Ці любіце вы тэатр так, як люблю яго я? Гэтае пытанне з поўным на тое правам могуць задаць і юныя артысты, якія наведваюць заняткі гуртка “Вясёлая карусель” пры цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Каменца. 17 дзяўчынак і адзін хлопчык вось ужо больш за год спасцігаюць таямніцы акцёрскага майстэрства пад кіраўніцтвам Наталлі Водневай…
Юныя акцёры падзелены на дзве групы, кожная з якіх займаецца па тры гадзіны два разы на тыдзень. Прыходжу на адзін з такіх заняткаў у панядзелак і трапляю… у самую сапраўдную карусель смеху, музыкі, радасных дзіцячых галасоў.
Спярша школьнікі (вучні СШ №1 і 2, а таксама гімназіі) праводзяць размінку, назіраць за якой вельмі цікава. Спярша яны вітаюцца адно з адным, потым “разаграваюць” твары, прымяраючы розныя “маскі” (радасці, суму, здзіўлення…), затым пераходзяць да галасавых практыкаванняў, і на заканчэнне – скарагаворкі. Ангеліна Саўчук, Эліна Міневіч, Кірыл Амельянюк, Яфімія Бялецкая, Вікторыя Бандарук, Маргарыта Лысановіч, Анастасія Іванова, Таццяна Мішкова, Марыя Дзеркунова, Ганна Пашкевіч і Ірына Кізім – добрыя сябры, што відавочна. Часам з імі, актыўнымі і гаваркімі, Наталлі Андрэеўне не так і проста, але да кожнага яна ўмее знайсці “ключ”.
Расказваючы пра гісторыю ўзнікнення гуртка, педагог узгадвае год пазамінулы:
– У 2016-м перад цэнтрам дадатковай адукацыі паставілі няпростую задачу: стварыць новыя аб’яднанні па інтарэсах разнастайнай накіраванасці. У мяне на той час быў гурток “Саломапляценне”, і я задумалася, чым бы яшчэ, акрамя гэтага, магла б зацікавіць дзяцей. Адказ прыйшоў сам сабой, калі ўспомніла, што за маёй спінай – 25 гадоў работы ў сферы культуры, у тым ліку на чале Камянецкага ГДК, пры якім у свой час дзейнічала маё тэатральнае аб’яднанне “Мініяцюра + гульня” для дарослых. Вопыт абяцаў быць цікавым. Так і нарадзілася “Вясёлая карусель”.
– Як адбіралі здольных да акцёрства?
– Ніяк. Запісала ўсіх жадаючых. Калі дзіця хоча нечым займацца, нельга яго адштурхоўваць. Так да мяне прыйшлі самыя гаманкія, непаседлівыя, гіперактыўныя, як цяпер гавораць, тыя, каму цяжка і нецікава сядзець за сталом ды займацца манатоннай справай. Энергіі ў іх – мора, патрэбна накіраваць яе некуды. Чаму б не на тэатр?
– Гэта таксама дапаможа і ў жыцці?
– Безумоўна! У любой прафесіі спатрэбіцца. Адзін добра пастаўлены голас чаго варты!
– Выступленні перад публікай на сцэне яшчэ і дапамагаюць перамагчы сарамлівасць?
– Сапраўды. Былі ў нас дзяўчаткі, якія нават на рэпетыцыі хадзіць баяліся. А потым знаходзілі сярод рабят надзейных сяброў, пачыналі верыць у сябе і… рабілі на сцэне ТАКОЕ, што актыўным і прабіўным было не пад сілу.
– Як падбіраеце рэпертуар?
– Шукаю ў кнігах і інтэрнэце тое, што было б цікава маім выхаванцам і з чым можна было б выступіць. Дапісваю, скарачаю, мяняю пры неабходнасці. Ставім сцэнкі (напрыклад, пра адзін дзень з жыцця сённяшняй сям’і), вучымся выразна чытаць вершы – Ясеніна, Багдановіча, уласныя творы, – прычым так, каб у слухачоў “кошки на душе скребли”. Атрымліваецца!
– Дзе звычайна выступаеце?
– У раённай бібліятэцы, цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, школах. Аднойчы нават у педыятрычным аддзяленні Камянецкай ЦРБ былі.
– Апошні выхад вашых выхаванцаў на сцэну адбыўся…
– Шостага студзеня ў нашым цэнтры. Паказвалі перад іншымі гурткоўцамі калядную казку.
– Цяпер рэпеціруеце…
– Сцэнку пад назвай, што сама за сябе гаворыць, – “Я хачу замуж!”; увогуле, стараемся ставіць нешта гумарыстычнае. Да “цяжкіх” тэм, ваеннай, напрыклад, патрэбна яшчэ дарасці. Але над тым, каб выступіць недзе з вершам Раждзественскага “Рэквіем”, задумваюся сур’ёзна. Вельмі б хацелася вывесці нашых юных акцёраў на вялікую сцэну раённага Дома культуры.
– Як размяркоўваеце ролі?
– “Бойкі” з-за іх у нас дакладна няма. Кожны знаходзіць нешта для сябе, а пры неабходнасці заменіць сябра ў той ці іншай ролі.
Спытала ў саміх гурткоўцаў: чым прываблівае іх “Вясёлая карусель”? А ў адказ пачула:
“Я многа розных гурткоў наведваю, бо хочацца заўсёды быць пры справе. І голас у мяне гучны, што для сцэны – вельмі добра”.
“У мяне тут шмат сяброў, з якімі цікава і весела”.
“Пераехалі ў Каменец, калі была ў 2 класе, і пачала шукаць, дзе б прымяніць сваю энергію. Спярша пляла з саломкі разам з Наталляй Андрэеўнай, а потым яна прапанавала мне запісацца ў тэатральны гурток”.
“Мне падабаецца тут, многаму вучуся, выказваю сябе, што мне вельмі патрэбна. Да таго ж пасля заняткаў і на ўроках лягчэй, асабліва па літаратуры!”
“Мяне ў гурток прывялі сяброўкі, паглядзела, паслухала, паспрабавала і… засталася”.
“На першым занятку, помню, мне было нецікава, але потым разабралася і па-сапраўднаму захапілася. Многіх дзяўчат са свайго класа прывяла…”
“Калі была маленькая, заўсёды нешта іграла, прыдумвала, фантазіравала. Рабіла ўласныя праграмкі, нават уяўнае тэлебачанне ў мяне было, называлася “Дзіравыя нажніцы”. Бабуля тады казала: “Падрасцеш, адвядзём у тэатральны гурток”. Так я і апынулася тут”.
Пытанне ж пра ролю мары выклікала цэлы вадаспад пажаданняў. Нехта марыць сыграць Джульету, нехта – булгакаўскую Маргарыту, нехта – сваіх сяброў, каб яны маглі паглядзець на сябе збоку, а некаму мроіцца сусветная слава, калі пасля спектакля на вялікай сцэне артыста забірае шыкоўны лімузін… Хто ведае, магчыма, калі-небудзь мы прачытаем імёны, прыведзеныя вышэй, на тэатральнай афішы. І скажам: “О, пачыналася ж усё ў Каменцы!”
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА і Аляксандры ДАЦКЕВІЧ.
Это может быть интересно:
-
Сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі Настасся Нарэйка завітала ў Камянюцкую СШ
-
Як прайшла сустрэча з пісьменнікам і ваеннаслужачымі Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага
-
После реконструкции в Каменце открылось здание БТИ
-
В Каменецкой ЦРБ проводится вакцинация для профилактики COVID-19
-
Сегодня у жителей района была возможность обратиться со своими вопросами к депутатам всех уровней