Веславанне на байдарках і каноэ стала алімпійскім відам спорту ў 1936 годзе, і наша краіна ўжо аспела заявіць пра сябе ў ім (успомніце хаця б “золата” братоў Багдановічаў і чацвёркі ў складзе Рамана Петрушэнкі, Аляксея Абалмасава, Артура Ліцвінчука і Вадзіма Махнева ў 2008-м). Між тым, новае пакаленне чэмпіёнаў паступова і няўхільна набіраецца сіл – у Брэсце, побач з намі, іх гартуе вучылішча алімпійскага рэзерву, да паслуг якога – шыкоўны Вяслярны канал. Сярод выхаванцаў гэтай установы была ў свой час і наша зямлячка з Белавежскага, канаістка Ірына ВІХРУК. Сёння яна – майстар спорту міжнароднага класа, прызёр чэмпіянатаў Еўропы сярод моладзі і юніёраў. Якім быў шлях простай дзяўчынкі (украінкі па нараджэнні) у вялікі спорт? Спытаем у яе самой…
– У спорце я з 8 гадоў, – расказвае Ірына. – Памятаю: была самай малодшай з усіх рабят, што хадзілі ў секцыю па лёгкай атлетыцы пры Белавежскай СШ.
– Хто першым адзначыў твае асаблівыя здольнасці?
– Наш трэнер – Сяргей Генадзьевіч Нізавец. Для мяне гэты чалавек зрабіў так многа, што заўсёды буду яму ўдзячная!
– Чаму вырашыла спыніц-ца менавіта на веславанні?
– Калі ў Белавежскі прыехалі трэнеры з Брэста з мэтай набору дзяцей у вучылішча алімпійскага рэзерву, я і ўяўлення не мела, што такі від спорту ўвогуле існуе. Помню, што ў той час хварэла. І Сяргей Генадзьевіч патэлефанаваў мне дадому, папрасіў абавязкова прыйсці ў школу. Там мяне сустрэлі два трэнеры, задалі некалькі пытанняў… Вярнулася дадому і адразу – да бацькоў. Хацела параіцца, але яны сказалі, што мушу зрабіць гэты лёсавызначальны выбар цалкам самастойна. Яны ведалі мяне і разумелі: калі вазьмуся за нешта, абавязкова давяду да канца.
Праз пэўны час нас, згодных паспрабаваць, запрасілі на праглядныя зборы, падчас якіх і я, і іншыя рабяты вучыліся садзіцца ў лодку. Гэта было захапляльна! Мне так спадабалася, што ўзнікла проста неадольнае жаданне веславаць! Я прайшла агляд у дыспансеры спартыўнай медыцыны, была адабраная трэнерамі па фізічных ды валявых якасцях і паступіла ў вучылішча, дзе займалася з 8 да 11 класа.
– Ці лёгка ўтрымацца там?
– Вельмі нялёгка! Улічваецца ўсё: і паспяховасць у звычайнай вучобе, і спартыўныя дасягненні. Калі не выканаеш свой індывідуальны план, ставіцца пытанне аб адлічэнні.
– Апішы, калі ласка, звычайны дзень навучэнца вучылішча алімпійскага рэзерву.
– Пад’ём у мяне быў а пятай гадзіне раніцы, трэніроўка на канале з 7.30 да 8.40, потым – паездка ў вучылішча на сняданак, далей – вучоба з 9.00 да 12.30, абед, зноў трэніроўка ў 16.00 (на вадзе і ў зале), каля 20.00 мы вярталіся ў вучылішча. Прыязджалі, елі, за ўрокі і спаць. І так год за годам. Выходзіш на трэніроўку – цёмна, прыходзіш – цёмна. (Усміхаецца.)
– Хто з’яўляецца сёння тваім трэнерам?
– Мой асабісты трэнер – Сяргей Міхайлавіч Ніканчук, але з ім цяпер не трэніруюся, бо знаходжуся ў пастаянных раз’ездах з Нацыянальнай камандай Рэспублікі Беларусь па веславанні. А ў самой камандзе трэнер жаночай зборнай – Павел Ігаравіч Мудрагель. Я ўдзячная ім абодвум за тое, што выхавалі ўва мне байца, які да апошняга будзе змагацца за перамогу. Яны ўмеюць падтрымаць і супакоіць мяне. Дзякуй ім за шанец паказаць сябе!

