Усё пачынаецца з зямлі…

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 3 верасня 2014 г. №860 «Аб практычным навучанні кандыдатаў на пасады кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый» па краіне вызначаны базавыя гаспадаркі, на базе якіх праходзіць практычнае навучанне кандыдатаў і нядаўна прызначаных кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый.

Сярод базавых гаспадарак – адкрытае акцыянернае таварыства «Белавежскі» пад кіраўніцтвам генеральнага ды­рэктара Юрыя Мароза, кандыдата эканамічных навук, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Сюды на мінулым тыдні і прыбылі маладыя кіраўнікі вобласці.

У «Белавежскім» вядзецца вялікая мэтанакіраваная работа па ўкараненні ў вытворчасць перспектыўных сартоў сельскагаспадарчых культур, новых тэхналогій, рэканструкцыі ферм, жывёлагадоўчага комплексу, будаўніцтву аб’ектаў сацыяльнай сферы, жылля.
Пры сустрэчы з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў вобласці, якія працуюць на сваіх пасадах не больш за два гады, Юрый Дзмітрыевіч падзяліўся вопытам работы кіраўніка са стажам і навуковым падыходам да вырашэння пытанняў вытворча-эканамічнай і гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства аграпрамысловага комплексу ў сучасных умовах.

Юрый Мароз упэўнены, што ўсё пачынаецца з зямлі. Каб былі ў гаспадарцы малако і мяса, неабходна стварыць добрую кармавую базу. А гэта праду­гле­джвае разумны падыход да распрацоўкі структуры пасяўных плошчаў, строгае выкананне тэхналогій падчас пасеву сельскагаспадарчых культур і траў, апрацоўцы, уборцы, у доглядзе і кармленні жывёлы. А забяспечваюць усё людзі.

Юрый Дзмітрыевіч падзяліўся некаторымі сакрэтамі выхавання кіраўніка з учарашняга студэнта. Прывёў прыклад свайго першага намесніка Аляксандра Дуньковіча, які пасля заканчэння ВНУ па размеркаванні прыйшоў звычайным інжынерам у гаспадарку, а сёння, у 32 гады, ён – першы намеснік генеральнага дырэктара.

Разам з Аляксандрам Аляксеевічам стажоры наведалі аб’екты гаспадаркі вытворчага прызначэння. На ферме “Ясі­наўка” пазнаёміліся з тым, як з найменшымі выдаткамі можна рэканструяваць старыя памяшканні пад сучасную ферму. Каб убачыць прыклад нечага новага і сучаснага, пабывалі на малочнатаварнай ферме “Каралін”. Укамплектаванасць тэхнікай ім паказалі на машынным двары ў Караліне.

З добрай зайздрасцю развітваліся стажоры з «Белавежскім».

Алена КУРЫЛОВІЧ, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама. Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий