Апошні званок адзвінеў сёння ў Відамлянскай СШ, як і ва ўсіх школах Камянецкага раёна.
Ганаровымі гасцямі гэтага свята развітання з дзяцінствам сталі старшыня Камянецкага райвыканкама Віталій Кулак, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Жанна Аўдзей, старшыня Відамлянскага сельвыканкама Марына Каралюк і дырэктар ААТ “Відамлянскае” Міхаіл Страпко.
Перш-наперш пад Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь ля будынка школы быў падняты Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Гэтую ганаровую місію ўсклалі на выдатнікаў вучобы.
Усе вучні школы сабраліся на лінейцы, каб павіншаваць і адправіць у дарослае жыццё трох юнакоў і дзвюх дзяўчат, для якіх школьныя цудоўныя гады ўжо за спінай. Побач з пяцёркай выпускнікоў была іх класны кіраўнік Наталля Карагода.
Многа чулых і пранікнёных слоў прагучала ў гэты дзень. Кожны з гасцей, пералічаных вышэй, скарыстаў магчымасць звярнуцца да школьнікаў. Віталій Уладзіміравіч, напрыклад, пажадаў выпускнікам поспехаў і выказаў надзею, што пасля завяршэння далейшай вучобы яны абавязкова вернуцца працаваць у родны раён.
Ніводнае свята апошняга званка не абыходзіцца без кветак, гэта ўсім вядома. Але сёлета вучні Відамлянскай СШ вырашылі адысці ад гэтай традыцыі і ўсе сродкі, што маглі б пайсці на букеты, ахвяравалі хвораму хлопчыку Багдану Пукала. Кветку дабрыні, якая сведчыць пра гэты добры ўчынак, паказала ўсім прысутным падчас свайго выступлення дырэктар школы Тамара Страпко. З яе рук самыя таленавітыя і старанныя вучні атрымалі ўзнагароды.
Свой маленькі вершаваны падарунак падрыхтавалі для выпускнікоў першакласнікі, а ад бацькоў юнакоў і дзяўчат выступіў Аляксандр Русецкі.
Гонар даць апошні званок у гэты дзень усклалі на аднаго з выпускнікоў Данііла Турыча і вучаніцу 1 класа Ульяну Вярэніч. Развітанне са школай – гэта і сум, і радасць адначасова. У добры шлях, выпускнікі!
Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара.