Вазьму твой боль

Не, гаворка далей пойдзе зусім не пра вядомы твор Івана Шамякіна з такой назвай. Кнігі кнігамі, а мы пагутарым сёння аб жыцці. І суразмоўцамі маімі будуць людзі, увесь сэнс штодзённай работы якіх лёгка ўкладваецца ў тры словы, вынесеныя ў загаловак. Віктар Каліш і Уладзімір Майсюк нямала гадоў і сіл аддалі аддзяленню рэанімацыі і анестэзіялогіі Камянецкай ЦРБ і на справе, а не з чужых слоў ведаюць, якая прывідная мяжа раздзяляе жыццё і смерць.

З нагоды 20-годдзя ўтварэння аддзялення Віктар Сцяпанавіч і Уладзімір Уладзіміравіч згадзіліся адказаць на мае пытанні. І пачнём мы, зразумела, па старшынстве…

“НЯМА НІЧОГА ЛЕПШАГА, ЧЫМ ДАПАМАГАЦЬ ЛЮДЗЯМ”

Жыццёвы шлях Віктара Сцяпанавіча КАЛІША пачаўся недалёка ад Камянеччыны – у Кобрынскім раёне. Дзіцячыя гады, школа – усё, як ува ўсіх. Пасля было Брэсцкае медыцынскае вучылішча, за ім – служба ў арміі, а потым – першыя крокі ў душой абранай прафесіі.

Віктар Сцяпанавіч Калiш
Віктар Сцяпанавіч Калiш

У 1969-м Віктар Сцяпанавіч стаў анестэзістам адкрытага ў тым жа годзе аддзялення рэанімацыі Брэсцкай абласной бальніцы. Вялікі горад мог надоўга затрымаць у сабе працавітага спецыяліста, але лёс распарадзіўся іначай… Ён звёў маладога чалавека з нашай зямлячкай – камянчанкай Галінай Пятроўнай, якая ў хуткім часе і жонкай яму стала (вернай, на ўсё жыццё), і ў родныя мясціны мужа перавезла. Так і склалася медыцынска-педагагічная сям’я…

Віктар Сцяпанавіч скончыў Гродненскі медыцынскі інстытут і ў 1977 годзе стаў урачом анестэзіёлагам-рэаніматолагам Камянецкай ЦРБ. Адпаведнага аддзялення тады яшчэ не было, але, калі ў 1996-м яно адкрылася, пытанне аб тым, каму быць загадчыкам, нават не стаяла. Толькі ён!

Тады, 20 гадоў таму, ложкаў у аддзяленні было столькі ж, колькі і цяпер, – 6, але вось плошчу аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі займала меншую – дзве палаты на тэрыторыі сучаснага дзіцячага. У падмогу Віктару Сцяпанавічу і яго адзінаму калегу Міраславу Надзіеўскаму пачалі набіраць штат сястрычак, абзавяліся таксама неабходным абсталяваннем. Дарэчы, менавіта ў гэтым аддзяленні пачынаў свой працоўны шлях сённяшні галоўны ўрач Камянецкай ЦРБ Іван Карасінскі.

Пасля выхаду на пенсію Віктар Сцяпанавіч 2 гады яшчэ працаваў на “хуткай”, потым некаторы час загадваў аргметодкабінетам – трымала, не адпускала бальніца, да якой прыкіпеў душою. Цяпер ён адпачывае, але ўсё адно, па старой добрай звычцы застаецца на сувязі з родным аддзяленнем – аўсёды гатовы дапамагачы парадай. Ды і яго не забываюць – заўсёды запрашаюць на Дзень медыка, не пакінулі без увагі і падчас святкавання юбілею аддзялення сёлета.

Дачка Віктара Сцяпанавіча Алена Юшкевіч, дарэчы, пераняла ад любімага таты справу яго жыцця і працуе сёння ў Камянецкай ЦРБ. Яна – намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі.
Радуюць дзядулю і ўнучкі: старэйшая Лізавета паступіла сёлета ў Гродненскі педагагічны ўніверсітэт (магчыма, бабулін прыклад?), а малодшая Ксенія перайшлаў 5 клас (яна – дзяўчынка рознабаковая, і маляваннем захапляецца, і бісерапляценнем, і з камп’ютарам на “ты”).

