Як у Каменцы лепшую сям’ю выбіралі…

На Камянеччыне сёння – 611 мнагадзетных сем’яў. Як вызначыць самую дружную, самую творчую, самую цікавую з іх? Няпроста! Але падчас раённага конкурсу “Лепшая мнагадзетная сям’я-2017” журы ўдалося справіцца з гэтай нялёгкай задачай. Як? Паназіраем…

За ганаровае званне 29 сакавіка на сцэне Камянецкага РДК змагаліся чатыры сям’і: Аляксандра і Святланы Дудар з Дзмітровічаў, Артура і Таццяны Цопа з Навасёлак, Міхаіла і Наталлі Мануілавых з Высокага (пра іх раёнка аднойчы ўжо пісала), а таксама Аляксандра і Дар’і Вакула з Каменца.

У першых дзвюх падрастаюць падрастаюць трое дзяцей (дзве дачкі ды сын і там, і там), у трэцяй – тры сыны і тры дачкі, у чацвёртай – тры дачкі і два сыны-блізняты).

У першым конкурсе, традыцыйнай візітцы, удзельнікі не толькі расказалі пра сябе з дапамогай фота- і відэапрэзентацый, песень ўласнага выканання і вершаў, але яшчэ і прадставілі ўласнаручна створаныя гербы сваіх сем’яў, на якіх кожны элемент меў сваё асаблівае сімвалічнае значэнне, а дэвіз перадаваў асноўную ідэю, на якой трымаецца сям’я.

Удзельнікі з Каменца, дарэчы, падрыхтавалі яшчэ і генеалагічнае дрэва, раскрыўшы ў працэсе яго стварэння нямала цікавых фактаў з жыцця сваіх продкаў па абедзвюх лініях…

Другі конкурс прапанаваў прэтэндэнтам на пачэсны тытул агульнымі намаганнямі намаляваць сямейны партрэт. Работа закіпела! Мануілавы абводзілі на паперы далонькі ўсіх членаў сям’і, Дудар пераносілі на яе дом сваёй мары… Галоўнае ж тое, што стваралі і дарослыя, і дзеці разам.

Падчас трэцяга конкурсу удзельнікі расказвалі пра свае таленты. Сям’я Дудар, напрыклад, можа пахваліцца татам, майстрам на ўсе рукі, які і альтанку зладзіў сам, і гаспадарку немалую трымае. Мама шые ды пляце з папяровых трубачак усё, што душа пажадае. А дзеці? Пераймаюць заняткі сваіх бацькоў і развіваюць уласныя таленты.

(У дзмітровічан, дарэчы, былая самая шыкоўная група падтрымкі.)

Сям’я Цопа прадставіла на суд гледачоў цырульніцкае майстэрства мамы і танцавальныя здольнасці старэйшай дачкі, а Мануілавы распавялі пра маміна рукадзелле, татаву майстравітасць, малюнкі дзяцей, якія на заканчэнне выканалі вясёлую песню.

А сям’я Вакула спярша пазнаёміла гледачоў з тым, якія працавітыя ды здольныя рукі ў таты, а потым запрасіла на спектакль хатняга лялечнага тэатра, у якім усё выканана сваімі сіламі: і лялькі, і дэкарацыі. Ролі ў казцы “Чырвоная шапачка” выконвалі дзяўчаткі, а малодшых хлопчыкаў з картоннымі сякерамі, што прыйшлі на дапамогу бабулі і яе ўнучцы, зала сустракала бурнымі апладысментамі.

Апошні конкурс быў самым смачным. Удзельнікі прапаноўвалі паспытаць свае любімыя сямейныя стравы. З запечаным гусаком на багатым стале суседнічалі хрушчы, жэле, бульбяны пірог, пельмені і “графскія разваліны”. Сям’я Вакула нават зняла сваё міні-кіно пра тое, як усе разам яны лепяць нядзельныя пельмені…

Журы конкурсу было нялёгка, але рашэнне ўсё ж прынята. Самай пазітыўнай сям’ёй прызнана сям’я Цупа, самай крэатыўнай – сям’я Дудар, самай музычнай – сям’я Мануі¬лавых, а пераможцам “Лепшай мнагадзетнай сям’ёй-2017” стала сям’я Вакула. Віншуем!

Арганізавалі такое цудоўнае свята ТЦСАН, раённыя аб’яднанне прафсаюзаў і Дом культуры. Спонсарамі выступілі райкамы прафсаюза работнікаў АПК і работнікаў адукацыі і навукі, прафсаюзная пярвічка Нацыянальнага парка “Белавежская пушча”, ТАА “Заходняе”, раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” і ГА “Беларускі саюз жанчын”.

Цудоўным аздабленнем конкурсу сталі выступленні Саны Салімавай і ўдзельнікаў студыі “Музычны падвал” Камянецкага РДК Леры Ралевіч, Міхаіла Стасевіча, Надзеі Бягені, Ягора Панасюка і скрыпачкі Юліі Ракуць (кіраўнік – святлана Сухарослава), а ў фае прадстаўлялі выставы сваіх вырабаў ЦДАДіМ Каменца, аддзяленні дзённага знаходжання для маладых інвалідаў і падылых людзей ТЦСАН.

Настасся НАРЭЙКА. Фота Аксаны ВЫСАГРОЦКАЙ.

Добавить комментарий