Сустрэча з цікавымі людзьмі – нібы падарунак лёсу. Нярэдка нечаканы. Вось і з Верай Верас знаёмства было неспадзяванкай. Расказала аб ёй камянчанка (абедзве апынуліся неяк у адной бальнічнай палаце), дакладней – аб захапленні, якое дадае жыццёвай сілы Веры Захараўне, інваліду 2-й групы.
Яно, захапленне, не зусім звычайнае: высокую адухоўленасць надаюць лікі праваслаўных святых, якія вышывае. Цеплыня яе рук – у сорак адной вышыўцы: выявы Іісуса Хрыста, Мікалая Цудатворцы, Божай Маці Сямістрэльнай, “Неўпіваемая чаша”, “Малітва аб дзецях”, “Цяжкі шлях”…
Цяпер Вера Захараўна вышывае Святую Тройцу. Як звычайна, пасля атрыманага благаславення на гэты занятак. Схемы для вышывання і ніткі часам купляе ў Каменцы, але найчасцей іх прывозяць ёй з Украіны…
Адтуль яна і прыехала на Камянеччыну гадоў сорак назад “на заробкі”. Тут і замуж выйшла. Два гады працавала даяркай, затым – трыццаць пяць гадоў – загадчыцай фермы. Выкройвала час на вышыванне. І нават калі не ведаеш, што яе радзіма – Валыншчына, вызначыць гэта нескладана па ўзорах на раней вышытых ёю ручніках – яны адрозніваюцца ад нашанскіх і матывамі, і яркасцю кветак.
Калі выйшла на пенсію і з’явілася больш свабоднага часу, прыйшло дакладнае перакананне, што хоча аддаць яго працы над біблейскімі сюжэтамі – вышываць тое, у чым сёння мае патрэбу душа. Паводле слоў майстрыхі, гэта дае ёй спакой.
Праўда, з нараджэннем унучкі вольнага часу менш. Затое, мяркуючы па радасных воклічах, ёй падабаецца вышытае бабуляй. А задумак у Веры Захараўны яшчэ багата. Усё падрыхтавана ўжо да пачатку працы над выявай святой блажэннай Матронушкі, якая будзе выканана бісерам…
Далёка не ўсім вышытым лікам святых наканавана стаць іконамі, бо многія святары не згодныя надаць ім такі высокі статус: як аргумент – магчымыя рукатворныя памылкі. Аднак, вышытае Верай Захараўнай грэе душу не толькі яе сям’і, але кожнаму, хто бывае ў іх доме ў Відамлі.
Галіна НОВІК.
Фота Сяргея БУШЧУКА.