На два дні, 31 жніўня і 1 верасня, старажытны Слонім (Гродзенская вобласць) стаў сталіцай XXVІ Дня беларускага пісьменства.
У апошні дзень лета, 31 жніўня, гасцей свята чакае мноства цікавых мерапрыемстваў: фестываль кнігі і прэсы, “круглы стол” беларускіх і замежных літаратараў “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”, навукова-практычная канферэнцыя “Слонімскія чытанні”, абласны этап рэспубліканскага конкурсу сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”, “Коласаўскія чытанні”, Хрэсны ход удзельнікаў Рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да Святыняў” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” і інш.
А 1 верасня будзе пасаджаны Сад Малітвы, запросяць у госці “Гродзенскія падворкі”, адкрыецца помнік Льву Сапегу, а таксама адбудуцца квэст-гульня “Код Сапегі”, выставы “Слонім і наваколле”, “Мы ёсць народам! (Мітрафан Доўнар-Запольскі)”, “Бачу Беларусь такой…” і “Кветкавы карагод”, канцэртная праграма “Дарогамі Перамогі”, гастра-фэст беларускай кухні…
Наступнымі прымуць Дзень беларускага пісьменства Бялынічы Магілёўскай вобласці.