Няпраўда, што ніхто з маладых не хоча працаваць на зямлі. На фермерскія гаспадаркі замахваюцца рэдка, а вось бабуліны сядзібы, якія нейкі час пуставалі, пачынаюць прыцягваць іх увагу. І радаваць то кучаравым маліннікам, то галінастай галубікай, то юным яблыневым садам.
У Чамярах “нечакана” з’явіліся клубнічныя соткі: ажыццявіла сваю задумку патомная гараджанка Марына Шосцік не без падтрымкі мужа. Яго, Валодзевай, бабулі не стала тут паўтара года назад, і калі праўда, што ёсць магчымасць з нябёсаў назіраць за зямным жыццём, дык Вера Харытонаўна шчыра радуецца пераменам і дбайным унукам.
Нечаканасць, мабыць, у тым, што клубнічная расада высаджана ў красавіку сёлета, але напрыканцы чэрвеня спатрэбіліся ўжо скрынкі для першых ягад. Клубніцы некалькіх сартоў і тэрмінаў даспявання, а рэмантантная будзе радаваць да маразоў.
Прымета часу: моладзь працуе на зямлі паводле новых тэхналогій. Праўда, садзіць расаду, якая прыехала з Галандыі ў кантэйнеры, у спецыяльна замарожаных брыкетах, давялося дзедаўскім спосабам. Тая работа на 10-і сотках нават з дапамогай бацькоў заняла амаль два тыдні і суправаджалася складаннем карты сартоў, мантажом палівальнай кропельнай сістэмы (да кожнай расліны), засціланнем глебы агратканінай. Марына скрупулёзна выконвае рэкамендацыі галандцаў, якія абяцаюць беспраблемнае зімаванне клубніц у адкрытым грунце, а высокую ўраджайнасць – на працягу трох гадоў.
Затраты на клубнічную расаду і спадарожную “інфраструктуру” склалі каля 6 тыс. рублёў. Частку выдаткаў спадзяецца вярнуць у наступным годзе, а сёлетні – эксперыментальны. І не толькі ў сэнсе блізкага знаёмства з кожным сортам – смак ягад у асноўным вызначалі сваякі, знаёмыя, суседзі ў Брэсце.
Так, Марына і Уладзімір жывуць у горадзе. Ён – прадпрымальнік, заняты ў сферы металаканструкцый, а яна, эканаміст па прафесіі, знайшла сябе ў справе, якая даспадобы ёй. У вёску часам едуць разам. Марына выношвае новую задумку: стварыць свой гадавальнік клубнічнай расады, пашырыць ягадны палетак…
Галiна Новiк, фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Что изменится с 1 ноября для физических лиц при работе в такси
-
В Каменце 10 ребят получили молодежные билеты БРСМ
-
Как не допустить вовлечения ребенка в половую жизнь, разбиралась журналист «НК»
-
17 сентября, в День народного единства, нотариусы Брестчины будут консультировать бесплатно
-
«Готовь сани летом…» О подготовке Каменетчины к отопительному сезону