«Важна захаваць эканоміку, стабільную зарплату і сацыяльныя гарантыі для людзей”

Упершыню буду браць удзел у такім маштабным форуме, як Усебеларускі народны сход. Хоць да той падзеі яшчэ ёсць некалькі дзён, але ўжо сёння адчуваю хваляванне, бо і мне выпала адказная місія прадстаўляць родную Камянеччыну на сходзе. Перапоўнена чаканнямі: там можна будзе пачуць меркаванне народа, самой сказаць аб тым, што хвалюе, планаваць перспектыву.

 Вёска адрозніваецца ад ранейшай, але…

Хвалюе мяне неабходнасць павышэння якасці жыцця людзей у вёсцы, бо наш раён сельскагаспадарчы. Вядома, многія сучасныя вёскі сёння значна адрозніваюцца ад тых, якія мы бачылі гадоў трыццаць назад. Асабліва ў адносінах інфраструктуры і добраўпарадкавання змяніліся сённяшнія аграгарадкі. І ўсё ж патрабуе карэкціроўкі, напрыклад, жыллёвая палітыка. Ведаю меркаванні другіх дэлегатаў: многія са мной у гэтым згодныя. Бо каб утрымаць моладзь у сельскай мясцовасці, недастаткова прапанаваць рабочае месца. І нават высокая зарплата не заўжды будзе аргументам. У наступную пяцігодку намаганні дзяржавы трэба накіраваць у тым ліку на будаўніцтва жылля, стварэнне ўмоў для гэтага – прадастаўленне маладым спецыялістам ільготных крэдытаў.

Сацыяльная сфера тут не павінна адставаць у развіцці: па магчымасці трэба захоўваць аддзяленні пошты, банкаў, прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. Імкнуцца да таго, каб і ў аддаленай ад райцэнтра вёсцы людзі не мелі недахопу ні ў чым.

Атрымаць бы прафесію ў школе

Хачу ўзняць пытанне практыкаарыентаванасці агульнай сярэдняй адукацыі. Маю на ўвазе, што цяпер маладыя людзі, скончыўшы школу, выходзяць у дарослае жыццё толькі з атэстатам. Але калі б у іх падчас вучобы ў школе была магчымасць атрымаць і прафесію зваршчыка, электрыка, вадзіцеля, трактарыста, повара, прадаўца, дык некаторыя адразу са школьнай лаўкі маглі б ісці працаваць і быць карыснымі грамадству. Розныя бываюць сітуацыі: пасля школы не паступіў у вну або чакае прызыву ў армію. А тут у чалавека прафесія за плячыма – не будзе ў цяжар сваякам і дзяржаве.

Акрамя таго, трэба больш папулярызаваць сярод моладзі прафесіі сельгаснакіраванасці. Будзем шчырымі: не так многа сёння жадаючых працаваць на зямлі. А прыкладаў, калі юнакі і дзяўчаты прыходзяць у гаспадарку і дабіваюцца поспехаў, і ў нашым раёне нямала. Як, скажам, генеральны дырэктар ААТ “Белавежскі” Аляксандр Аляксеевіч Дуньковіч. Маладым спецыялістам пачынаў тут і праз пэўны час, у маладым узросце, узначаліў 2-тысячны працоўны калектыў. Упэўнена, што такія прыклады ёсць ва ўсіх рэгіёнах. Аб іх трэба расказваць.

Аб любові да радзімы

Ведаеце, я ніколі не саромелася таго, што вырасла ў вёсцы. Наадварот, з гонарам падкрэсліваю, што я – вясковая. І трэба кожнаму ведаць гісторыю свайго краю, пачынаць з традыцый таго кутка, дзе нарадзіўся. У той справе немагчыма пераацаніць ролю школьных музеяў. А гісторыю роднай Беларусі павінны тлумачыць не толькі настаўнікі, але і бацькі праз аповяды сваіх продкаў, праз свае ўспаміны. Ініцыятыва і дапамога дзяржавы тут відавочныя. Толькі аб’яднаўшыся, мы зможам выхаваць сапраўднага грамадзяніна-патрыёта, гатовага будаваць будучае, а не разбураць яго.

Неабходны ўрокі палітычнай культуры

Тое, што апошнім часам адбываецца ў краіне, паказала: мы розныя, маем неаднолькавыя погляды на падзеі ў Беларусі і ў свеце. Вельмі нераўнадушнай у той сітуацыі мы ўбачылі моладзь. Але ці ўмее яна заяўляць сваю пазіцыю, нікога не зневажаючы, ці здольна выслухаць другі бок? З гэтым ёсць праблемы. А калі кожны будзе крычаць толькі аб сабе, любімым, і цалкам адмаўляць іншае меркаванне, у выніку прыйдзем да поўнага раздраю. Выпрацаваць агульнае рашэнне магчыма толькі пры ўмове, што людзі ўмеюць весці дыялог, у тым ліку – палітычны. Таму лічу, што самы час уводзіць у адукацыйныя праграмы ўрокі палітычнай культуры. Для маладых і актыўных гэта асабліва важна.

Аксана ВЫСАГРОЦКАЯ,
старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Каменец.