22 лютага ў Брэсце адбыўся рэгіянальны фінал рэспубліканскага конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom». У ім спаборнічалі лепшыя чытальнікі з Брэста і Брэсцкай вобласці па выніках першага этапу конкурсу. Яны выканалі творы беларускіх аўтараў. 5 пераможцаў рэгіянальнага этапу ўзнагароджаны смартфонамі і будуць прадстаўляць Берасцейшчыну ў вялікім рэспубліканскім фінале конкурсу, які адбудзецца ў маі.
Удзельнікамі праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» у гэтым сезоне сталі вучні 7-8 класаў школ і гімназій з усёй Беларусі. На працягу 2 месяцаў рабяты запісвалі відэа, на якіх чыталі творы беларускай літаратуры і выкладвалі іх на свае асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках. Школьнікі з усёй Беларусі даслалі на конкурс 2048 відэа агульнай працягласцю больш за 45 гадзін. Па выніках першага этапу журы вызначыла па 30 лепшых чытальнікаў з кожнай вобласці і горада Мінска. З Брэсцкай вобласці на конкурс паступіла 280 відэапрац.
Рэгіянальны фінал у Брэсце прайшоў у школе №30. Галоўнае, што ацэньвала журы – выразнае і чыстае выкананне твора. Дадатковы напал спаборніцтва надаваў ліміт па працягласці выступлення для кожнага ўдзельніка – да 2 хвілін. У склад журы ўвайшлі пісьменніца Раіса Баравікова, кіраўнік групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі velcom Віктар Пазнякоў, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна горада Брэста Ірына Паўлючук, паэтка Маргарыта Латышкевіч.
Пераможцамі рэгіянальнага фіналу ў Брэсце сталі 5 канкурсантаў: Аляксандра Коцелева (сярэдняя школа №37 г. Брэста), Аляксандр Каляда (сярэдняя школа №24 г. Брэста), Крысціна Сліпчэнка (Малецкі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад-сярэдняя школа), Ангеліна Мішпількіна (Высокаўская сярэдняя школа), Елізавета Шчэрбацэвіч (гімназія г. Кобрына). Яны ўзнагароджаны смартфонамі і запрошаныя на рэспубліканскі фінал конкурсу.
Рэспубліканскі фінал конкурсу адбудзецца ў маі. Пяці лепшым юным чытальнікам краіны па яго выніках будуць уручаны смартфоны маркі Apple.