Цяпер, калі вольнага часу стала крыху больш, Віктар Сцяпанавіч узяўся перачытваць любімыя кнігі (разам з жонкай, дарэчы). Сярод аўтараў, што найбольш уразілі раней і не расчаравалі цяпер, ён называе Вальтэра Скота і Валянціна Пікуля. Паважае таксама гістарычныя раманы і з сумам у голасе адзначае, што сёння, на жаль, добрую кнігу на прылаўку магазіна сустрэнеш рэдка…

Віктар Сцяпанавіч – часты госць таксама і ў газетным кіёску, дзе набывае перыёдыку. Шмат што выпісвае: “Аргументы и факты”, а таксама, прыемна адзначыць, – раёнку… З радасцю дапамагае дачцэ на прысядзібным участку, мае з жонкай невялікі агародчык і пры доме.

– Калі б у вас спыталі, ці варта абіраць прафесію ўрача, што вы адказалі б?
– Маеш пакліканне, цягу працаваць у гэтай галіне, хоць маленькае жаданне нават – выбірай! Вось што я сказаў бы. Няма нічога лепшага на свеце, чым дапамагаць людзям.

Наша прафесія нялёгкая, але куды без яе? Радуюся, калі назіраю за тым, што адбываецца сёння ў Беларусі. Прааналізаваўшы вынікі ўступнай кампаніі, можна зрабіць выснову: на першым месцы ў абітурыентаў сёлета былі тэхнічныя спецыяльнасці, а на другім – медыцынскія.

– Чаму так? Як думаеце?
– Паўплывала, відаць, тое, што дзяржава павярнулася тварам да медыцыны. Пабудаваны новыя бальніцы, закуплена сучаснае абсталяванне, робяцца ў Беларусі складаныя аперацыі, пра якія раней можна было толькі марыць.

– Як ставіцеся да вядомага выказвання “ўрачы – не богі”? Ці шмат, на вашу думку, залежыць ад іх?
– Безумоўна, ад нас залежыць многае. Але здароўе таксама і ў руках самога чалавека. Даводзіцца канстатаваць, што сёння многія безадказна ставяцца да самага дарагога ў сваім жыцці. Звяртаюцца па дапамогу тады, калі ўжо позна. Медыцына, зразумела, не стаіць на месцы, але ўважлівым трэба быць кожнаму і заўсёды.

– Ці даводзілася вам сутыкацца на рабоце з тым, што прынята называць “цудам”?
– Рознае здаралася. Было некалькі выпадкаў, калі чалавек, што знаходзіўся на мяжы, ішоў на папраўку. Гэта вельмі радавала. Увогуле, працаваць у рэанімацыі няпроста. Яна – такое месца, куды ідуць усе цяжкія хворыя. Іншым аддзяленням у гэтым сэнсе лягчэй.

– Чаго пажадаеце сваім калегам з нагоды 20¬годдзя аддзялення, якому аддалі нямала гадоў і душэўных сіл?
– Галоўнае – моцнага здароўя. А яшчэ – зладжанасці ў рабоце і з’яднанасці ў калектыве. Гэта – аснова.

“ШМАТГРАННА. ЦІКАВА. АДКАЗНА”

Наступны мой суразмоўца Уладзімір Уладзіміравіч МАЙСЮК родам з вёскі Нароўшчына. У 1981 годзе скончыў СШ №1 у Каменцы, у 1985-м – Брэсцкае медыцынскае вучылішча. Асновай будучай прафесіі стала школьнае захапленне біялогіяй. “Прэпарыраваў жаб…” – узгадвае мой суразмоўца.

Урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Андрэй Шумко  (злева), урач-ардынатар Міраслаў Надзіеўскі (справа), загадчык аддзялення рэанімацыі і анестэзіялогіі Уладзімір Майсюк (у цэнтры)
Урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Андрэй Шумко (злева), урач-ардынатар Міраслаў Надзіеўскі (справа), загадчык аддзялення рэанімацыі і анестэзіялогіі Уладзімір Майсюк (у цэнтры)

Пасля службы ў арміі, якая не адбіла ахвоту спазваць таямнічы свет медыцыны, Уладзімір Майсюк паступіў у Мінскі дзяржаўны медуніверсітэт, пасля якога праходзіў інтэрнатуру ў Камянецкай ЦРБ.

