“Е люды, а е людыска, е паны, а е паныска”

Яшчэ ў дзяцінстве я часта чула ад сваёй бабулі Веры Герасімаўны Філосаф выразы “пры Польшчы”, “як былі палякі”. Гэта заўсёды цікавіла мяне. Я з задавальненнем слухала аповеды пра жыццё людзей да вайны, пра паноў, дзіцячая і падлеткавая памяць убірала ў сябе яркія малюнкі колішняга жыцця…

Вера Герасімаўна Філосаф (дзявочае прозвішча – Пархоцік) нарадзілася ў маленькай вёсачцы Старышова, што месціцца амаль ля самага Каменца. Вярнуўшыся з бежанцтва ў Расіі, сям’я Пархоцікаў (бацька Герасім Андрэевіч, маці Алена Раманаўна і дзеці Мікалай і Вера) апынулася на тэрыторыі Польшчы. Таленавітай і разумнай Верачцы ўсе раілі вучыцца, але па-польску мая бабуля атрымліваць веды адмаўлялася, ды і грошай не было. Так і засталася з двума класамі рускай школы.

У Старышове ў той час жыло нямнога людзей, усяго адно вуліца з амаль дзясяткам дамоў. Праз дарогу (нельга разам з сялянамі) быў панскі маёнтак і панская зямля. Аднойчы Вера разам з маці паклалі сушыцца пабеленае палатно на панскай траве. Не кажучы ні слова, пан (яго прозвішча было нейкае кароткае, падобнае да нямецкага), парэзаў на маленькія кавалачкі цэлы звалек зрэбнай тканіны, а гэта – некалькі гадоў цяжкай працы за кроснамі.

Але казалі ў нашай мясцовасці, параўноўваючы злосных і добрых людзей: “е люды, а е людыска, е паны, а е паныска”. На змену злому “паныску” ў Старышове з’явіліся досыць добрыя і інтэлігентныя паны Васілеўскія. Старая Васілеўская хварэла на ногі і амаль не магла хадзіць, таму, калі Вера Пархоцік і Ілья Філосаф з Замастаў пабраліся шлюбам у царкве в.Мікалаева, пані запрасіла маладых да сябе, каб пабачыць прыгожае ўбранне нявесты, а ў падарунак дала гаршчок з мёдам, каб жыццё новай сям’і было салодкім.

Але паны панамі, але старышоўцы чакалі другой улады, рускай, як тады казалі, веры. Пра новае жыццё расказвалі камуністы і камсамольцы (КПЗБ і КСМЗБ). Герасім Пархоцік часам таемна ахвяраваў хоць маленькія грошы на барацьбу за новае жыццё, Веру запрашалі ў камсамол, але яна, шчырая верніца, ад гэтага адмовілася.

У вёсцы часта хаваліся ад пераследу польскай паліцыі падпольшчыкі. Так, аднойчы старышоўцы бачылі, як у вёску прыбег чалавек, за ім гналіся стражнікі з сабакам. Мужчына залез на густое дрэва і затаіўся там. Паліцэйскія аббеглі ўсе двары, але нікога падазронага не знайшлі. А чалавек (гэта, як гаварылі пасля, быў старшыня ячэйкі камуністаў з Каменца Скакунік) ціхенька злез і падаўся ў бок лесу. Аднойчы Вера Філосаф хавала ў сваёй хаце ад палякаў і камсамольца Лысковіча з вёскі Робенка.

У верасні 1939 года Васілеўскія, сабраўшы свой скарб, паехалі на фурманках у Польшчу. Старая пані сядзела на возе і плакала, хрысцячы злева направа сялян, прасіла ў іх прабачэння. Многія сяляне таксама плакалі і хрысцілі палякаў. Дарэчы, у 1944 годзе лёс звёў чырвонаармейца Мікалая Пархоціка (брата маёй бабулі Веры) і былога паніча Васілеўскага пад Варшавай. Абняліся мужчыны, пацалаваліся, пасля кожны ў сваім войску (а Васілеўскі быў у Войску Польскім) пайшлі біцца за польскую сталіцу.

У ціхую вёску Старышова прыйшла новая ўлада. Пісьменную і сумленную Веру Філосаф аднавяскоўцы выбралі дэпутатам Мікалаеўскага сельскага Савета. З нагоды выбараў у Мікалаеве былі наладжаны танцы. Пад вясёлую музыку кружыўся і Ілья Філосаф са сваёй жонкай Верай. Разам з імі тупацела і маленькая Тонечка, іх дачка і мая матуля. Здавалася, вось, яно “блізкае, яснае шчасце”. Але наперадзе былі новыя выпрабаванні. Пра іх і другі аповед.

Вера ФІЛОСАФ.

Фота з адкрытых крыніц.