“Вальс кветак” Ганны Пыжык

Пётр Ільіч, думаецца, даруе мне такое вольнае выкарыстанне назвы яго музычнага твора, бо яна надзвычайна пасуе да вобразу рукадзельніцы з Пелішча, якая пераўтварыла адзін з пакояў Рэчыцкага СДК, дзе працуе дырэктарам, у сапраўдны “кветнік”.

Ганна Пыжык нарадзілася ў далёкім Іркуцку, адкуль пераехала з бацькамі на Камянеччыну ва ўзросце 19 гадоў. Скончыўшы Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна, стала настаўнікам матэматыкі, але са школай сваё жыццё вырашыла не звязваць, цягнула ў іншую сферу – культуры. Таму вось ужо 12 гадоў (з перапынкам на догляд сына) – дырэктар Рэчыцкага СДК.

Цікаўлюся, калі і як рукадзелле стала неад’емнай часткай жыцця маёй суразмоўцы.

– Назірала за тым, як мая мама Наталля Ягораўна, працуючы ў школе, аздабляла ўсё навокал прыгожымі рэчамі, і падумала: а чаму б і мне не зрабіць тое ж самае ў клубе? Тут заўсёды было цемнавата, а так хацелася яркіх фарбаў і прыгажосці!

Ганна пачала з пано з аб’ёмнымі кветкамі, а потым… зацягнула. І цяпер, паверце мне, у пакоі СДК, дзе выстаўлены работы майстрыхі, жыве вясёлка.

І ўсё ж спярша рукадзельніца аддавала перавагу вышыўцы крыжыкам, пра што сведчыць багатая калекцыя карцін. І на большасці з іх – коні. Гэтыя прыгожыя жывёліны вельмі імпануюць Ганне. Некалі, у дзяцінстве, яна нават спрабавала трымацца ў сядле…

Потым закарцела паспытаць нечага новага. У пошуках натхнення дапамог часопіс “Ксюша”. Першыя кветкі – макі – вязала па гатовай схеме, а наступныя – архідэі, фіялкі ды лілеі – стварала ўжо самастойна, пасля папярэдняй падрыхтоўкі (скрупулёзна вывучала жывыя экземпляры, запамінаючы прыродныя прапорцыі, форму, колер), яны “цвітуць” у вазонах. Ірысам, рамонкам і званочкам знайшлося месца на шматлікіх пано. Маленькія кветкі ўпрыгожваюць тапіарыі Ганны, “выліваюцца” з кубка, які лунае над сподачкам. І, што адметна, паўсюдна ў работах рукадзельніцы “жывуць” вязаныя матылькі, нібыта зляцеліся на водар.

– Матылёк – гэта нешта цёплае, яркае, летняе, аб’ёмнае! – тлумачыць Ганна. – Без яго нельга!

Любімаму захапленню майстрыха аддае звычайна вольныя вечары, вяжа за “праглядам” тэлеперадач. Прычым у рабоце знаходзяцца некалькі твораў адначасова. Кожны можа быць перароблены з дзясятак разоў, галоўнае – каб атрымалася так, як задумана.

Муж Сяргей адносіцца да захаплення жонкі з павагаю, хоць ча¬сам і называе шматлікія ніткі, што даўно “прыжыліся” ў доме, шнуркамі. Дарэчы, ён працуе газаэлектразваршчыкам у ААТ “Агра-Пелішча” і сам аднойчы змайстраваў два мініяцюрныя матацыклы са шрубоў. Васьмігадовы сын Мікіта некалі таксама паспрабаваў сябе ў рукадзеллі: вышываў крыжыкам, але апошнім часам яго цягне да больш мужчынскіх спраў – марыць займець тэлескоп, каб сузіраць зоры.

Ганна Пыжык вяжа яшчэ і сурвэткі кручком, і адзенне пруткамі. З пластыкавых бутэлек робіць кветкі (хто б сумняваўся!) для аздаблення прысядзібнага ўчастка. Вядзе ў СДК гурток для дзетак пад назваю “Умелыя ручкі”, вучыць іх ствараць прыгажосць з паперы, у будучыні марыць асвоіць з малымі дэкупаж. А для ўласнага задавальнення хоча навучыцца вышываць стужкамі.

– Рукадзелле – гэта неабходнасць, не першачарговая, безумоўна, але ўсё ж, – падводзіць рысу пад сваім аповедам Ганна. А навокал яе кружаць у вальсе дзівосныя кветкі…

Настасся НАРЭЙКА. Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий