Солнце в волосах. Юлия Юрчук

Нярэдка здараюцца ў нашым жыцці пахмурныя дні з зацягнутым аблокамі небам, бясконцым капаценнем дажджу і рэзкімі парывамі ветру. Нехта ные з гэтай нагоды, нехта спрабуе ўбачыць “крыху сонца ў халоднай вадзе”, а нехта ЗАЎСЁДЫ нясе гэта сонца ў сабе, а дакладней – у сваіх валасах. Як камянчанка Юлія Юрчук, якой пашчасціла нарадзіцца вогненна-рыжай.

Юлия Юрчук
Юлия Юрчук

– Юлія, раскажыце, калі ласка, дзе нараджаюцца такія “дачушкі сонца”, як вы?
– О, на Століншчыне! Мая маленькая Радзіма – вёска Харомск.

– Што прывяло ў Камянецкі раён?
– Пасля заканчэння ў 2012 годзе Пінскага медыцынскага каледжа прыехала па размеркаванні ў мясцовую цэнтральную раённую бальніцу. Спярша была паставой медсястрой у хірургічным аддзяленні. Потым вызвалілася месца аперацыйнай медсястры, якая пайшла на заслужаны адпачынак. Пасля адпаведных курсаў у Брэсцкай абласной бальніцы мне даверылі гэтую работу, да якой прыступіла ў 2013-м.

– Якія абавязкі выконвае аперацыйная медсястра?
– Сочыць за стэрыльнасцю інструментаў, пералічвае іх перад аперацыяй і пасля. А таксама, зразумела, асісціруе хірургу.

– Ён гаворыць вам: “Скальпель!”, а вы перадаеце, як у кіно?
– Не зусім так. Я не чакаю слоў. У аперацыйнай увогуле пануе цішыня, бо хірург і медсястра – правераны часам і вопытам тандэм, удзельнікам якога няма неабходнасці нешта гаварыць.

– Ведаю, што зараз вы ў дэкрэтным адпачынку.
– Ужо два гады. Гадую дачушку Віку.

– Ваш муж таксама працуе ў медыцыне?
– Аляксандр – урач-хірург.

– Няўжо вы і пазнаёміліся ў аперацыйнай?!
– Не, гэта было інакш. Я тады прыйшла на першае сваё начное дзяжурства і ўбачыла яго. Памятаю: увайшоў такі суровы двухмятровы доктар… Потым ён літаральна зачараваў мяне сваёй галантнасцю.

– А вы яго, відаць, і рыжымі валасамі апроч іншага?
– Напэўна. (Усміхаецца.)

– Ад каго вы атрымалі іх у спадчыну?
– Ад абодвух бацькоў. Мая мама самарыжавалосая, адзіная сярод чатырох родных сясцёр. А па татавай лініі “дачкой сонца” была бабуля. Дарэчы, мой малодшы брат таксама рыжы, а вось малодшай сястры, на жаль, не пашанцавала.

– Як вас клікалі ў дзяцінстве?
– Мама і цётка – сонейкам. А тата ўвогуле спярша хацеў даць мне імя Святлана, ад слова “святло”.

– Ці дражнілі ў школе?
– Аднакласнікі – ніколі. А вось старэйшыя – здаралася. Што там гаварыць: нават мой стрыечны брат і той хадзіў за мной хвосцікам, кпіў: “Рыжая! Рыжая!” А потым у яго самога нарадзілася дачка з вогненнымі валасамі. Так яму і трэба! (Смяецца.) Жартую, вядома, але справядлівасць усё ж існуе.

– Маеце і неадменнае дапаўненне да рыжых валасаў – вяснушкі?
– А як жа. Зімою яны знікаюць, а вясною варта толькі некалькі дзён пабыць на сонцы – калі ласка, тут як тут!

– Спрабавалі вывесці?
– Ніколі! Калі б вяснушкі не пасавалі мне, вывела б. А так яны мне падабаюцца. Як і вейкі з брывамі такога ж самага рыжага колеру.

– Ніколі не ўзнікала жаданне пераўвасобіцца ў бландзінку ці брунетку?
– Некалькі разоў находзіла нешта такое, але думала не пра поўнае перафарбоўванне, а пра тое, каб дадаць у прычоску чорнага колеру. Потым гэта мінула.

– Як рэагуюць навакольныя на вашы валасы?
– Пытаюцца: ці натуральны колер, дзе і як фарбавалася. Я пастаянна наведваю адну і тую ж цырульню, там таксама цікавяцца.

– Не было думкі адмовіцца ад досыць доўгай касы на карысць моднай кароткай стрыжкі?
– Спрабавала неяк, але не спадабалася. Больш так не эксперыментую. Акрамя таго, муж забараняе. Гражуся часам: абрэжу! абрэжу! – ён адгаворвае.

Юлия Юрчук

– Ваша дачка пайшла колерам валасоў у вас?
– Не, у мужа. Саша жартуе нават: “Я прасіў у цябе рыжую дзяўчынку і цёмненькага хлопчыка, а ты пераблытала”. Дарэчы, Віка ўсіх жанчын з рыжымі валасамі, якіх бачыць па тэлевізары ці на вуліцы, называе мамай.

– Як падбіраеце гардэроб?
– Мае валасы сабе па сабе яркія, таму аддаю перавагу пастэльным адценням: светлым ружоваму, зялёнаму, сіняму. Не люблю вылучацца. Наўрад ці калі пайду некуды ў чырвоным, не люблю чорны і шэры колеры – яны сумныя і змрочныя. А яшчэ ў мяне ёсць мара – ізумрудная сукенка!

– Як бавіце вольны час, калі ён выпадае? Маеце хобі?
– За час свайго дэкрэтнага адпачынку якімі толькі відамі рукадзелля я не займалася! Майстравала тапіарыі, шыла… Люблю гатаваць, асабліва – торты. Кожны раз шукаю нешта новенькае ў Інтэрнэце і ажыццяўляю на практыцы. Акрамя таго, завочна атрымліваю вышэйшую адукацыю ў Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна. Буду сацыяльным педагогам.

– Чаму вырашылі зноў вучыцца?
– Мне заўсёды ўсё патрэбна. Сумна проста сядзець ў дэкрэце. Хочацца зносін з новымі людзьмі, новых ведаў. Патрэбна мэта.

– Магчыма, гэта ўплыў актыўнага колеру валасоў?
– Магчыма.

– Ці ёсць у вас сямейныя традыцыі?
– Усе разам дапамагаем свёкру на прысядзібным участку, агароднічаем. Любім ладзіць фотасесіі. Здаралася, едзем недзе, бачым прыгожы пейзаж і айда фатаграфавацца!

– І напрыканцы: якая ваша любімая пара года?
– Восень.

– А нарадзіліся вы…
– Восенню. У верасні.

– Хто б сумняваўся!

А ў вас ёсць сваё хатняе сонейка?

Настасся НАРЭЙКА. Фота з архіва сям’і Юрчукоў.

Добавить комментарий