– Цяпер ты ўжо студэнтка?
– Так. Вучуся на 3 курсе Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Шамякіна.
– Ці застаецца ў цябе вольны ад вучобы і збораў час? Калі так, то чым яго займаеш?
– Вольную хвілінку падчас збораў стараюся прысвяціць адпачынку і аднаўленню. А калі выпадае перадышка пасля сезона і можна пабыць дома, стараюся бавіць як мага больш часу з роднымі – мне іх вельмі не хапае! Разам з тым, ніколі не расслабляюся – заўсёды развіваюся і вучуся новаму.
– Родныя, напэўна, пільна сочаць за тваімі поспехамі і ганарацца табой…
– Так, яны заўсёды падтрымліваюць мяне… Самы хвалюючы момант – гэта калі стаіш у стартавай сістэме і разумееш, што на цябе зараз глядзяць твае родныя. І ад гэтага адразу ж з’яўляецца жаданне зрабіць усё, на што здольная! Я хачу, каб мая сям’я была шчаслівая, бо тады шчаслівая і я.
– Ці ёсць у цябе сапраўдныя сябры і сяброўкі сярод спартсменаў? Ці вы хутчэй канкурэнты?
– Ёсць людзі, з якімі мне прыемна мець зносіны. Помню, калі толькі прыйшла ў Нацыянальную каманду Беларусі па веславанні, дзе трэніруюся ўжо даволі працяглы час, мне хацелася наладзіць цёплыя ўзаемаадносіны з усімі, здавалася: як жа гэта крута – сябраваць з чэмпіёнамі! Але з цягам часу ўбачыла, як моцна грошы псуюць людзей, і зразумела, што нягледзячы ні на што заўсёды трэба заставацца чалавекам. Наша жаночая зборная складаецца з шасці дзяўчат, і ўсе такія розныя! Канкурэнцыя вельмі моцная, але мы стараемся падтрымліваць адна адну.
– Пералічы свае самыя значныя спартыўныя дасягненні.
– Першыя мае міжнародныя спаборніцтвы былі у 2017 годзе – чэмпіянат Еўропы сярод моладзі і юніёраў у Сербіі (я была юніёрам). У экіпажы з Наталляй Трухановіч мы заваявалі 3 месца на дыстанцыі 200 метраў.
У 2018-м у Італіі сярод моладзі да 23 гадоў таксама ў экіпажы з Наташай заваявалі серабро на дыстанцыі 200 м.
У тым жа годзе на чэмпіянаце свету сярод ВНУ я займела 2 сярэбраныя медалі ў адзіночцы і 2 залатыя ў экіпажы, а на еўрапейскіх спаборніцтвах у Партугаліі (сярод ВНУ) – два залатыя ў адзіночцы.
Летась у Чэхіі (сярод моладзі да 23 гадоў) у экіпажы з Дарынай Пікулёвай – 3 месца на алімпійскай дыстанцыі 500 м.

– Як лягчэй перамагаць: у пары ці самастойна?
– Перамагаць наогул нялёгка. Гэта велізарная праца. Людзі бачаць толькі прыгожы медаль і фота з усмешкай, а на самой справе за гэтым усім столькі поту і слёз!
– Якая перамога для цябе самая каштоўная?
– Бронзавы медаль, заваяваны ў экіпажы ў 2019-м. Мне здаецца, мы з Дарынай зрабілі тады немагчымае… Прайгралі старт, але за дыстанцыю дагналі сваіх сапернікаў і пазмагаліся за медаль.
– Каму прысвячаеш свае перамогі?
– У 2016 годзе пайшла з жыцця мая мама… Яна была для мяне ўсім. Тады я, 16-гадовая, нават уявіць не магла жыццё без яе, думала: усё, скончана. Мне хацелася кінуць спорт, вярнуцца дадому і дапамагаць тату, бо ён застаўся адзін з маімі сёстрамі 9 і 17 гадоў… Сёння ўсе мае старанні прысвячаюцца маме. Я ведаю, што яна ганарыцца мной, і дзякую Богу за яе, самую лепшую ў свеце!
– Калі ты стала майстрам спорту міжнароднага класа і чаго для гэтага патрэбна было дасягнуць?
– У 2018 годзе ў Італіі. Неабходна было заняць 1 ці 2 месца на еўрапейскіх спаборніцтвах сярод моладзі. І мы з напарніцай здолелі.

– Як спраўляешся з няўдачамі?
– Калі гонка прайшла няўдала, я заўсёды кажу сабе: значыць, недзе недапрацавала, трэба старацца лепш. Дзякуючы няўдачам з’яўляецца матывацыя даказаць самой сабе, што можаш больш, чым думаеш.
– Ці ёсць у цябе прыкметы, што садзейнічаюць поспеху? Або талісман?
– Не. Мой талісман – гэта малітва перад наступнай гонкай.
– Што для цябе спорт?
– На дадзены момант ён – маё жыццё.
– Аб чым ты марыш?
– Як любая дзяўчына, пра сям’ю і дзяцей.
– Ці бывалі выпадкі, калі хацелася вярнуцца да звычайнага жыцця без спорту?
– Такія думкі наведваюць мяне звычайна, калі стамляюся. Бывае так, што няма сіл нават гаварыць, усё здаецца пустым. Прафесійны спорт – гэта ўжо не для здароўя, хутчэй наадварот. Ты аддаеш яго, каб заваяваць узнагароду.
– Хто для цябе прыклад у спорце?
– Не задумвалася над гэтым.
– Зараз, напэўна, большасць спаборніцтваў адмененая. Да чаго цяпер рыхтуешся?
– Мы не ведаем, што нас чакае, але верым: спаборніцтвы будуць!
– І будуць перамогі!
Апошняе дадаю ўжо ад сябе і ніколькі не сумняваюся. А вы?
Настасся НАРЭЙКА.
Фота з архіва Ірыны ВІХРУК.
Это может быть интересно:
-
Угонщицу из Каменца приговорили к двум месяцам ареста
-
На улице Пограничной в Каменце, где идут ремонтные работы, уже есть на что посмотреть
-
Выездной прием заместителя председателя экономического суда области прошел в Каменце
-
За выгодными покупками — в офис продаж Белтелеком
-
Петр Пархомчик с рабочим визитом побывал сегодня в Каменецком районе