Галасуем упершыню

Для Дар’і Бычук з Каменца і Кацярыны Хілюціч з Белавежскага сёлетнія выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 28-га склікання – першыя ў жыцці. Як дзяўчаты рыхтуюцца да гэтай важнай для кожнага грамадзяніна Беларусі падзеі, яны расказалі напярэдадні 18 лютага.

Дар’я Бычук (здымак – на першай стар. «НК») вучыцца на 2 курсе медыцынскага каледжа ў Брэсце і сёння праходзіць практыку ў абласной бальніцы, выконваючы абавязкі медсястры хірургічнага аддзялення. Свой выбар прафесіі тлумачыць, у першую чаргу, імкненнем дапамагаць людзям і ні ў якой іншай галіне, акрамя медыцыны, сябе не бачыць. Ужо праз 5 месяцаў Даша скончыць навучанне і вернецца дадому, бо ў Камянецкай ЦРБ яе чакае першае працоўнае месца, гарантаванае мэтавым накіраваннем.
Пра першыя ў сваім жыцці выбары дзяўчына гаворыць з заўважным хваляваннем: “Гэта і незвычайна, і адказна адначасова. Ужо заўтра пайду на свой выбарчы ўчастак разам з бацькамі і малодшай сястрой, якой яшчэ толькі 17. Яна хвалюецца не менш за мяне, а я адчуваю сябе сапраўды дарослай”.
Калі пытаюся, якой бачыць Дар’я будучыню свайго роднага горада, яна гаворыць, што хацела б, каб Каменец стаў больш прывабным для моладзі ў плане культурнага адпачынку. “І дэпутатам, якія сёлета будуць абраныя, пад сілу зрабіць неабходныя крокі ў гэтым накірунку”, – зазначае дзяўчына.

* * *
Кацярына Хілюціч (на здымку) скончыла ў 2016-м Белавежскую СШ і цяпер вучыцца на 1 курсе Кракаўскага палітэхнікума імя Тадэвуша Касцюшкі. Яе спецыяльнасць – “Інжынерыя і тэхналогія хімічная”. “Мне гэта цікава, – тлумачыць дзяўчына свой прафесійны выбар. – Вывучаю новыя тэхналогіі, каб потым паспрабаваць укараніць іх на малой радзіме. У такім выпадку змагу зрабіць паспяховую кар’еру і ўдала пабудаваць сваё жыццё. Мару вярнуцца пасля вучобы ў родны аграгарадок…”
Першыя ў сваім жыцці выбары Каця лічыць уступленнем у дарослае жыццё, хвалюецца і разам з тым чакае гэтай падзеі:“Яшчэ дзяўчынкай назірала за тым, як мае бацькі хадзілі на выбарчы ўчастак, як потым старэйшая сястра галасавала ўпершыню. Цяпер прыйшоў мой час”.
Свой любімы Белавежскі Кацярына Хі­люціч бачыць у будучыні яшчэ больш сучасным, прыгожым і камфортным для жыцця. “У ім не бывае сумна. Вось толькі вельмі не хапае басейна”.
Няхай жа заўтрашні адказны дзень стане для дзяўчат сапраўдным святам даросласці і наблізіць здзяйсненне іх пажаданняў.

Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА.