Кажуць: за двума зайцамі пагонішся – ніводнага не зловіш. У гэтай простай ісціне чарговы раз упэўніліся гледачы, што сабраліся 8 студзеня ў Відамлянскім СДК. Іх увазе быў прапанаваны новы мюзікл клуба творчай моладзі “Свой круг” пад кіраўніцтвам Ірыны Вярэніч.
“За двума зайцамі” – прачыталі мы на афішы і адразу ж успомнілі добра вядомы бадай што кожнаму сюжэт. Ці ж можна сказаць ім нешта новае, гледачу невядомае? Безумоўна! І відамлянскім артыстам гэта ўдалося.
Дзеянне разгортвалася ў пераднавагодні час, пра што сведчылі і аздабленне сцэны, і тэматычныя песні ў выкананні спевакоў усіх узростаў. Галоўны герой, “стыліст-міжнароднік” Аляксей Чыжоў апынуўся напярэдадні святаў у становішчы вельмі непрыемным. Некалі пазычыў ён у дырэктара гарадскога базара грошы на пераўтварэнне звычайнай цырульні ў шыкоўны салон прыгажосці “Клеапатра”, спусціў на свае патрэбы і цяпер мусіў аддаваць. Ды як жа аддаць, калі няма дзе ўзяць?
Вось тут і дапамог выпадак. Са сталічнага інстытута культуры ў гэты самы момант вярнулася ні з чым Тонька Каравяк, якая вучылася там “на зорку”. Вяселле з ёй, а дакладней, з яе прыданым, на якое бацькі, уладальнікі сеткі супермаркетаў, не паскупіліся, стала для гора-стыліста выратаваннем. І тут… Умяшалася каханне да сціплай Галі, прадаўшчыцы навагодніх ёлак. Што ж гэта атрымліваецца? Нявест – дзве, а жаніх… адзін. Грунтуючыся на гэтым, і закруціліся карагодам наступныя падзеі, вынік якіх усе мы добра помнім.
Дзве галоўныя жаночыя ролі (Антаніны і Галіны) выканалі Таццяна Храмянкова, мастацкі кіраўнік СДК, і яе дачка Ганна, супрацоўніца СДК і школы мастацтваў адпаведна. У Аляксея пераўвасобіўся журналіст Аляксей Голікаў. І так натуральна, так нязмушана, так арыгінальна і задорна яны ігралі, што зала неаднаразова хапалася за жываты ад смеху. А артысты ж, не забывайцеся, яшчэ і спявалі! Усім спадабаліся песні ў выкананні самых маленькіх зорачак, стыльнага жаночага трыа “Vega”, вакальнага гурта “Росы”, а таксама – Аляксандр Каваленка, які прадставіў цудоўную песню Эдуарда Хіля “У леса на опушке…” Акрамя таго, дапаўненнем да мюзікла стала ігра на саксафоне Мікалая Громіка, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
У выніку абодва “зайцы” нашага “стыліста-міжнародніка” ўцяклі ў невядомым накірунку, а ён застаўся, як кажуць, з носам. Так старая гісторыя заіграла новымі фарбамі дзякуючы намаганням цудоўных артыстаў і яшчэ раз даказала: песняй добрай справы не сапсуеш.
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Сяргея БУШЧУКА.
Это может быть интересно:
-
ПРИГЛАШАЕМ НА 5-Й ОТКРЫТЫЙ ЧЕМПИОНАТ ВАЛЕНКА!
-
Афиша мероприятий в Каменецком районе 18 – 22 января (+кинотеатр)
-
«Наши дети» и «От всей души»: новогодние акции Каменецкого района объединяют добрые сердца
-
15 января на встрече с председателем районного Совета депутатов в Новоселках обсудили насущные вопросы
-
Брестчанка на Lada опрокинулась в Каменецком районе