Сёлета, 24 мая, Уладзіміру Лявонцьевічу Бядулю споўнілася б 95 гадоў. Нікому ў Камянецкім раёне (ды і за яго межамі таксама) не трэба тлумачыць, хто гэты чалавек.
Раёнка неаднаразова пісала пра нашага вядомага земляка як пра дбайнага гаспадарніка, нязменнага на працягу 50 гадоў старшыню калгаса “Савецкая Беларусь”, грамадскага дзеяча і не так часта расказвала пра яго як пра бацьку, што выгадаваў, выправіў у дарослае жыццё сына і дзвюх дачок. Адна з іх, Людміла Бядуля, ласкава згадзілася падзяліцца з чытачамі “Навін Камянеччыны” сваімі ўспамінамі. Сёння яна жыве ў Брэсце.
– Якім бацькам быў Уладзімір Лявонцьевіч?
– Вядома, з цягам часу ўспамінаецца толькі добрае. Але калі задумацца ды сказаць зусім шчыра: бацька ў нас быў сапраўды выдатны! Вельмі ўважлівы, клапатлівы і добры. Наогул, на маю думку, дабрыня, шчодрасць і шчырасць былі самымі важнымі яго якасцямі.
– Вылучаў ён каго-небудзь са сваіх дзяцей?
– І да мяне, і да сястры Святланы, і да брата Валерыя тата адносіўся аднолькава, адначасова быў і патрабавальным, і паблажлівым. Розніца заключалася хіба толькі ў тым, што я была познім, самым малодшым дзіцем (з’явілася на свет, калі бацьку споўнілася 45), таму мне дасталася вялікая порцыя яго любові. Дарэчы, нас, дзяўчынак, тата рэдка называў па імёнах. Сястру – Светлячком, вытворнае ад слова “святло”, мяне – Людамір, варыянт імені Люда.
– Які жыццёвы ўрок бацькі запомніўся больш за ўсё?
– Напэўна, самы важны – само бацькава жыццё. Успамінаюцца нашы доўгія размовы-адкрыцці, нашы паездкі… У таты была адна традыцыя: ён мог пасадзіць мяне ў машыну – і мы разам ездзілі па палях і фермах. Гэта было вельмі цікава! Я, напрыклад, і сёння па выглядзе магу адрозніць пасевы пшаніцы, жыта і ячмяню, што ў многіх гараджан выклікае здзіўленне. А яшчэ з дзяцінства нашу ў сабе чыста сялянскае хваляванне, калі доўга няма дажджу, – перажываю, што дрэнны будзе ўраджай бульбы і цукровых буракоў…
– Узгадайце самы кранальны момант вашага дзяцінства, звязаны з татам.
– Насамрэч, такіх было шмат. Асабліва помняцца моманты, калі ўдавалася паехаць разам кудысьці далёка-далёка. Мабільных тэлефонаў тады не было, і ў доўгай дарозе тата належаў цалкам нам, сваёй сям’і. Помню яго анекдоты, гумарыстычныя і проста цікавыя аповеды на розныя тэмы. Яшчэ саграваюць мяне і сёння ўспаміны пра тое, як бацька знаходзіў у сваім шчыльным графіку час, каб сустрэць мяне з цягніка, калі вярталася з Мінска пасля асабліва цяжкай сесіі. І ў яго з сабою заўсёды была порцыя марожанага ці пачак пячэння з вакзальнага буфета.
– Тата караў за свавольствы?
– Не. Па-першае, ён мала знаходзіўся дома і, відаць, гэта яго мінала, а наша мама Анісья Трафімаўна была заўсёды-заўсёды побач, і, калі што, мы атрымлівалі наганяй ад яе. Па-другое, тата заўсёды нас хваліў, усяляк падтрымліваў, шкадаваў і песціў. Прычым усіх траіх.
– Якімі метадамі яго выхавання вы кіраваліся ў дачыненні да сваіх дзяцей?
– Вось гэтым, пералічаным вышэй, і кіруюся да гэтай пары. Наогул, мне здаецца, дзяцей важна проста любіць, не папракаць, падтрымліваць, быць побач ува ўсіх сэнсах і прымаць іх рознымі. А яшчэ важна жыць і ставіцца да людзей і родных з увагай і клопатам – гэта абавязкова вернецца бумерангам дабра, і ад уласных дзяцей у тым ліку. І яшчэ… патрэбна быць ПРЫКЛАДАМ. Ува ўсім. Калі жывеш паводле запаведзяў, хаця б стараешся, тады ўсё павінна атрымлівацца!
– Ці правяраў тата вашы дамашнія заданні і дзённік?
– Не правяраў, не рабіла гэтага і мама. Мы вучыліся самі. Падчас маіх школьных гадоў дзеці былі больш самастойныя, чым сёння, а школьная праграма давалася лягчэй і патрабавала стараннасці.
– Ці ўдзельнічаў ён у вашым выбары будучай прафесіі? Можа, марыў, што спыніцеся на сельскай гаспадарцы?
– Тата заўсёды пакідаў за намі, дзецьмі, права выбару ў розных пытаннях, у тым ліку і ў пошуку будучай прафесіі. Хутчэй мамін прыклад сыграў сваю ролю. Яна была ў школе настаўнікам біялогіі. Я таксама атрымала педагагічную адукацыю, але па спецыяльнасці не працую, хоць упэўнена, што настаўнік – адна з самых важных прафесій.
– Якім быў Уладзімір Лявонцьевіч дома? Прыносіў рабочыя праблемы ў сям’ю ці пакідаў іх за парогам?
