З думкай аб Парку высокіх тэхналогій

Імёны вучняў Воўчынскай СШ усё часцей у пераліку пераможцаў алімпіяд, канферэнцый, конкурсаў. Уладзімір Прыход, які ўжо больш за дзесяць гадоў узначальвае калектыў школы, бачыць у тым вынік паступальнага развіцця.

– У нас склаліся асабліва трывалыя асновы выкладання матэматыкі і інфарматыкі. А наш малады настаўнік Аляксандр Ляшкевіч разам з вучнямі актыўна распрацоўвае тэму інфармацыйных тэхналогій, поруч з ім юныя праграмісты і даследчыкі працуюць і ў асяроддзі Scratch. Самыя захопленыя могуць пахва­ліцца ўжо сваім праграмным прадуктам. Летась упершыню дзве выпускніцы нашай школы – Кацярына Лупашцян і Лізавета Пракапюк – сталі студэнткамі БДУ і БДУІР, дзе атрымаюць прафесіі, запатрабаваныя ў сферы высокіх тэхналогій. Прычым, вучацца на бюджэтнай падставе, – зазначае дырэктар школы.

Яшчэ школьніцамі Гаянэ Пагасян і Святлана Клімук (цяпер яны таксама студэнткі) за перамогу ў рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі былі заахвочаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

Схільнасці падлеткаў распазнаюцца “на подступах” да выпускнога класа. З павагай сустракаюць тут рашэнне стаць навучэнцам Высокаўскага сельгаскаледжа – з вясковых юнакоў атрымліваюцца талковыя механізатары, механікі, якія на “ты” з сучаснай тэхнікай, нашпігаванай электронікай.

На жаль, сёлета колькасць вучняў у школе зменшылася да 64-х. Але як дадатны факт: у наступным навучальным годзе за парты тут сядуць васьмёра перша­класнікаў.

У класах вучняў нямнога, і ёсць магчымасць працаваць з кожным асобна. Як падкрэслівае Уладзімір Прыход, “сераднячок” у класе не згубіцца, настаўніцкай увагі атрымлівае ўдосталь, а з часам ужо і ў самога вочы загараюцца цікаўнасцю.

Трое дзяцей Уладзіміра Уладзіміравіча, які выкладае ў школе нямецкую мову, вучацца ў Воўчыне. Яго жонка працуе выхавальніцай у дзіцячым садку. Жыве сям’я Прыходаў у доме якраз насупраць школы. Таму яна не адпускае дырэктара ад сябе ні ў выхадныя, ні ў час водпуску. Тым не менш, ёсць у яго захапленні – футбол і тэніс, да чаго прыахвоціў дзяцей, любіць збіраць грыбы, пасядзець з вудай ля вадаёма, а яшчэ – пачытаць добрую кнігу, праўда, не электронную…

Галіна НОВІК. Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий