Чарнёва вітае! У вёсцы Камянецкага раёна рос нават жэньшэнь

Асірацела Чарнёва. Напярэдадні Вадохрышча развітаўся з гэтым светам апошні старажыл вёскі – Уладзімір Мікітавіч Раманюк. Праз два дні пасля таго, як споўнілася яму 92. Працоўны стаж амаль паўвека (з іх 20 год трактарыстам). Амаль заўжды побач быў родны брат – Міхаіл Мікітавіч, за спінай якога было 53 гады шчырай працы у “Савецкай Беларусіі”.

І жылі браты ў Чарнёве побач – новыя хаты збудаваны ім бацькам з разлікам не на адно пакаленне. Добра знаў будаўнічую справу: не адзін дом збудаваў у навакольных вёсках, пазней будаўнічую брыгаду калгаса ўзначаль­ваў.

Наша жыццё заўжды бы­ло звязана з Чарнёвым, час­та наведвалі бацьку, – расказвае сын Уладзіміра Раманюка – Аляксандр, які жыве і працуе ў Высокім. – Ён не зга­джаўся пакінуць родную вёс­ку, перабрацца да каго-небудзь з дзяцей. Хацеў свой апошні дзень сустрэць тут. З братам Міхаілам яны заўжды жылі дружна, ды яшчэ і ў суседстве. Разам нібы адна вя­лікая сям’я, і дзяцінства наша тут незабыўнае. Дзякуючы на­шым бацькам. А затым і ўну­каў памагалі паставіць на ногі…

Яны былі знатнымі працаў­нікамі. Рукамі такіх людзей аднаўлялася народная гаспа­дарка пасля Вялікай Айчыннай, на іх энтузіязме ўзніма­ліся калгасы. Дзядзька Міша, якому пашчасціла сувязістам дайсці да Берліна і вярнуцца з вайны жывым, пачынаў з працы ў паляводстве, калі ў Чарнёве і Забалацці быў ство­раны калгас “Камунар”. У 1957-м ён быў далучаны да такога ж суседняга калгаса “Савецкая Беларусія”.

Міхаіл Раманюк

Так пачынаўся ле­тапіс зна­камітай пазней гас­­падаркі, у якой Міхаіл Раманюк загад­ваў піларамай, а пазней Ула­дзімір Бядуля даве­рыў яму брыгаду з дзвюх вёсак – тых жа Чарнёва і Забалацця. Больш за два дзесяцігоддзі ўзначаль­ваў яе, парадак тры­маў як трэба. На жаль, з гэтым пакаленнем адыходзіць цэлая эпоха людзей, якія ўме­лі так аддана працаваць.

Сёння няпроста паверыць, што ў 60-я гады ў Заба­лацці, што ў ста метрах ад Чарнёва, быў магазін, а ў Чарнёве – ферма, адмысловая лазня, пачатковая школа.

– Чатыры гады я вучылася ў нашай школе, – прыгадвае Ніна Уладзіміраўна. – У адным па­коі займаліся вучні чатырох класаў, і было нас каля пят­наццаці школьнікаў – з Чарнёва, Баршчэва, Забалацця. А нашым настаўнікам быў карачаевец Магаметаў Батал­­бій Анаевіч, які пасля вайны ўзяў шлюб з дзяўчынай з Даўб­­нёва. Нашы бацькі яго пава­жалі , а мы, дзеці, аддана лю­білі яго, бо быў ён выдатным на­стаўнікам.
У той час у нашай вёсцы было дамоў пятнаццаць. Побач вяліся торфараспрацоўкі, для вывазу торфу была пракладзена і вузкакалейка. Мяркую, што блізкае тарфяное балота дало і назву нашай вёсцы. Тут сяляне самастойна, для сябе, капалі торф спе­цы­яльнымі рыдлёўкамі. Дзеці-падлеткі дапамагалі выно­сіць кавалкі торфу для прасушкі на сонцы, каб зімой спаліць іх у печы. Працавалі заўжды многа, летам уставалі раным-рана, на золаку, каб да калгаснай работы паспець уп­ра­віцца са сваёй гаспадаркай. Па-другому жыць не ўмелі.

Побач з сядзібамі Рама­ню­коў у сярэдзіне 80-х з’явілася незвычайнае збудаванне з до­­шак са шчылінамі на даху і ў сценах. Туды была завезена лясная глеба. Гэта няўрым­с­лі­­вы Бядуля загарэўся ідэяй ства­рыць першы ў Беларусі калгасны жэньшэнарый з іміта­цы­яй таёжных умоў для це­не­лю­бівай расліны. І “дом” для жэнь­шэню быў збудаваны ў Чарнё­ве. Пэўна, з разлікам на дбайнасць і адказнасць Рам­а­нюкоў.

Дачка Міхаіла Мікітавіча – Ларыса Міхайлаўна – ахвотна згадвае той час:
Тая задумка старшыні калгаса пачыналася з некаль­кіх зярнят насення жэньшэню. Іх прывезлі з навукова-доследнага інстытута, і навуковы су­працоўнік з Мінска тлу­мачыў нам правілы вырошчвання гэ­тай расліны. Мы, дзе­ці-стар­шакласнікі, дапама­га­лі дарос­лым у тым крапат­лі­вым дог­лядзе – разам палолі, палі­ва­лі, збіралі насенне, за­хоў­валі яго ў пяску, каб яно не высыхала, а потым сеялі. Было ці­кава – мы ж былі вяс­ковымі рамантыкамі. Збера­галі кожнае каліва. А праз га­доў пяць сабралі першы ўра­джай кораню жэньшэню. Сушыць яго трэба было на спецыяльным абсталяванні – для гэтага жэньшэнь везлі ў Мінск, а затым – назад. Для сваіх кал­гаснікаў нядорага прадавалі гэты корань, каб рыхтавалі лекавыя настоі і настойкі. Быццам бы ўсё атрымалася, нават пашырыць плошчу пад экзатычную для нас расліну ў калгасе збі­раліся. Аднак з рэ­алі­зацыяй кораню ўзніклі праб­лемы. І праз гадоў восем ціка­васць да яго вырошчвання пачала зні­каць. Сёння аб тым жэнь­шэ­нарыі нагадваюць хі­ба што рэшткі збудавання.

* * *
Цяпер ад позняга Чарнёва, якое ёсць на картах 1895 го­да і да якога сёння вядзе ўез­джаная гравейка, засталіся толькі тры хаты, акружаныя полем.Дзе-якія з дамоў былі разабраны і перавезены ў ін­шае месца, некалькі спарахнелых знесены. Адзіны жыхар – 35-гадовы Канстанцін Бу­ян, для якога Раманюкі з дзя­цінства былі, як родныя,– мае намер аднавіць бацькоўскую сядзібу. А дзве хаты, якія не­калі збудаваў для сваіх сыноў адмысловы майстар Мікіта Ра­манюк, напэўна застануцца месцам прыцягнення для тых, хто захоча вярнуць у вёсцы свой душэўны спакой.
Галіна НОВІК.
Фота Галіны КАЧАНОЎСКАЙ і з сямейнага альбома Раманюкоў.
Раснянскі сельсавет.

У дзень 90-годдзя Уладзіміра Раманюка.
Побач — дзеці: Аляксандр, Ніна і Валерый.