Пасля працяглага дажджу не кожны палетак гатовы прыняць тэхніку. Скарыстаўшы невялікае “акно” ў надакучлівай дажджавой завесе, Уладзімір Чыкідзюк выехаў на 36-гектарнае поле побач з Каленкавічамі, дзе на пачатку тыдня сеяў яравы ячмень, каб урэшце завяршыць тут працу.
Мажны трактар з дадатковай парай колаў спрытна паставіў “у радок” сеяльны агрэгат, разлічаны на 4 тоны насення ды мінеральных угнаенняў і здольны адначасова выраўняць глебу з дапамогай дыскаў, унесці ўгнаенні і пасеяць зерне на зададзеную глыбіню. Эканомія паліва відавочная.
Пасля таго, як адкрытае акцыянернае таварыства “Савушкін прадукт” год таму назад стала трымальнікам акцый ААТ “Каленкавічы”, сельгасработы тут вядуцца сумесна з гэтым вядомым перапрацоўчым прадпрыемствам, якое зацікаўлена ў надзейных пастаўках сыравіны – малака, а, значыць, у пашырэнні і якасці кармавой базы. Таму найпершымі пакупкамі для гаспадаркі сталі магутны кормаўборачны камбайн (650 конскіх сіл), пагрузчык Амкадор-352, збожжаўборачны камбайн КЗС-1218.
Сеяльны агрэгат (шырыня рабочага захопу 6 метраў) – яшчэ адзін з апошніх набыткаў у “Каленкавічах”. Электроннае абсталяванне дазваляе не толькі дакладна рэгуляваць глыбіню , на якую кладзецца зерне, але і расход насення і ўгнаення. Дарэчы прыйшлася абноўка вопытнаму Уладзіміру Чыкідзюку, які на ДжонДзіры здольны ўзяць на сябе львіную долю палявых работ. Праўда, кукурузу дадзены агрэгат не сее (менавіта кукурузай у гаспадарцы плануюць заняць 700 гектараў, з іх 100 – на зерне), але вясной і летам будзе заняты на сяўбе аднагадовых траў ды кармавых сумесяў. Магутны трактар даверылі Уладзіміру 12 гадоў назад, і дзякуючы “адным рукам” на свой узрост ён не выглядае. Зімой, калі яму даводзіцца падмяняць адпускнікоў, – перасядае на іншую тэхніку.
На пытанне, ці адчуваюцца перамены ў гаспадарцы (яе ўзначальвае Васілій Крапчук), зазначае, што прыметныя яны на мехдвары, дзе з’явілася новая тэхніка, што зніклі затрымкі зарплаты, фермы змяняюцца да непазнавальнага, распачаўся знос яшчэ адной старой фермы, на тым месцы будзе новы комплекс на 1 тыс. галоў жывёлы, а ў саміх Каленкавічах рыхтуюцца пляцоўкі пад будаўніцтва трох жылых дамоў сядзібнага тыпу…
Працуе Уладзімір у “Каленкавічах” ужо 18 гадоў, з таго часу, як пераехалі з Валыні на Беларусь.Механізатарскай справе вучыўся ва Украіне, у Любяшове. Яго жонка таксама 18 гадоў занята ў Вярховіцкай туббальніцы – яна лабарант.У Каленкавічах сям’я атрымала некалі жыллё ў дзвюхкватэрным катэджы, якое самі даводзілі да ладу, зрабілі зручным і ўтульным. Тут выраслі двое дзяцей Чыкідзюкоў, дачка ўжо студэнтка, сын – адзінаццацікласнік. Добрую навіну прынёс гаспадар дадому з агульнага сходу калектыву таварыства, які адбыўся 3 сакавіка: ужо заказана праектна-каштарысная дакументацыя ў адносінах газазабеспячэння квартала жылой забудовы аграгарадка Каленкавічы…
Галіна НОВІК. Фота Дзяніса ТРАЦЮКА.
Это может быть интересно:
-
Беларусь — на третьем месте в рейтинге стран Европы по прогнозируемому росту ВВП в 2024 году
-
Экономика растет с опережением прогнозных показателей
-
Агрогигант «Беловежский» подводит итоги очередного сельхозгода
-
Итоги сельхозгода Каменетчины подвел председатель райисполокма Виталий Кулак
-
В Беловежском сегодня чествовали передовиков аграрной отрасли