Дзмітровіцкая сярэдняя школа – нярэдкі госць на старонках раёнкі. Літаральна ў пазамінулым нумары выйшаў матэрыял, прысвечаны валанцёрскай дзейнасці мясцовых вучняў. Чым не нагода пазнаёміцца з гэтай навучальнай установай бліжэй? І пачнём мы з… падарожжа ў космас. А дакладней – на адну з нядаўна адкрытых планет.
“Планета дабра”
Такую назву носіць атрад міласэрнасці, што дзейнічае ў СШ з 2009 года. Вучні, якія ўваходзяць у яго, кіруюцца ў сваёй рабоце, такой патрэбнай і часам няпростай, шасцю запаведзямі, што гучаць так: рабі дабро, любі людзей і прабачай іх, знайдзі сваю мэту ў жыцці, спазнай сябе і свет, не губляй веры ў сябе, умей дарыць радасць людзям.
Васямнаццаць дзяўчат і два хлопцы з 5-11 класаў ахвотна і плённа робяць добрыя справы. І дапамагае ім у гэтым педагог-арганізатар, а адначасова настаўніца хіміі Алеся Назарук. Асноўны накірунак работы атрада міласэрнасці – патрыятычны. Не забываюць тут таксама пра здаровы лад жыцця і экалагічную культуру чалавека, як разумнага жыхара планеты Зямля.
Сярод апошніх карысных спраў валанцёраў Алеся Міхайлаўна называе дзве акцыі: падчас першай вучні прапаноўвалі пажылым жыхарам Дзмітровічаў сваю дапамогу па гаспадарцы (менавіта пра гэта раней расказвала “НК”), а другая паклікала неабыякавых дзяўчат і хлопцаў у аддзяленне сястрынскага догляду мясцовай амбулаторыі, дзе бабулі і дзядулі сустрэлі гасцей з паштоўкамі, кветкамі і канцэртам, як родных, любімых унукаў.
Наперадзе – яшчэ шмат спраў. Напрыклад, рыхтуюцца акцыі супраць курэння і СНІДу, прымеркаваныя да адпаведных дат.
З пытаннем “Навошта табе валанцёрства, калі можна бавіць час неяк інакш?” звярнулася да камандзіра атрада “Планета дабра”, 11-класніцы Таццяны Ятчук.
– Мне гэта цікава. Адчуваю, што валанцёрства – МОЙ занятак. Ён выключна важны для чалавека, для яго душы. Што можа быць прыемней, чым радасць, падораная людзям?
Акрамя таго, наш атрад дапамагае мне ўнесці ў сваё жыццё новыя яркія фарбы, разбавіць звыклыя школьныя будні. Цяпер у іх ёсць не толькі падручнікі і ўрокі…
З пятага класа з’яўляюся валанцёрам і ніводнага выпадку не было, каб пашкадавала аб гэтым.
Вось як жыве планета Дабра на планеце Зямля, а мы з вамі ідзем далей. Наступны прыпынак…
Гаспадыньчын дамок
Памяшканне, якое займае ён сёння, раней было звычайным складам. Толькі ў 2014 годзе тут пачалося новае жыццё. З’явілася ўсё неабходнае для таго, каб вучыць школьніц быць сапраўднымі гаспадынямі.
Пліта, халадзільнік, кухонныя шафкі з усім неабходным начыннем, мікрахвалёўка, нават мульціварка! Рай для кулінара. І жадаючых апрануць фартушок, завязаць хусцінку і, памыўшы рукі, узяцца за справу, хапае.
Раней вучаніцам 5-9 класаў Дзмітровіцкай СШ даводзілася падчас урокаў абслугоўваючай працы стукаць малаткамі разам з хлопчыкамі, цяпер жа да іх паслуг вельмі ўтульная куханька. А для юных швачак знойдуцца швейныя машынкі: нажная і электрычная.
За два сумешчаныя ўрокі пад чулым кіраўніцтвам настаўніка абслугоўваючай працы Жанны Дубовік дзяўчаткі паспяваюць стварыць кулінарны шэдэўр, на дэгустацыю якога пасля запрашаюць хлопчыкаў. Тыя частуюцца ды нахвальваюць, а потым з нецярпеннем чакаюць наступнага ўрока і новага пачастунку.
Паназірайце, як ладна спраўляюцца з блінцамі 9-класніцы Алёна Канівец (на першым плане) і Аляксандра Косік. Пакуль маленькія “сонейкі” пякуцца, Жанна Мікалаеўна паказвае, што куханька тут абсталяваная ўсім неабходным. Гэта ды талент юных гаспадынек прыводзяць да лагічнага завяршэння – бліны імгненна знікаюць з нашых талерак.
Пачаставаўшыся, можна накіравацца далей. І чакае нас сустрэча з рукадзельніцай-майстрыхай.
Народная вышыўка
Еўдакія Піліпаўна Чурак акуратна раскладае перад намі творы: свае і вучняў (некалі на працягу 5 гадоў яна вяла ў школе гурток, назва якога вынесена ў падзагаловак). Тут і ручнікі, і сурвэткі, і вязаны дыванок… Усё, акрамя апошняга, аздоблена цудоўнай вышыўкай, выглядае.
Майстрыха расказвае, што вышывае з 8 класа. Навучылася ад матулі і шасці старэйшых сясцёр. Ёсць у яе рукадзельнай скарбонцы і вышытыя карціны – вынік карпатлівай, шматгадзіннай працы.
– Люблю гэты занятак, – распавядае Еўдакія Піліпаўна. – І нервы супакойвае. І думкі добрыя ён прыводзіць.
Цяпер рукадзельніца асвойвае мярэжку, і, мяркуючы па адным з ужо гатовых ручнікоў, ёй любы від рукадзелля пад сілу.
Багаты вопыт мая суразмоўца паспяхова перадае дачцэ.
– Таня – выдатная майстрыха. Мяне даўно “пераплюнула”! – зазначае маці.
А гэта азначае, што народная вышыўка будзе жыць!
Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
Фоторепортаж. Районные соревнования «Снежный снайпер» в Каменце. День первый
-
Единый день информирования прошел в Высоковском аграрном колледже
-
С коллективами электрических сетей и представительства Белгосстрах по Каменецкому району состоялись диалоговые площадки
-
Ола – трагедия и боль белорусской нации
-
Адзіны дзень інфармавання насельніцтва прайшоў сёння ў СШ №1 Каменца імя Л.С. Паеўскага