– Дома тата быў спакойным і стомленым. Гэта зразумела, бо нагрузка была каласальная, працоўны дзень – ненармаваны, няштатных сітуацый – вельмі шмат. Помню, званкі па тэлефоне і ў дзверы чуліся і рана раніцай, і позна ўвечары. Здаралася, тату паднімалі нават ноччу, і ён ніколі не адмаўляў у дапамозе. Проста зрываўся і ішоў. Калектыў калгаса быў вялікі – больш за 500 чалавек, усіх пенсіянераў у ім лічылі сваімі, дапамагалі кожнаму.
Дома, помніцца, аб татавай рабоце гаварылі часта, ён нешта расказваў, раіўся, часам успыхвалі спрэчкі. Калі станавілася асабліва гучна, бацька аджартоўваўся: “Сварыцеся шэптам!” Наогул, пачуццё гумару, іронія, самаіронія – усё гэта было яго «каньком». Але толькі для разрадкі, каб пазбегнуць канфліктаў. У сур’ёзных справах здзіўлялі яго працаздольнасць і ўменне мабілізавацца. Нам у настаўленне тата паўтараў: “Калі нешта робіце, заўсёды думайце, як зрабіць гэта найлепшым чынам”. Не любіў спешкі ў справах, аб праблемах гаварыў мала, проста іх рашаў. У побытавым плане быў вельмі аскетычным і ў першую чаргу культываваў духоўныя каштоўнасці. Помню, як слушна зазначаў: “Самы правільны шлях – калі людзі ідуць насустрач адзін аднаму”.
– Якім вы памятаеце дом вашага дзяцінства? Ці існуе ён зараз? Бываеце там?
– Дом дзяцінства… Шмат святла, утульнасць, смачная ежа, родныя людзі, суседзі ў гасцях, шмат жывёлы ў гаспадарцы. Наш дом існуе, у ім жывуць іншыя людзі, і я часам з трапятаннем праязджаю міма… Ён здаецца маленькім, але вельмі блізкім і цёплым.
– Як бацька ставіўся да вашай мамы?
– Вельмі добра. Яны пражылі разам амаль 60 гадоў. Матулі не стала праз 2,5 месяцы пасля сыходу таты ў іншы свет. Часам мне здаецца, што гэты факт пацвярджае асаблівую блізкасць і сугучнасць думак у іх зямных адносінах.
– Што ўяўляла сабой знаёмства вашага будучага мужа з бацькам? Экзамен? Сяброўскую гутарку?
– Менавіта момант знаёмства не прыгадаю, але гэта быў не экзамен дакладна! (Усміхаецца.) Ганаруся і рада таму, што між імі двума склаліся добрыя адносіны, заснаваныя на паразуменні і ўзаемапавазе.
– Якім дзядулем быў Уладзімір Лявонцьевіч?
– Выдатным! Унукаў у яго пяцёра. Тата вельмі ганарыўся сваім адзіным праўнучкам Арсеніем, якога жартаўліва называў “галоўным”. Заўсёды з вялікім задавальненнем гасцяваў у нас, усе святы па магчымасці мы праводзілі разам.
– Чула пра тое, што ў канцы жыццёвага шляху Уладзімір Бядуля марыў напісаць кнігу пра сваё жыццё. Ці атрымалася гэта?
– Сам не напісаў, але амаль да апошняга быў актыўным – увесь у справах, усё часу яму не хапала. Увогуле ж, у 2016 годзе выйшла кніга «Летающий мужик», у 2020-м – мастацка-дакументальны фільм. Мы вельмі ўдзячныя аўтарам гэтых хронік! Думаю, пра тату яшчэ доўга будуць пісаць і гаварыць. Ён быў чалавекам таленавітым, адважным, шчырым… Плануем сістэматызаваць усе матэрыялы пра яго, дакументы, фатаграфіі, частку перадаць у музеі і архівы.
– Як гэта – быць дачкой самога Уладзіміра Бядулі?
– Гэта вялікае шчасце і вялікая адказнасць!
Настасся НАРЭЙКА.
АД “НК”
Уладзімір Лявонцьевіч Бядуля нарадзіўся 24 мая 1927 года ў вёсцы Падомша. Скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (эканамічны факультэт). Вярнуўся працаваць на ма-
лую радзіму і 21 лютага 1956 года быў абраны старшынёй калгаса “Савецкая Беларусь”, які ўзначальваў 50 гадоў (з 1956-га да 2006-га). Дэлегат 2 з’ездаў КПСС і 2 Усесаюзных з’ездаў калгаснікаў, народны дэпутат Саюза ССР, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 2 скліканняў, член праўлення Савецкага фонду міру, Савета Рэс-
публікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны 2 ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, “Знак Пашаны”, Францыска Скарыны, ордэнам Айчыны III ступені, медалямі. Пайшоў з жыцця 29 ліпеня 2017 года ў Расне на 91-м годзе жыцця. Адпявалі яго там жа, у Свята-Міхайлаўскай царкве, якую ён паспеў пабудаваць незадоўга да смерці.
Это может быть интересно:
-
В Нацбанке объяснили причину технического сбоя с банковскими картами
-
От Став до Мачулищ: смотрим, как живет каменецкая торговля на селе
-
Что не так с водой в Беловежском? С ситуацией разбирались местные власти
-
Очередь под дождем: покупатель возмущен работой районной аптеки
-
Компенсация за испорченную технику: куда обращаться и что делать