Праз кіламетры два пасля з’езду з шашы Відамля – Высокае на гравейку водарам квітучага бэзу сустракае вёска, што мае цёзку ў тым жа сельсавеце.За весніцамі – дагледжаныя хаты і агароды, кучаравыя чубы малінніку. Тут адчуванне ўтульнасці, нібы прыехаў на пабыўку да бабулі.
Вясной Алешкавічы зусім не бязлюдныя, і нават на лавачцы пасля ранішніх турбот сабраліся суседзі – рэдкая па сённяшнім часе ідылія. Сяргей Жалнярук і Мікалай Кузьміч – колішнія аднакласнікі, іх жонкі – Ірына і Вольга – даўно сталі сяброўкамі, ды яшчэ і кумамі. Не даюць занудзіцца, зарасці быльнягом бацькоўскім сядзібам.
Мікалай з жонкай на пенсіі, у вёсцы амаль пастаянна, толькі на зіму перабіраюцца ў брэсцкую кватэру. Сяргей таксама пенсіянер, але яшчэ працуе ў горадзе, таму з Ірынай наведваюцца сюды ў выхадныя. Сяляне ж былымі не бываюць. Імпануе іх нязменная вернасць зямлі сваіх продкаў.
Не асірацелі тут і іншыя сядзібы.Некалькі дамоў былі куплены раней. Сёння на продаж таксама ёсць хата. Насамрэч, зімой тут толькі ў некалькіх дамах вечарамі запальваецца святло. І Алешкавічы жывуць чаканнем вясны, калі повязь з роднымі мясцінамі нязменна вядзе сюды дзяцей вёскі, якія так і не змаглі канчаткова стаць гараджанамі. Вязуць насенне, вырошчваюць бульбу і да бульбы на зіму – усё гэта мае асаблівы смак. Ёсць патрэба прайсціся басанож па цёплай зямлі, напіцца вады нагбом з вядра, сустрэць на парозе ціхі надвячорак.
– Дарма многія лічаць пераезд у вёску крокам назад. Але ж нехта аднойчы ўсведамляе, што горад заганяе ў рамкі, што жывеш па стандарту: дом – праца – дом. На пенсіі самы час дазволіць сабе перамены. А вёска як вяртанне да вытокаў, да лепшага, што ёсць у табе. Так, тут трэба працаваць. Аднак знаходзім асалоду ў той працы, разлічваем свае сілы, вось і на лавачцы разам збіраемся, што рэкамендуем усім, – выдатная рэлаксацыя, як сёння кажуць, – зазначае Вольга. – Цешымся ціхім размераным вясковым жыццём. Тут сон без снатворных сродкаў, тут нібыта сам па сабе зніжаецца артэрыяльны ціск.
Яна родам з суседніх Браневічаў, побач з якімі цячэ Лясная, там яшчэ адна бацькоўская сядзіба, што таксама патрабуе ўвагі.
Ірына, былая высакаўчанка, дадае:
– Тут гадаваліся нашы дзеці, за што мы дасюль удзячныя нашым бацькам-нябожчыкам, цяпер усё лета тут праводзяць нашы ўнукі. І вёска ажывае. Як можна не любіць такую мясціну. Верым, што гэту спадчыну будуць шанаваць і праўнукі.
Сёння ў Алешкавічах толькі двое вучняў, якія штораніцы школьным аўтобусам едуць у Відамлю. Ёсць некалькі чалавек працаздольнага ўзросту, што асталяваліся тут пазней у купленых хатах. Месца працы побач – на жывёлагадоўчай ферме.
Найстарэйшай жыхарцы – Марыі Мікалаеўне Кузьміч – у наступным годзе будзе 90. Кажа, што прайшла “ўсе мытарства”, – даглядала калгасных цялят, працавала ў паляводстве, агароднікам (на перапрацоўчыя прадпрыемствы калгас пастаўляў нямала капусты, агуркоў, памідораў і нават цыбулю). З той нагоды мая дасціпная суразмоўца згадвае, што зрэдчасу здараліся крадзяжы агародніны з поля, але тая “шкодная звычка” не была так распаўсюджана, як сёння, калі веласіпед на вуліцы наўрад ці пераначуе. А яшчэ – пра тое, што было прасцей аўтобусам даехаць да Каменца і Брэста. І тыя настальгічныя згадкі небеспадстаўныя.
Аўталаўка прыязджае ў вёску тры разы на тыдні (хоць зімой на пакупнікоў і дэфіцыт), купляць прадукты з запасам няма прычыны. Па самыя свежыя, дамашнія, нярэдка выбіраюцца “дачнікі” да Вольгі Хамук, якая даглядае ўласную жывёлу.
Жыве Вольга з дзецьмі воддаль вёскі, бліжэй да шашы. Як і Вера Васільеўна Крукоўская, ураджэнка Вуглян, што ў 1954-м прыехала на працу ў пачатковую школу ў Алешкавічы (тут і замуж выйшла). Было тады ў школе на дваіх настаўнікаў да сарака вучняў.Калі іх значна паменела і школу закрылі, перайшла ў Відамлю піянерважатай, затым зноў працавала з пачаткоўцамі. Сорак гадоў – яе агульны школьны стаж. Сёння на сваімзялёным падворку песціць курэй ды выглядае ў госці дачкуз зяцем з Брэста.
Хоць афіцыйна тыя аддаленыя сялібы лічацца Алешкавічамі, але гаспадыні называюць сябе хутаранамі. І ўкладваюць у тое слова асаблівы сэнс, бо адметнасці жыцця тут настройваюць на філасофскі лад.
Галіна НОВІК.
Фота Наталлі КАЎПАНЬКА.
Відамлянскі сельсавет
Это может быть интересно:
-
РЕДАКЦИЯ «НК» РАЗЫГРАЕТ 10 КЛАССНЫХ ПРИЗОВ ЗА ПОДПИСКУ НА ГАЗЕТУ!
-
«НК» проводит большой розыгрыш призов среди подписчиков! Правила рекламной игры
-
Сегодня завершается сбор подписей для выдвижения кандидатов в Президенты Республики Беларусь
-
В Каменецком районе образован 31 участок для голосования
-
ГДЕ И КОГДА В КАМЕНЕЦКОМ РАЙОНЕ ПРОЙДУТ ПИКЕТЫ ПО СБОРУ ПОДПИСЕЙ?