На 15-ці гектарах за дзень здольныя “падняць” буракі з радкоў на магутным “Холмеры” Віктар Несцярук і Аляксандр Кавалёў. Віктар Васільевіч шосты сезон шчыруе на буракаўборачным камбайне, які за 12 гадоў службы мае ў яго асобе толькі другога гаспадара. У іншы час года Віктар працуе электрагазазваршчыкам. Яго памочнік – Аляксандр Паўлавіч Кавалёў – вопытны механізатар.
Амаль 15 тон салодкіх каранёў накопліваецца ў рашотчатым бункеры за лічаныя хвіліны. Яшчэ хутчэй ідзе іх выгрузка ў часовы бурт ля дарогі, гэта абавязковая ўмова для зручнасці наступнай пагрузкі ў кузаў аўтамашыны. Вывозяць буракі ў Жабінку згодна з вызначаным графікам. Дзеля таго, каб у доўгім чаканні сыравіна не траціла цукрыстасць (сёння яна вышэй за базісную – 16,8%) у буртах, на полі ці ў двары цукровага завода. Таму не першы год тэмп уборкі буракоў “дыктуюць” перапрацоўшчыкі.
Ураджайнасць – да 500 ц з гектара, што ўдвая больш леташняга. Каля 1,5 тыс. тон гэтых караняплодаў было рэалізавана на ранняй стадыі ўборкі. Дзякуючы спрыяльным умовам надвор’я цукрыстасць на той час аказалася даволі высокай, дасягала 17,3 %, і выгада ранняга “адрэзка” рэалізацыі сёлета была відавочнай.
Цукровыя буракі ўбраны на 140 гектарах – гэта больш як палова агульнай плошчы. Захоўваючы вызначаны тэмп іх уборкі, “усходаўцы” паспелі ўжо і падмогу аказаць на бураковым полі ў “Камянецкай Пушчы” (Дзмітровічы).
* * *
Калі летась бульба займала ў гаспадарцы 250 гектараў, дык сёлета – 150, бо тут некалькі змя¬нілі структуру плошчаў пад сяўбу, аддаючы перавагу кармавым культурам. Аднак бульбяны “вал” будзе не меншым, як у мінулым годзе, бо ўраджайнасць дасягае 324 ц з гектара. Пераважаюць харчовыя гатункі – “Уладар”, “Скарб”, “Вяснянка”, “Брыз”, “Вектар”, “Янка”.
У полі працуюць два бульбаўборачныя камбайны. Тым часам у бульбасховішчы завяршаецца падрыхтоўка дадатковых камер, што дасць магчымасць захоўваць тут больш за 4 тыс. тон клубняў.
* * *
Для сялян, занятых на восеньскіх работах, таксама, як і ў жніво, гатуюць гарачыя стравы. Іх прывозяць у поле, а тыя, хто працуе ў Навасёлках ці недалёка ад іх, могуць падсілкавацца ў сталовай. Занятыя на палявых работах аплачваюць 20% кошту харчавання, другія – палавіну.
Пасля буйной рэканструкцыі колішняга будынка калгаснай сталоўкі, які доўга пуставаў, цяпер яго не пазнаць, у тым ліку тут усё абсталяванне “з іголачкі”. Дырэкцыя гаспадаркі мае надзею, што ўтульная сталовая, якою загадвае Алена Соц, будзе запатрабавана круглы год, што вяскоўцы ўпадабаюць яе і для сямейных урачыстасцей, бо змясціць яна можа да 90 чалавек.
Это может быть интересно:
-
Что изменится с 1 ноября для физических лиц при работе в такси
-
В Каменце 10 ребят получили молодежные билеты БРСМ
-
Как не допустить вовлечения ребенка в половую жизнь, разбиралась журналист «НК»
-
17 сентября, в День народного единства, нотариусы Брестчины будут консультировать бесплатно
-
«Готовь сани летом…» О подготовке Каменетчины к отопительному сезону