Сяўба выйшла на фінішную прамую

Засеяны амаль 80 працэнтаў з 3380-і гектараў поля, запланаванага пад яравыя. Акрамя кукурузы, сяўба якой перайшла экватар, сеяльныя агрэгаты прычакаюць яшчэ 20-гектарнае грэчневае поле і на такой жа плошчы будзе пасеяна проса.

Пад кукурузу ў “Агра-Зарэччы” адведзены 1230 гектараў. Найперш сеялі прызначаную на зерне, у тым ліку на насенне – на тыя мэты ўвогуле было вызначана 400 гектараў.

На полі, якое з дапамогай АКШ на магутным “Джон Дзіры” выраўноўвае Іван Нікадзімук, следам з’явяцца трактары са змяшчальнымі сеялкамі. На ўскрайку палетка іх ужо чакае насенне кукурузы ў папяровых мяшках, атрыманае з Івацэвіцкага кукурузакалібровачнага завода.

На сваім трактары (у гаспадарцы два “Джон Дзіры”, на другім заняты Аляксей Карагода) Іван здольны за дзень падрыхтаваць да 40 гектараў поля. 33-гадовы механізатарскі стаж дазваляе быць упэўненым, што ўдасца адсеяцца ў час, хоць увосень, на жаль, на значнай плошчы зябліва не было ўзнята.

Тутэйшыя палеткі ведае выдатна, родам жа са Свішчова, дзе і жыве з сям’ёй. Гаспадарка, калі не лічыць, колькі разоў яна мяняла назвы і статус, стала адзіным месцам работы Івана Георгіевіча. Яго адданасць працы на зямлі не раз была адзначана, у тым ліку Ганаровай граматай ад імя Прэзідэнта.

Галiна НОВIК

Добавить комментарий