Учарашнія гараджане ў Зарачанах

Восем год назад у вёсцы з’явіліся не “звычайныя” дачнікі, а людзі, якія мелі намер асталявацца тут трывала. Наводзілі парадак у купленым цагляным доме, стваралі зручнасці, абзавяліся жыўнасцю. Апошняе і вымусіла вяскоўцаў усё ж паверыць, што навасельцы ў Зарачанах не часовыя, а надоўга.

Больш таго, праз нейкі час Ігар Фракаўцан (ён у маладосці прыехаў на Беларусь з Карагандзінскай вобласці Казахстана) звярнуўся ў Ратайчыцкі сельвыканкам з просьбай выдзеліць яму ўчастак для ўласнай падсобнай гаспадаркі. Меў на ўвазе занядбаную суседскую сядзібу са спарахнелай хаткай. Просьба была задаволена, але з умовай, што на той зямлі будзе парадак.

І сапраўды, адзічэлых зараснікаў, рэшткаў старога жытла, сметніцы ля яго не стала, прасторны ўчастак-луг агароджаны. Цяпер няма патрэбы пасвіць авечы гурт, побач з якім добра пачуваюцца і козы. Знікла пагроза для агародаў.

Жонка Ігара Уладзіміравіча – Вольга Аляксееўна – паўжартам удакладняе, што яна адказная за раслінаводства, заняцца якім раней не было часу (цяпер – ваенны пенсіянер).

Гаспадар мае эканамічную адукацыю, з веданнем справы гаворыць пра тое, што ў статку авечкі некалькіх парод, ёсць нават курдзючны баран-вытворца. Калі купляў першую пару іх, добра ўяўляў свой будучы занятак, які зведаў у дзяцінстве, памагаючы бацькам. Памятаў і смак бараніны. Да пераезду з Брэста ў Зарачаны не раз згадваў непатрабавальных жывёлін, аднойчы незаслужана ў нас забытых.

За час таго забыцця авечая воўна “ад насельніцтва” стала непатрэбнай. І часцей за ўсё яе спальваюць, як і авечыя шкуры, якім не суджана стаць аўчынамі. Ігар Уладзіміравіч даў зразумець, што яны воўну даводзяць да ладу, вязуць у Жабінку, каб вярнуцца дадому з гатовымі ваўнянымі коўдрамі. Але, вядома, за тым кароткім аповядам – шмат працы… Сена купляюць, аднак радуе тое, што карміць з рук авечак даводзіцца ўсяго некалькі месяцаў. Яны і цяпер на падножным корме.

Любяць бываць у гасцінных Фракаўцанаў іх сябры-гараджане. Вабяць іх сюды і гожыя краявіды, грыбны лес, рэчка ў глыбокай нізіне ў абрамленні купчастых дрэў.

Як упрыгажэнне нечакана ўзгорыстага тут ландшафту – авечы статак.

Галіна НОВІК. Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий