Як у адным чалавеку спалучаюцца жаноцкасць і сіла?

З першай старонкі сённяшняй раёнкі ўсміхаецца шчырай усмешкай прыгажуня Крысціна Калешка, ілюструючы сабою цудоўнае свята – Міжнародны дзень жанчын. Жанчына – гэта заўсёды прыгожа, а жанчына ў форме – прыгожа ўдвая. Памочніку пракурора Камянецкага раёна вельмі пасуе і сіні колер кіцеля з лейтэнанцкімі пагонамі, і яе няпростая, адказная прафесія. Вашай увазе – інтэрв’ю з ёю, сур’ёзнае і адначасова вясновае…

СУР’ЁЗНАЕ

– Крысціна, як жа становяцца супрацоўнікамі пракуратуры?
– У свой час я скончыла школу ў Высокім, адкуль родам, а пасля яе – юрыдычны факультэт міжнароднага ўніверсітэта “МІПСА” ў Мінску. Двойчы, пасля 3 і 4 курсаў, праходзіла практыку ў пракуратуры Брэста і зразумела: гэта тое, чым хачу займацца надалей. Паспяхова здала кваліфікацыйны экзамен і была ўнесена ў рэзерв кадраў пракуратуры нашай вобласці, пасля чаго заставалася чакаць вызвалення працоўнага месца. Прычым адправіць маглі ў любы раён Брэстчыны. Мне пашанцавала: пракуратуры роднага раёна спатрэбіўся спецыяліст.

– Калі прыступілі да выканання абавязкаў?
– Першага сакавіка мінулага года стала стажорам на пасадзе памочніка пракурора.

– Быў выпрабавальны тэрмін?
– Ён працягваўся 6 месяцаў і дапамог мне добра зарэкамендаваць сябе.

– Ваш класны чын?
– Юрыст 3 класа.

– Чым канкрэтна займаецеся?
– Працую ў чатырох накірунках. Першы – грамадзянска-судовы нагляд (як пракурор прымаю ўдзел у разглядзе грамадзянскіх спраў у судзе і правяраю законнасць судовых рашэнняў), другі – крымінальна-судовы нагляд (як дзяржаўны абвінаваўца падтрымліваю абвінавачванне), трэці – нагляд за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх (сачу за забеспячэннем правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх) і чацвёрты – кантроль крымінальна-выканаўчага заканадаўства (правяраю ўмовы, у якіх асуджаныя адбываюць пакаранне).

– Што імпануе вам у рабоце памочніка пракурора?
– Раней адказала б так: тое, што гэты занятак вельмі сур’ёзны і адказны. Цяпер дадам яшчэ вось што: мая работа рэалізуе мяне як чалавека, як юрыста, як спецыяліста. І гэта важна! Добра таксама тое, што не лічу з нецярпеннем гадзіны да канца працоўнага дня. Прынамсі, рабіць гэта проста няма калі. Звычайна ў мяне прыкладна адзін дзень на тыдзень бывае свабодным ад судовых пасяджэнняў. І новая справа заўсёды непрадказальная. Рыхтуешся да аднаго, а на справе сутыкаешся з абсалютна іншым. Напрыклад, падчас дасудовага расследавання чалавек прызнаваў сваю віну, а на пасяджэнні раптам пачаў адмаўляцца…

– А якія справы для вас былі асабліва цяжкімі псіхалагічна?
– Як і кожную жанчыну, напэўна, вельмі глыбока кранулі выпадкі пазбаўлення маці бацькоўскіх правоў. Высяленні з жылля – таксама. Крымінальныя справы таксама даюцца нялёгка. Павінна адзначыць, што работа ў пракуратуры моцна закаляе характар. Спярша ўсё прымала блізка да сэрца, успрымала вельмі эмацыянальна, прапускала праз сябе, а гэта – цяжка. Цяпер стараюся адасабляцца, жыць розумам.

