Юля па прозвішчы Зайчык

Юля вучыцца ў 10 класе гімназіі Каменца. Першыя чатыры скончыла ў родных Дзмітровічах, а потым паспяхова здала неабходныя экзамены і атрымала ганаровае званне гімназісткі. А разам з ім – вучобу, вучобу і яшчэ раз вучобу, пра што не пашкадавала ні на імгненне. Дзяўчына ўжо вызначылася з тым, па якіх прадметах будзе здаваць ЦТ (грамадазнаўства, матэматыка, нямецкая і беларуская мовы), і цяпер паглыблена вывучае іх. З будучай прафесіяй не ўсё яшчэ акрэслена: вагаецца паміж эканамічнымі і юрыдычнымі спецыяльнасцямі.

Акрамя школы агульнаадукацыйнай, была ў жыцці Юлі яшчэ і музычная. Пазалетась скончыла яе па класе балалайкі. Пытаюся пра выбар інструмента і чую ў адказ пра традыцыю, заведзеную ў сям’і Зайчыкаў: усе дзяўчаткі з яе вучыліся музыцы і па просьбе мамы выбіралі інструменты так, каб разам скласці міні-аркестр. Самая старэйшая сястра Таццяна іграе на баяне (і вучыцца ў Акадэміі музыкі), наступная за ёю – Вікторыя – сумяшчае лірычнае фартэпіяна і рацыяналістычны фізмат БрДУ імя Пушкіна. А Юлі ў выніку засталіся на выбар гітара, домра і балалайка…

Усе дзяўчынкі, дарэчы, добра спяваюць, і на адным з этапаў конкурсу “Уладар сяла”, напрыклад, яны разам з бацькамі выканалі знакамітую “Белавежскую пушчу” і літаральна пакарылі слухачоў. А Юля, між іншым, спявае яшчэ і ў царкоўным хоры, якім кіруе Ганна Грушэўская.

Немалую частку свайго часу Юля Зайчык адводзіць здароваму ладу жыцця: ахвотна гуляе ў валейбол, рыхтуецца да турзлёта, пазбягае шкодных звычак… Увогуле, пра паходы яна гатовая расказваць гадзінамі, бо вельмі любіць усё, што з імі звязана: палаткі, начлег на прыродзе, прыгатаванне ежы на вогнішчы, спевы вакол яго ў кампаніі сяброў.

Не забывае мая суразмоўца і пра любімыя інтэлектуальныя гульні, яна ўваходзіць у гімназічную каманду “Граніт”, што мае ў сваёй скарбонцы нямала значных перамог. Акрамя таго, дзяўчына піша вершы, а яшчэ сама здымае і потым спрабуе манціраваць відэа (у планах нават адпаведныя курсы, каб у гэтым захапляльным занятку быць на вышыні).

З пятага класа Юля Зайчык з’яўляецца валанцёрам (цяпер – аднайменнага гуртка пры ЦДАДіМ Каменца). З усіх акцый з асаблівым хваляваннем узгадвае наведванне дзіцячага прытулку ў Пелішчы, дзе дзяўчатак у чырвоных майках сустракаюць, як родных, а потым ніяк не хочуць адпускаць. “Проста душа радуецца, калі бачу шчаслівыя ўсмешкі хлопчыкаў і дзяўчынак”, – расказвае Юля.

Як мага больш часу дзяўчына стараецца праводзіць з малодшай сястрычкай Дашай, з якой яны вельмі падобныя. Юля з радасцю дапамагае маме па гаспадарцы, майструе разам з ёю разнастайныя рэчы з папяровых трубачак, а калі прыязджаюць Таня і Віка, пячэ разам з імі нешта смачнае: “Графскія разваліны”, напрыклад.

Ёсць у Юлі і лепшыя сяброўкі – Насця Яноўская і Яна Герасімік. А ўвогуле мая суразмоўца ўмее падтрымліваць цёплыя адносіны з людзьмі. І гэта таксама талент. Адзін з многіх…

Бліц
Апошняя прачытаная кніга“Утраченный символ” Дэна Браўна (абавязкова ў папяровым варыянце!)
Кіно, якое пакінула шмат уражанняў,“Шерлок” і “Пятая волна” (фільм, заснаваны на рэальных падзеях).
Тры апошнія мелодыі з плэй-ліста ў тэлефонеЮ. Каравулава “Ты мой”, “Океан Ельзи” “Эверест”, П. Гагарына “Драмы больше нет”.

Настасся НАРЭЙКА. Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий