраць поўны кошык баравікоў, ды гэта амаль немагчыма. Даўно мінулі тыя часы, калі не было матораў ды ездзілі хіба што на возе…
Памятаю, у дзяцінстве хадзіў у грыбы з бабуляй, дык збіралі толькі баравікі, маслякі, краснюкі, а лісічкі хіба што ў бязгрыбны час, а было іх – хоць касой касі. Праўда, тады апошнія ніхто не прымаў у нарыхтоўку, а як сталі прымаць (і не толькі лісічкі), дык мала каму хацелася за мізэрную плату старацца – тыя ж сушаныя белыя на базары больш цаніліся. А цяпер лісічкі выручаюць многіх.
Не хапіла пенсіі на ўсе задумкі – і сам падаўся “лясную валюту” зарабляць. Заадно і з калегамі па “грыбным бізнесе” пазнаёміўся. Раней, чаго грахі хаваць, меркаваў, што лісічкі на продаж збіраюць толькі небаракі, якія тут жа заробленыя грошы трацяць на так званае “чарніла”. Як жа я памыляўся! Так, дзе хто без таннага віна не абыходзіцца пасля ляснога заробку, але гэта – яго выбар, свае ж прапівае… І яго ж бяда. А ўвогуле гэта не проста нешчаслівыя, а няшчасныя людзі.
– Чаму? – запярэчаць мне. – Ніхто ж не прымушае піць тое чарніла, лепш бы смачна пад’еў… А я кажу многім: трэба дзякуй сказаць гэтым бедалагам.
– За што? – здзіўляюцца мае суразмоўцы.
– Ды за тое, што са сваёй працы жывуць, чужое не крадуць, – адказваю.
Сапраўды, колькі лайдакоў, і, мяркую, не самых бедных, а найбольш бессаромных і сквапных, пакралі з дач цыбулю, часнок, нават бульбу без пары пачалі капаць. А вы паспрабуйце, калі яшчэ не на пенсіі ды без працы, пражыць за адны лісічкі. А як не назбіраеш? А зімой? Нават калі хто зарэгістраваўся ў якасці беспрацоўнага, хіба за тыя капейкі пражыве? І ніхто ж не цікавіцца, багаты ты ці бедны: цэны ў магазінах, камунальныя і іншыя паслугі аднолькавыя для ўсіх. Але ж самі выбралі той шлях, ці то лёсам была наканавана рынкавая эканоміка…
Але – вярнуся зноў… у лес. Не, прабачце, зусім не адны алкашы збіраюць лісічкі на продаж. Гэтыя жоўценькія грыбочкі сталі “золатам” для бедных. Вось за Макавішчамі сустракаю жанчыну з поўным вядром лісічак. Села на бервяно, абедае… Пэўна, на досвітку выйшла з дому. Раней працавала ў спартыўным таварыстве ў нашым райцэнтры. А тут яшчэ падышоў жыхар Камянюкаў. “Здароў, канкурэнт!” – вітала яго жанчына. Сустракаў у лесе, на прыёмным пункце і маладых, хто часова не знайшоў працу ці заняты няпоўны рабочы дзень, і пенсіянераў, якім хапае той пенсіі толькі на харчы.
– А што мне рабіць штодня, – апавядаў пажылы, але яшчэ даволі рухавы жыхарлясной вёскі Абрамава, – есці лісічкі не люблю, зацяжкая гэта страва, а збіраць – цікава, ды і лішні рубель заўжды патрэбны.
Вось так і ўдалося мне ўбачыць жыццё простага люду як бы знутры, а не збоку ці зверху, як яго часам назіраюць выбраннікі народа. Пакуль не прагаласавалі – ездзіць па ваколіцах, на сходах выступае, шмат чаго абяцае. А потым так заняты распрацоўкай і дапрацоўкай законаў, што сваіх выбаршчыкаў бачыць ад выпадку да выпадку. Запомнілася вясёлая карцінка з адной газеты: жонка рачкуе, кватэру прыбірае, а муж разлёгся на канапе, тэлік глядзіць. “Ты што абяцаў, калі ў ЗАГС павёў?” – не вытрымала жонка. “Дык то ж была мая перадвыбарная кампанія” – адказаў муж.
А ў нашых дэпутатаў куды больш адказная місія, чым у любога мужа. Дык вы ўжо, шаноўныя, не забывайце, калі ласка, што дзяржава – для народа, а не наадварот, і калі прымаеце чарговы закон, кіруйцеся не толькі інтарэсамі алігархаў, якіх адзінкі, але і тысяч простых грамадзян, галасы ж на выбарах усе роўныя. Памятайце аб праліках дэпутатаў папярэдняга склікання.
Не толькі маё меркаванне, а многіх жыхароў: той падатак за дармаедства заплацяць хутчэй за ўсё не лаўкачы, што маюць “левыя” заробкі, а бедалагі, што не знойдуць юрыдычнага апраўдання свайму беспрацоўю… Але ж калі заплаціць непрацуючы той падатак, узнікае пытанне, а дзе ж ён узяў грошы? Аказаў паслугу, недзе зарабіў, дык чаму не стаў ІП? Не зарэгістраваны ў падатковай… І выселяць з кватэры за няўплату, якую з-за беднасці не ўдалося прыватызаваць, і яна стала, як гасцініца, не таго, хто мае тыя кватэры і катэджы ў розных гарадах. І тады бамжоў станебольш… І то ж усё па законах, якія прымалі вашы папярэднікі. Ды хіба такім чынам умацуецца эканоміка дзяржавы, калі вы будзеце прыдумваць усё новыя спосабы папоўніць казну за кошт народа?
І ўсё ж абнадзейвае тое, што нягледзячы ні на які рынак, у нашай краіне захоўваецца сацыяльная арыентацыя. І яе не надта парушыць нават прыватызацыя жылля: для пэўных катэгорый грамадзян (інвалідаў, шматдзетных сем’яў) ёсць магчымасць аформіць сваё жыллё як сацыяльнае. І для ўсіх, хто жыве ў правінцыі, пры аплаце за непрыватызаванае жыллё прымяняецца паніжаючы каэфіцыент. Добра яшчэ, што ў нас захоўваецца разумны баланс прыватнага і дзяржаўнага, не прыватызавана ўсё вакол.
Неяк сустрэў літоўца з дачкой-падлеткам, у Белавежскую пушчу ездзілі. “Ну, як вы, – пытаюся, – да Еўрасаюза далучыліся?” “Ды не надта туды рвецца просты народ, не той у нас менталітэт, – адказаў літовец. – Быў я ў той Еўропе, там дзе ні кінь, усё ў руках магнатаў. Хочаш у лес па грыбы ці ягады, плаці ўладальніку…”
Вядома, і маламаёмным варта “круціцца”, шукаць сваю справу, а не сядзець, склаўшы рукі. Але і вы, шаноўныя нашы будучыя выбраннікі, успомніце, прымаючы чарговы праект закона, пра тых, каму цяжка звесці канцы з канцамі з ягонай зарплатай ці пенсіяй, ці ўвогуле, хто не мае ніякіх крыніц заробку, акрамя грыбоў ды ягад. Падумайце пра тых, хто збірае лісічкі на продаж, як адзіную “валюту”, што засталася ў бедалаг, якія іншага заробку не маюць. А дзе-хто ў гарадах бутэлькі збірае на хлеб. Мала такіх гаротнікаў, але яны ёсць, таксама ж грамадзяне. Калі на справе служыць людзям, дык варта ў некаторыя законы і папраўкі ўнесці на агульную карысць.
Георгій ПАРАФЯНЮК.