“Ніколі і нікому не аддавай свайго сэрца”. Слых раптоўна выхапіў гэтыя словы з гутаркі выпадковых, абсалютна не знаёмых мне людзей, што сядзелі побач у перапоўненай зале чакання вакзала, і ад такой неспадзяванкі з рук маіх ледзь не выпаў просценькі, танны кулончык у форме сэрца, знойдзены ў нетрах непад’ёмнай, як заўсёды, сумкі.

Я зразумела тады, што гэтыя словы адрасаваныя непасрэдна мне. Як адказ на вечнае пытанне, якім усе мы задаёмся, калі прыходзіць наш час. Вось толькі… згадзіцца з ім поўнасцю я не магла, і сведчаннем было гэтае маленькае сэрца ў маіх нечакана ледзяных пальцах ды яшчэ два іншых, гісторыі якіх надоўга захавае памяць.

Сэрца першае. Ад феі-хроснай

Маю на ўвазе той самы кулон, просценькі, зусім танны, з яркім сінім каменем (вядома ж, зусім не каштоўным). Яго падарыла мне на дзень нараджэння (здаецца, дванаццаты па ліку) мая хросная маці Ірына. Я называла яе феяй (у думках, безумоўна), і падставы для таго былі самыя сур’ёзныя. Узяць хаця б тое, што хросная працавала там, дзе выпускалі… торты з марожанага – мару любога дзіцяці! Акрамя таго, з ёй заўсёды было вельмі проста і цікава, як з сяброўкай-аднагодкай…

Кулон у форме сэрца стаў першым у маім жыцці ўпрыгажэннем, з якога пачалася даволі вялікая сёння “калекцыя”. Яна захоўваецца ў шкатулцы, упрыгожанай кветкамі з саломкі, і да гэтай пары папаўняецца дзякуючы добрай памяці сяброў, якія выдатна ведаюць, што лепшы падарунак для мяне (пасля кнігі і прыгожага сшытка фармату А4) – біжутэрыя.

Мінула нямала часу, але “сардэчны” кулон феі-хроснай стойка вытрымаў выпрабаванне гадамі. Ён – як новы! І захоўваецца ў шкатулцы, нагадваючы мне пра тое, што сэрца МОЖНА дарыць. Часам я вымаю яго, нанізваю на новы ланцужок (стары пачарнеў) і нашу. Мне з ім неяк… цяплей, ці што. Сэрца з сінім каменьчыкам нагадвае, што недзе вельмі блізка жыве мая фея-хросная. І хто ведае, ці не прыпасла яна для мяне хрустальныя туфлікі, якія, як у дзяцінстве, прывядуць да маёй мары?

Другое. “Валянцінка” ад Валянціна

Гэты хлопчык з павагай ставіўся да свайго даволі рэдкага імя і прасіў выкарыстоўваць у размове толькі поўную яго форму. Мы займаліся ў адным і тым жа гуртку, часам ішлі дадому з цэнтра пазашкольнай работы разам (жылі побач) і ў многім былі падобныя паміж сабой: любілі беларускую мову, пісалі вершы і марылі зрабіць паэзію прафесіяй…

Сяброўства працягвалася амаль два гады, а потым… Аднойчы падчас мерапрыемства ў ЦПР (цяпер не згадаю, якога) мяне нечакана паклікалі на сцэну актавай залы і ўручылі “валянцінку”. У папяровым сэрцайку былі напісаны ўсяго тры словы “Насці ад Мяне”. Па почырку я адразу пазнала гэтага таямнічага “Мяне” і… спужалася. То была першая “валянцінка” ў маім жыцці!

Помню, як села, як перачытвала напісанае няроўным почыркам сябра (толькі сябра!) і думала: “Што рабіць?” А далей… Мы зноў ішлі дадому разам, я прама задала пытанне, на якое і так ведала адказ. Хлопчык не адмаўляўся, што сведчыла пра смеласць, якую я і раней ведала ў ім. Здаецца, я тады проста падзякавала Валянціну, і ён усё зразумеў сам…

За лютым прыйшоў сакавік, за вясной – лета і гарачая пара ўступных экзаменаў у ВНУ. Я пераехала ў інтэрнат у Мінск, а ён працягваў вучыцца ў школе (быў крыху маладзейшы за мяне). Ужо будучы студэнткай, не адзін раз прыходзіла ў свой гурток, каб расказаць такім, як я некалі, пачаткоўцам пра правілы паступлення на журфак, і заўсёды пыталася пра яго.

Ён быў і застаўся для мяне толькі сябрам, а пра тое падоранае сэрцайка з паперы помню і сёння. Яно не згубілася. І не згубіцца. Я ведаю.

Трэцяе. Музычнае

На пятым курсе ўніверсітэта мне не далі пакой у інтэрнаце, і таму давялося здымаць кватэру. Пасля вясёлага жыцця студэнцкай “камуналкі” было, прызнацца, досыць сумнавата, таму я выкарыстоўвала любую магчымасць выбрацца за межы мінскай Серабранкі, асабліва з сяброўкамі.

Вось і ў той дзень мы выправіліся на спектакль “Снягурка” па Астроўскім, які ставілі на філалагічным факультэце БДУ. Нічога асаблівага, прызнацца, не чакалі, але… Спектакль па добра ўсім вядомай п’есе быў пераўтвораны таленавітымі студэнтамі ў… сапраўдную рок-оперу. Прычым у класічны тэкст на дзіва гарманічна ўпляталія песні “Арыі”. З творчасцю гэтага гурта ў нас, дзяўчат, была адна асацыяцыя: жах. І як жа мы памыліліся!

Такіх галасоў я нідзе і ніколі больш не чула, а ад тэкстаў песень мурашкі беглі па спіне цэлымі арміямі. Тут былі, здаецца, і “Я свободен”, і “Беспечный ангел”, і “Потерянный рай”, і… “Возьми мое сердце”. Апошняя песня стала фінальнай для ўсяго спектакля.

Сказаць, што мы выйшлі з актавай залы іншымі людзьмі ў той вечар, значыць, не сказаць нічога. Усю дарогу маўчалі, перапоўненыя словамі і няздольныя прамовіць іх. Мы “взяли” тое каштоўнае сэрца музыкі, якое прапаноўвалі нам акцёры-спевакі. Яно і цяпер ува мне. Не трэба трымаць яго ў шкатулцы ці старым дзённіку, спісаным да апошняй старонкі. Яно ўва мне да гэтай пары…

“Ніколі і нікому не аддавай свайго сэрца”, – сказала жанчына ў зале чакання вакзала і не памылілася. Сапраўды. Не аддавай – ПАДАРЫ.

Добавить комментарий