Жывіце з любоўю!

У Наталлі Казакевіч з Камянюкаў, якая стала новай галоўнай гераіняй нашай жаночай старонкі “Чараўніца”, … 45 дзяцей. “Колькі-колькі???” – перапытае здзіўлены чытач і не паверыць. А дарэмна… Пад мацярынскім крылом гэтай усмешлівай жанчыны сын, дачка і 43 выхаванцы ясляў-сада ў названым вышэй аграгарадку. Ужо 7 гадоў Наталля Анатольеўна загадвае ўстановай дашкольнай адукацыі. Як гэта – быць мамай і дома, і на рабоце? Распытаем…

– Раскажыце, калі ласка, пра ваш працоўны шлях…
– Тут варта пачаць яшчэ з гадоў дзіцячых. Вучылася я ў свой час у педкласе – былі некалі такія – у Баранавічах. Ужо тады работа з дзецьмі, самымі маленькімі, захапіла мяне, стала неабходнасцю і радасцю. Першым маім працоўным месцам быў садок у Падбеле, дзе выконвала абавязкі памочніка выхавальніка, адначасова працягваючы адукацыю ў Брэсцкім пед­інстытуце. Потым дарасла да выхавальніка, а пасля паспрабавала сябе ў некалькіх ролях: настаўніка малодшых класаў, педагога-арганізатара, педагога сацыяльнага. Усё гэта было цікава і прыносіла вопыт, якому няма цаны. У 2008 годзе атрымала прапанову стаць загадчыкам ясляў-сада ў Камянюках.

– Колькі слоў пра калектыў?
– Без яго, зладжанага і дружнага, ужо не ўяўляю свайго жыцця. У мяне 23 падначаленыя, трое з іх мужчыны, і мы – магу сказаць з упэўненасцю – адна вялікая сям’я. Усім ім я бясконца ўдзячная за плённую працу і падтрымку.

– А вашы выхаванцы?
– Скажу проста: яны – мае дзеці. Усё стараюся рабіць у іх інтарэсах. Адчуваю настрой кожнага, па голасе нават магу вызначыць, з радасцю ці сумам у маленькім сэрцы прыйшоў у садок хлопчык ці дзяўчынка. Ведаеце, быць педагогам – шчасце. Мы заўсёды побач з дзецьмі, і яны не даюць нам старэць…

– Як клічуць вас вашы Машы і Сашы?
– О, тут – асаблівая гісторыя! Мае імя і імя па бацьку малечам вымавіць няпроста, але яны стараюцца. А гэта – выдатны трэнажор для развіцця маўлення. (Усміхаецца.) Дарэчы, у нашым садку працуе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі для дзяцей з яго парушэннямі.

– Цяпер звернемся да вашай сям’і.
– Мы з мужам – Сяргеем Міхайлавічам – разам ужо 22 гады. Аднойчы ён проста падвёз мяне. Спярша не ўразіў асабліва, мне спатрэбіўся час, каб яго разгледзець.

Нядаўна згулялі вяселле сына, таксама Сяргея. Ён у нас скончыў каледж у Пружанах, працуе вадзіцелем у Нацыянальным парку “Белавежская пушча”. Нявестка Волечка ўжо даўно стала членам нашай сям’і.

Падрастае дачка Дар’я. Яна вучыцца ў 9 класе і захапляецца спевамі, скончыла музычную школу з адзнакай. Заўсёды падтрымліваю імкненне маёй дзяўчынкі да мастацтва. Усе яе выступленні на сцэне захоўвае наш відэаархіў.

– Чым кіруецеся ў працэсе выхавання?
– Выхоўваю любоўю. Лічу, што нельга, нават злачынна, саромецца гэтага светлага пачуцця. Нельга баяцца паказваць сваю любоў дзецям. Пасля гэтага яны сядуць на шыю? Не веру! Такое маё меркаванне.

І сваіх выхаванцаў у садку таксама акружаю любоўю. Яна – аснова ўсяго. Безумоўна, недзе патрэбна быць і строгай, абмяжоўваць свабоду, калі ў гэтым ёсць неабходнасць.

– Якія жаночыя сакрэты адкрываеце Дашы? Што павінна ведаць кожная дзяўчынка, будучая жанчына і маці?
– Па-першае, заклікаю дачку заставацца самой сабой, не старацца быць на некага падобнай. Па-другое, раю развіваць такія якасці, як стрыманасць і дысцыплінаванасць. Яны не даюцца з нараджэння, іх неабходна выхоўваць. Па-трэцяе, вучу Дашу аналізаваць сябе і свае ўчынкі, бо толькі так можна самаўдасканальвацца. У мяне нават каронная фраза ёсць: “Сама падумай”. (Усміхаецца.) Сапраўды, часам трэба проста падумаць, і правільны адказ знойдзецца. Прычым, гэты самааналіз ні ў якім разе не павінен пераходзіць у самаедства.

Увогуле, мы проста жывём у нашай сям’і. Вучымся радавацца самому факту жыцця, бо ўсё можна вырашыць, калі мы жывыя, здаровыя і разам. Дзякуйце Богу за тое, што ён дае цяпер…

– У чым, на вашу думку, жаночае шчасце?
– Няхай і паўтаруся, але скажу. У любові ва ўсіх яе праявах. Любоў – паўсюль…

– Што любіце рабіць у вольную хвілінку?
– Гатаваць! А яшчэ з задавальненнем назіраю, як знікаюць з талерак мае стравы. Асабліва ўдаюцца, так мяркуюць мае сямейнікі, грэцкія бліны і катлеты па асаблівым рэцэпце.

Што ж… Дадам толькі адно: жывіце смачна! Жывіце з любоўю!

Настасся НАРЭЙКА. Фота Івана КАРАГОДЫ.

Добавить комментарий