– Можа, знайсці больш спакойную прафесію?
– О, не! Гэта – маё. Дарэчы, мой малодшы брат, 14-гадовы Данііл, ганарыцца маімі дасягненнямі, бачыла, як ён аднойчы цішком прымяраў мой кіцель. Калі вырашыць пайсці той жа прафесійнай сцежкай, што і я, буду падтрымліваць такое імкненне. Увогуле, мы – вельмі блізкія. Стараюся быць не строгай старэйшай сястрой, а сябрам. Разумею, узгадваючы свой працоўны вопыт, што сённяшнія падлеткі наўрад ці ўсё раскажуць бацькам.

– Пералічыце якасці, уласцівыя добраму памочніку пракурора.
– У сувязі з тым, што 26 чэрвеня сёлета пракуратуры Беларусі споўніцца 95 гадоў, праглядала гісторыю пракуратуры Камянецкага раёна. У прыватнасці, азнаёмілася з працай такіх пракурораў раёна і Высокага, як С.А. Якубоўскі, Сафонаў, С.Н. Нічыпарук, І.І. Мігун, П.Ф. Кірэенкаў, М.Я. Кашкоў, У.Ф. Здановіч, В.М. Барашкоў, Г.А. Сулкоўскі, В.Я. Паўловіч, І.Т. Грушэўскі, А.А. Лютаў. Усім ім былі ўласцівы адказнасць і акуратнасць ва ўсім. Тыя ж якасці выхоўваюць у сабе супрацоўнікі пракуратуры і сёння, я, безумоўна, таксама стараюся адпавядаць.

ВЯСНОВАЕ

– А якая яна, памочнік пракурора Крысціна Калешка, до­ма, без сіняй формы?
– Дамашняя (усміхаецца). У ружовым халаце, пад пушыстым пледам, з кубкам гарбаты з бергамотам. Люблю гаспадарыць, наводзіць утульнасць, гатаваць смачненькае. Некалі, помніцца, вышывала…

– Ці маеце хобі?
– Веласіпедныя прагулкі, калі надвор’е спрыяе. Увогуле ж 12 гадоў займалася каратэ кёкусінкай будо.

– Ці бавіце вольны час перад тэлевізарам?
– Рэдка. Часцей выкарыстоўваю яго як фон. Не люблю цішыню і ўключаю, напрыклад, калі гатую нешта. Гэта дадае ўтульнасці.

– Сябруеце з інтэрнэтам?
– Ён – вялікі памочнік. Раней як было: ідзеш на пасяджэнне суда і нясеш з сабою чамадан з кодэксамі, а цяпер вялікая колькасць звестак змяшчаецца ў мабільным тэлефоне. Зручна. Выкарыстоўваю інтэрнэт для прагляду навін, каб заўсёды быць у курсе таго, што адбываецца ў краіне.

– У чым, на вашу думку, сіла жанчыны?
– Гледзячы на маю любімую маму, магу вывесці простую формулу: жаночая сіла = жаночая мудрасць. Неабходна ўмець разумець, давяраць і прамаўчаць у патрэбны момант. З апошнім у мяне былі цяжкасці, пайшла характарам у тату, але работа навучыла мяне стрымліваць эмоцыі.

– Сапраўдная жанчына… Якая яна?
– Чулая.

– Жаночае шчасце заключаецца…
– …у тым, каб на рабоце і з блізкімі людзьмі ўсё было добра.

– Які лепшы падарунак для вас 8 Сакавіка?
– Цюльпаны. Прычым жоўтыя. Не веру ў тое, што яны – “вестники разлуки”. Цудоўныя кветкі, самыя вясновыя!

– Як віншуюць жанчын у пракуратуры Камянецкага раёна?
– Наш начальнік Алег Аляксандравіч Леванчук заходзіць у кабінет і паведамляе: “Крысціна Сяргееўна, нарада”. Я на аўтамаце бяру штодзённік, іду ў кабінет, а там… Усе нашы мужчыны, падарункі, усмешкі і віншаванні. Летась, напрыклад, акрамя цюльпанаў, атрымала цукарніцу. Відаць, каб жыццё было саладзейшым (усміхаецца).

Вось так у адным чалавеку спалучаюцца жаноцкасць і сіла…

Настасся НАРЭЙКА. Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий