Шлях да 17 верасня. Беларусы хацелі аб’яднацца…

Ведаю камянецкую сям’ю, якая гадоў восем назад адправіла дачку на вучобу ў адзін з універсітэтаў Польшчы. Але менш як праз год дзяўчына вярнулася дадому. Маці неахвотна казала: “Там на лекцыях пачалася такая прамыўка мазгоў, што трэба было забыць амаль усё, чаму вучылі тут у школе. З-за такога раздваення пачала часцей хварэць, рэдка была ў добрым настроі… І мы сказалі: “Вяртайся”. Не змагла прызвычаіцца да новых каштоўнасцей, новых для яе тлумачэнняў гісторыі і нават геаграфіі, новых прыярытэтаў. Зразумела, што гэта для яе чужое, хоць і мела карту паляка.

Падчас нядаўняй Вялікай размовы Прэзідэнт не абышоў увагай і такое стымуляванне краінамі-суседкамі выезду грамадзян Беларусі за мяжу. Упэўнены, што тыя, каму на Захадзе “прамылі мазгі”, наўрад ці прынясуць карысць Радзіме…

Не сакрэт, што ў Польшчы адкрыта настальгіруюць па часах Рэчы Паспалітай. Даўно абмяркоўваецца праект Міжмор’я – гіпатэтычнага наддзяржаўнага аб’яднання Польшчы, Украіны, Беларусі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Малдавіі, Венгрыі, Румыніі, Славакіі, Чэхіі і, магчыма, нават Фінляндыі. Кіраваць гэтым “гігантам” маюць намер, вядома, самі палякі. Ніяк не могуць забыць, як у 16 ст. пасля канчатковага аб’яднання з Вялікім княствам Літоўскім Польшча прасціралася ад Балтыйскага мора да Чорнага.

Яшчэ ў верасні 2016-га беларускі апазіцыянер Андрэй Саннікаў на адной з канферэнцый у Варшаве адкрыта заявіў , што ажыццяўленне плана Міжмор’я магло б дапамагчы постсавецкім рэспублікам, якія не ўвайшлі ў ЕС, пазбавіцца ад уплыву Расіі. Але найперш, маўляў, трэба разабрацца з “дыктатурай” Лукашэнкі. Як імкнуліся гэта зрабіць, мы бачылі не так даўно…

Нароўні з Днём Перамогі, Днём Незалежнасці Беларусі патрэбны і Дзень народнага адзінства. Наша краіна вельмі прывабны рэгіён у цэнтры Еўропы. Таму так важна захаваць адзінства і памятаць, як яно адбылося. А гэта іменна 17 верасня 1939 года…

Кола гісторыі

Пасля таго, як у 1921-м заходняя частка Беларусі апынулася пад уладай Польшчы (паводле умоў Рыжскага мірнага дагавору), падзеі 17 верасня – найвялікшая гістарычная справядлівасць. Гэта здарылася праз 16 дзён пасля пачатку Другой сусветнай вайны, калі амаль уся карэнная тэрыторыя Польшчы была ўжо занята польскімі войскамі.

Аднак шлях да 17 верасня быў няпросты. Ніводная беларуская нацыянальная сіла не прызнавала Рыжскі дагавор, бо ён быў антыбеларускім па самой сутнасці. Частка насельніцтва Беларусі аддзеленая гэтым несправядлівым дагаворам (ён быў падпісаны без удзелу беларусаў), апынулася ў іншай краіне і не мела нават статусу нацыянальна-культурнай аўтаноміі. Таму многія беларусы падтрымлівалі ідэю аб’яднання з БССР. Тым больш што савецкай уладай у агітацыйнай рабоце сярод насельніцтва Заходняй Беларусі рабіўся ўпор на тое, што беларускі народ мае сваю дзяржаўнасць у складзе Савецкага Саюза.

Нізавыя ячэйкі КПЗБ (створана ў 1923-м)агітавалі за аб’яднанне нацыі. А палякі праводзілі палітыку апалячвання, што не падабалася большасці беларусаў.

Нашы землякі былі актывістамі

На Камянеччыне работу па стварэнні партыйных ячэек вёў Сямён Дубовік, адзін са стваральнікаў КПЗБ. Ён вярнуўся в Вільні на радзіму ў кастрычніку 1923-га, і ўжо праз паўгода партячэйкі дзейнічалі ў многіх населеных пунктах.

У кнізе “Памяць. Камянецкі раён” ёсць спасылка на ліст, што захоўваецца ў Дзяржаўным абласным архіве і на якім занатаваны састаў Камянецкага райкама КПЗБ, выбранага вясной 1925-га на сходзе камуністаў у лесе Вішанька каля Чамяроў: Захар Грышкоўскі – сакратар, Абрам Крывецкі – тэхнік (абавязкі – распаўсюджванне камуністычнай літаратуры), Дзяніс Козел – касір, Ануфрый Ліповік– адказны за сувязі з МОПРа (международная организация помощи революционерам)… Побач – прозвішчы членаў Лескаўскага, Крыўлянскага і Навіцкавіцкага падрайкамаў КПЗБ, а таксама радавых камуністаў ячэек – усяго 34 чалавекі…

Той жа вясной адбыўся першамайскі мітынг у Каменцы, куды з рэвалюцыйнымі песнямі, чырвонымі сцягамі і лозунгамі прыйшлі і сяляне з навакольных вёсак. Перад натоўпам выступіла член КПЗБ Праскоўя Дзмітрук. Мясцовая паліцыя спрабавала разагнаць людзей, але натыкалася на сцяну дэманстрантаў, якія пасля мітынгу яшчэ і прайшлі па вуліцах Каменца. Аднак з’явілася конная паліцыя з Брэста, і пачалася расправа над удзельнікамі шэсця…


Каменец. Плошча Рынак, 1924 год

Дэфензіва (палітычная паліцыя на той час у Польшчы) засылала ў рады камуністаў тайных агентаў. Па іх даносах зімой 1926-га было затрымана 47 камуністаўі камсамольцаў, а ноччу 8 лютага паліцыя арыштавала і вышэй згаданага Захара Грышкоўскага. Следства ішло амаль паўгода. Дапытвалі ўсіх членаў Лескаўскай партячэйкі. Арыштаваным убівалі іголкі пад пазногці,прыціскалі пальцы дзвярыма, да крыві білі гумавымі бізунамі. Гэтак жа катавалі і важака камуністаў Грышкоўскага, якога тры гады трымалі ў Беластоцкай турме.

Тыя, хто заставаўся на волі, ва ўмовах падполля працягваліагітацыйную работу. Да 1931 года Камянецкі райкам КПЗБ распаўсюдзіў сваю дзейнасць на Дзмітровіцкую, Ратайчыцкую гміны і частку Пружанскага павета.

У Турне асаблівай баявітасцю вызначаліся маладыя камуністы Чарнаўчыцкага РК КПЗБ Павел Шкута і Яўген Пякарскі. Яны былі арыштаваны ў 1931-м і асуджаны да зняволення. Першы з іх памёр у Беластоцкай турме. Ад здзекаў у турме памёр і Спірыдон Балюк са Смольнікаў…

Выдатным арганізатарам быў Карп Кузько, які ў 1927-1932 гадах працаваў у лясніцтве ў Пашуцкай Будзе, быў сакратаром падрайкама КПЗБ у Вуглянах.

“Крэсы ўсходнія” не хацелі быць этнаграфічнай масай

Як сведчаць дакументы Дзяржархіва Брэсцкай вобласці, у 1924-м пачаў работу Высокаўскі райкам КПЗБ. Найбольш камуністаў было ў Даўбнёве. На арганізацыйны сход сюды прыязджала інструктар ЦК КПЗБ Вера Харужая.

Ці не ў кожнай вёсцы Вярховіцкай гміны дзейнічалі партыйныя ячэйкі. У ліку актывістаў – Мікалай Чыквін і Максім Багачук з Хлевішча, Рыгор і Пётр Караваі са Ставішча, Міхаіл Кучыц з Сухадола, Фама Нікіцюк з Бярозаўкі, браты Раманюкі з Каленкавіч…

1 мая 1931-га Воўчынскімі партыйцамі праведзена дэманстрацыя ў Навасёлках, дзе па вуліцы прайшла моладзь – неслі два чырвоныя сцягі і спявалі “Інтэрнацыянал”. Камуністы Дзяменцій Пранько, Сцяпан Пятручык, Марыя Бень, Іван Хоміч агітавалі сялян адмовіцца ад падатковай і шарваркавай (дарожнай) павіннасці. Калі пазней войт гміны і паліцэскія прыехалі апісваць маёмасць сялян за нядоімку, яны выступілі супраць іх. На другі дзень сюды прыбыў атрад паліцыі, было арыштавана амаль паўсотні чалавек…

Паліцыя нярэдка прымяняла зброю пры разгоне натоўпу. У 1927-м у Ставах быў забіты селянін Калістрат Чэчка, а двое атрымалі раненні…

У 1930-я гады на “крэсах усходніх” польскія ўлады праводзілі  хутарызацыю, што мела свае палітычныя мэты, але на перасяленне патрэбны былі грошы. Да 1939-га на хутары было выселена 725 сялянскіх гаспадарак, што падабалася далёка не ўсім. Як і тое, што ў школах толькі польская мова навучання, што на лячэнне ў бальніцы трэба было прадаць карову, а то і дзве, што лясы масава высякаюцца,а новыя ніхто не садзіць… Дарэчы, восенню 1932-га пачалася забастоўка лесарубаў у Белавежскай пушчы, якая была важнай крыніцай прыбыткаў польскага ўраду. Рабочыя патрабавалі павышэння заробку і прыняцця мер па бяспецы працы. Ляснічы запрашаў штрэйкбрэхераў, выклікаў паліцыю, былі пасаджаны ў турму сяляне з Падбельскіх Агароднікаў Цімафей Кісляк, Даніла Дземянчук, Пётр Ярашук, Афанасій Кісляк… І ўсё ж не без тайнай дапамогі  актывістаў КПЗБ рабочым лесу ўдалося дабіцца патрабуемага…

Пасведчанне аб заканчэнні школы ў Каменцы. 1935 год

У 20-я гады на мяжы Заходняй Беларусі з БССР дзейнічала контррэвалюцыйная банда генерала Булак-Балаховіча, якую фінансаваў Генштаб польскай арміі і якая з тэрыторыі Белавежскай пушчы рабіла набегі на землі Усходняй Беларусі. Для барацьбы з гэтымі варожымі групоўкамі былі прызваны значныя сілы. Сярод іх быў і наш зямляк з Апакі (гэтай вёскі ў Вярховіцкім сельсавеце ўжо няма) Андрэй Абрамовіч. Калі балахоўцы былі раззброены, ён трапіў пад пільную ўвагу польскай дэфензівы. У снежні 1928-га на граніцы з СССР быў арыштаваны і пасля жорсткага допыту прыгавораныда 10 год турмы. Ён цалкам адбыў гэты тэрмін. Але як толькі выйшаў на волю, зноў быў схоплены польскай паліцыяй. Без суда яго адправілі ў канцлагер у Бярозу-Картузскую, вядомы страшэнныміздзекамі над людзьмі. За калючым дротам у пяць радоў ён знаходзіўся да прыходу Чырвонай арміі…

Падзеі разгортваліся імкліва

Вызваленчы паход не суправаджаўся фармальным аб’яўленнем Польшчы вайны з боку СССР, а толькі ў 3.15 раніцы 1939-га прадстаўніком Народнага Камісарыяту замежных спраў Саюза ССР польскаму паслу была зачытана і ўручана нота, дзе ўвод савецкіх войскаў тлумачыўся неабходнасцю “защиты жизни и имущества населения Западной Белоруссии и Западной Украины». Той жа раніцай польска-савецкую граніцу перайшлі 21 стралковая і 13 кавалерыйскіх дывізій, 16 танкавых і 2 мотастралковыя брыгады Чырвонай арміі. У той аперацыі ўдзельнічалі каля 700 тыс. чалавек.


Рэчыца. Памяць пра Сямёна Дубовіка захоўваюць не толькі землякі

Савецкім войскам было забаронена падвяргаць авія- і артылерыйскай бамбардзіроўцы населеныя пункты і польскія войскі, якія не аказвалі супраціўлення. Савецкія часці імкнуліся пазбягаць узброеных сутычак. Такія мяккія адносіны былі абумоўлены і тым, што ў той час нямала беларусаў і ўкраінцаў было прызвана ў польскае войска…

Старажылы Камянеччыны сведчаць, што падзеі ў тыя дні разгортваліся вельмі хутка. Насельніцтва прыязна сустракала Чырвоную армію. 28 кастрычніка 1939-га ў Беластоку адкрыўся Народны Сход Заходняй Беларусі, у якім прынялі ўдзел нашы землякі Карп Кузько, Яўген Пякарскі, Праскоўя Дзмітрук. А праз чатыры дні нечарговая сесія Вярхоўнага Савета СССР, заслухаўшы заяву паўнамоцнай камісіі Народнага Сходу Заходняй Беларусі, пастанавіла: “Задаволіць просьбу і ўключыць Заходнюю Беларусь у састаў СССР з уз’яднаннем яе з БССР”. Жыццё было напоўнена верай у перамены. Ніхто яшчэ не ведаў, якая жудасная вайна чакае наперадзе…

У старонкі гісторыі ўглядалася Галіна НОВІК.

Фатаграфіі прадастаўлены жыхарамі раёна ў межах праекта “Камянеччына на старых фота” (аўтар праекта – Андрэй Асташэня) і з адкрытых крыніц.