У Камянюкі з агароднінай і мёдам

На мінулым тыдні, у аўторак, жыхароў Камянюкаў зноў клікаў да сябе восеньскі кірмаш.
З агароднінай, апетытнымі грушамі і мёдам суседнічалі імправізаваныя прылаўкі з абуткам, вопраткай, канцтаварамі і іншымі. Аднак у будзённы дзень шматлюдным кірмаш не стаў – нямнога было і тых, хто прапаноўваў свой тавар, і тых, хто па яго прыйшоў.

Уладзімір Лысковіч, якіе мае статус арандатара, прывёз з Сюлкаў цыбулю, моркву, буракі сталовыя, капусту, бульбу. Хоць канкурэнтаў побач не было, цану не задзіраў. “Вышынёй” вылучалася хіба што багатая на бялок фасоля – 5 руб. за 1 кг., але торг дарэчы. Усё – адборнае, прыгожае, толькі што з поля.

Пад апекай Уладзіміра тры гектары зямлі. Абрабляе яе з дапамогай немаладога “Беларуса”. За восем гадоў добра вывучыў попыт пакупніка, бо рэалізацыяй займаецца і сам, а таму ведае, што больш ахвотна купляюць буракі акруглыя, а не “цыліндру”, памідоры – невялікія, бульбу – жоўтую на зрэзе…

Ці карыстаецца магчымасцю прадаць оптам частку сваёй агародніны? Так. Супрацоўнічае з райспажыўтаварыствам не адзін год. Праўда, сёлетнія закупачныя цэны не вельмі задавальняюць, таму ўвосень часцей, чым летась, выязджае на рынак.

* * *
Аляксандр Дзмітрук з Галоўчыц у рэалізацыі свайго мёду спадзяецца толькі на сябе. Пчалярствам заняўся гадоў восем назад (адначасова набыў і вуллі з пчоламі, і ўвесь спадарожны інвентар). Сёння ў яго да паўсотні пчаліных сем’яў, але кан¬курэнцыя на той “ніве” ўзрасла настолькі, што прадаць мёд оптам даволі складана. Вось і даводзіцца чакаць свайго пакупніка, які сярод мноства прапаноў здолее вызначыць мёд самы-самы “справядлівы”.

bazarchik1

У асобным посудзе – свежы пропаліс, смалістае духмянае рэчыва, якое пчолы збіраюць з пупышак і кветак і якое шырока выкарыстоўваецца ў медыцыне. У дадзеным выпадку мёд і пропаліс, купленыя з рук Уладзіміра, яшчэ больш гаючыя, бо гэта – рукі шчырага гаспадара.

У Камянюкі Аляксандр прыехаў на ўласным “бусе”, ён прадпрымальнік, від дзейнасці – пасажыраперавозкі.

Старонку падрыхтавала Галіна НОВІК. Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий