Снэгі, Грынч і Дзед Мароз. Казка на новы лад?

Нядаўна прачытала недзе ў інтэрнэт-прасторы: “Не забудзьцеся 31 снежня ў 23.55 выйсці з сацыяльных сетак і сустрэць Новы год”. Гэты выраз і смешны, і сумны адначасова, бо камп’ютары ды смартфоны не толькі адваёўваюць у нас вольны час – яны спрабуюць замяніць сабою жывыя зносіны, сапраўдныя пачуцці, людзей побач. Што здзіўляцца, калі нават Снягурка, добрая ўнучка Дзядулі Мароза, падпала пад гэты небяспечны ўплыў? “Як так?!” – абурыцеся вы. А вось так! І адбылося гэта падчас навагодняга ранішніка “Выкрадальнік свята” ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Каменца…

У той вечар ля ёлачкі з бліскучымі агеньчыкамі каго толькі не было! І Сняжынка, і Зайчык, і Воўск, і Ліса, і Мядзведзік, і Чырвоная Шапачка… У іх на час ранішніка пераўтварыліся дзяўчынкі і хлопчыкі і падбадзёрвалі малечу ўдзельнічаць у святкаванні.

На вачах гледачоў разгарнулася павучальная навагодняя гісторыя, галоўнымі героямі якой сталі Дзядуля Мароз (Сяргей Бакун), Снягурка (Варвара Грыб), Зіма (Аляксандра Дацкевіч) і Грынч (Алег Бойка). Апошняга разбудзіла і прывяла на свята ўнучка зімовага чараўніка, якая за лета паспела паглыбіцца (з галавою!) у віртуальнае жыццё і нават новае імя займела – Снэгі (модна, маладзёжна, але… не душэўна).

Грынч, вядомы сваім цяжкім характарам і не надта прывабным знешнім выглядам, быў прызначаны распарадчыкам свята, але ўрэшце рэшт раззлаваўся на сваю сяброўку Снэгі і… выкраў у дзетак свята! Згасла ёлачка, перасталі бліскацець на ёй агеньчыкі! Што рабіць? Ратаваць святочны настрой давялося агульнымі намаганнямі, паклікаўшы на дапамогу, вядома ж, Дзядулю Мароза. Няпростыя і адначасова вясёлыя заданні ахвотна выконвалі і малыя, і дарослыя. У выніку лясная прыгажуня зноў засвяцілася на радасць усім. Ці… Не ўсім. Гэта заўважыў мудры Дзядуля Мароз і выправіўся на пошукі Грынча, бо кожны заслугоўвае свята, дабрыні і цеплыні.

Вяртанне зеленавалосага персанажа і ўзнагароджванне яго медалём лепшага распарадчыка свята сталі завяршальным акордам навагодняй гісторыі. Снэгі зноў стала звыклай кожнаму Снягуркай, а Дзед Мароз зручна ўладкаваўся перад ёлкай, каб слухаць вершыкі і дарыць падарункі малечы. Радасці дзіцячай не было межаў! А мы можам зрабіць яшчэ адну выснову: ніякія новыя тэхналогіі не заменяць жывых цёплых чалавечых зносін.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Наталлі КАЎПАНЬКІ.