Потым былі 6 гадоў, праведзеных у паліклініцы, дзе Уладзімір Уладзіміравіч паспяхова выконваў абавязкі ўрача-хірурга. А далей… Прыйшоў 1999-ы. І літаральна на мяжы двух тысячагоддзяў мой суразмоўца стаў урачом-ардынатарам аддзялення рэанімацыі і анестэзіялогіі. 17 гадоў ён аддаў рабоце тут і 7 з іх з’яўляецца загадчыкам. Мае першую кваліфікацыйную катэгорыю. Работу ў сваім няпростым адзяленні, роўным па чысціні аперацыйнай, характарызуе так: “Шматгранная, цікавая, адказная”.

– Псіхалагічная нагрузка тут немалая, – заўважае Уладзімір Уладзіміравіч, і яму верыш. – Смерць увогуле – рэч неардынарная, яна – стрэс для ўсіх: і родных пацыента, і медыкаў.

Сёння ў Уладзіміра Уладзіміравіча 19 падначаленых. Аддзяленне, якое ён апякае, разлічана на 6 ложкаў. Загружанасць яго – 99-100%. Сюды паступаюць усе хворыя ў цяжкім стане незалежна ад узросту: “ад нуля да бясконцасці”, як зазначае мой суразмоўца. Потым, калі ім становіцца лягчэй, пацыентаў пераводзяць у іншыя аддзяленні. Лятальнасць у рэанімацыі апошнім часам знізілася, што не можа не радаваць, – з 17 да 11 праміле. Ёсць у гэтым, безумоўна, заслуга персаналу, падмогай якому становяцца новыя тэхналогіі.

– Для свайго ўзроўню мы добра забяспечаны ўсім неабходным, – дзеліцца Уладзімір Уладзіміравіч. – Маем сучасныя дыхальныя апараты, апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх для аперацыйнай… Увогуле, адміністрацыя чуе нас, а гэта каштоўна. Свае мэты і задачы аддзяленне выконвае.

Сямейнае шчасце Уладзіміра Уладзіміравіча склалася, дарэчы, таксама не без непасрэднага ўдзелу Спадарыні Медыцыны. Яго жонка Валянціна Вітальеўна працуе ў Камянецкай ЦРБ, загадвае гінекалагічным аддзяленнем.

– У нас была студэнцкая сям’я. Пабраліся шлюбам падчас вучобы, тады ж і дачка нарадзілася, – узгадвае Уладзімір Майсюк.

І мяне чамусьці зусім не здзіўляе той факт, што яна не пазбегла свайго лёсу (шчаслівага!), вырашыла пайсці сцежкай, якую аблюбавалі бацькі, скончыла Гомельскі медінстытут і знайшла работу ў Брэсце.
Сын Майсюкоў хутка заканчвае школу… Тут пакуль паставім шматкроп’е.

Для інтэрв’ю мне давялося, так бы мовіць, “выцягнуць” Уладзіміра Уладзіміравіча з адпачынку. Распытваю, зразумела ж, як ён праходзіць. Мой суразмоўца пералічвае тры складнікі свайго ідэальнага водпуску: рыбалка, “ціхае паляванне”, падарожжы. Апошняе, дарэчы, – у Балгарыю.

Напрыканцы размовы задаю Уладзіміру Уладзіміравічу тыя ж самыя крыху філасофскія пытанні…

– Як ставіцеся да вядомага выказвання “ўрачы – не богі”?
– Згодзен з ім. Увогуле ў кожнага чалавека, калі можна так сказаць, свая “пласцінка”. Мы, урачы, можам крышку падоўжыць яе “гучанне”, але не ўсё, на жаль, залежыць ад нас. Нямала фактараў уплывае на чалавечае жыццё.

– Ці даводзілася вам сутыкацца на рабоце з тым, што прынята называць “цудам”?
– Здараліся выпадкі, калі мы дапамагалі ў, здавалася б, бязвыхаднай сітуацыі. А ўвогуле на курсах ад калег чуў самыя незвычайныя гісторыі. Прынамсі, тое, што сёння магчыма трансплантацыя органаў, напрыклад, – ужо цуд. За апошнія 20 гадоў медыцына зрабіла вялікі крок наперад у плане павышэння ўзроўню адукацыі спецыялістаў, развіцця новых тэхналогій і аснашчэння ўстаноў аховы здароўя. Мы дапамагаем і будзем старацца дапамагаць…

Кажуць, для ўрача чужога болю не бывае. Асабліва для таго, які побач з пацыентам у самы цяжкі час яго хваробы. Няхай жа яшчэ часцей сцежка з рэанімацыі Камянецкай ЦРБ вядзе людзей да выздараўлення!

Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий