Трэцяга лютага судом Камянецкага раёна, які ўзначальвала Вікторыя Ляўчук, разглядалася справа, узбуджаная супраць жыхара Дагестана (Расійская Федэрацыя), 1987 г. н., якога абвінавачваюць у арганізацыі незаконнай міграцыі, здзейсненай групай асоб па папярэдняй змове (ч.2 арт.371-1 Крымінальнага кодэкса РБ).
Згодна з матэрыяламі следства, летась за 1,5 тысячы еўра ён разам з саўдзельнікам-брастаўчанінам, справа якога выдзеленая ў асобную вытворчасць, прадаставіў 5 жыхарам Чачні неабходныя для незаконнага “начнога праменаду” рэчы (нажніцы па метале, вяроўку, воданепрымальныя плашчы, сімкарту), арганізаваў іх дастаўку з Брэста ў Лумну, каардынуючы дзеянні групы па тэлефоне, на месцы паказаў, куды рухацца, каб незаконным чынам перайсці граніцу і апынуцца ў суседняй Польшчы. Вынік? “Вандроўнікі” былі затрыманы на польскім баку. Саўдзельнік абвінавачанага знік, а ён сам апынуўся на лаве падсудных.
Абвінавачаны сваю віну не прызнаў і ў судзе паказаў, што проста хацеў незаконна перайсці граніцу разам з чачэнцамі з мэтай пошуку лепшых умоў жыцця ў ЕС. Гэта ён паспрабаваў пацвердзіць уласным дэталёвым апісаннем падзей ночы з 1 на 2 чэрвеня і перыяду, што ёй папярэднічаў. Так, напрыканцы мая дагестанец знаходзіўся ў Брэсце з той прычыны, што накіроўваўся праз Беларусь і Польшчу ў Германію да брата. Пераадолець граніцу паміж РБ і РП законна думка неяк не ўзнікла. Таму абвінавачаны знайшоў у абласным цэнтры землякоў і распытаў іх пра магчымасці злачыннага пераходу. Хутка адшукаўся жыхар Брэста, гатовы дапамагчы, не прымусілі сябе чакаць і яшчэ пяцёра аматараў падарожнічаць без візы (сям’я, дарэчы).
Дарога абяцала быць няпростай, таму для перабежчыкаў набылі неабходныя рэчы. Цікава, што пераадольваць перашкоду ў выглядзе ракі планавалася з дапамогай выратавальных кругоў, аднак з прычыны іх адсутнасці ў продажы былі куплены воданепрымальныя плашчы… Хутка сумкі былі сабраныя, маршрут распрацаваны і вывучаны на мясцовасці, “легенда” прыдуманая (едзем на базу адпачынку), грошы (і немалыя!) перададзеныя, ноч выбраная, заставалася паклапаціцца пра транспарт.
Абвінавачаны і арганізатар звярнуліся па дапамогу да знаёмых, якія згадзіліся аказаць паслугі па перавозцы кампаніі на двух аўто на базу адпачынку. Вечарам 1 чэрвеня выправіліся ў дарогу. У першай машыне ехаў брастаўчанін, у другой – пяцёра сямейнікаў і абвінавачаны. Першы прыпынак зрабілі самі на запраўцы, а вось другі стаў вымушаным: першае аўто напаткала пагранічніка. Ён меў звесткі аб тым, што ў гэтую ноч плануецца незаконнае перасячэнне граніцы. Аднак праверка дакументаў і паведамленне аб паездцы на базу адпачынку не выглядалі падазронымі. Паездка прадоўжылася, а вось пасажырам другой машыны давялося пахвалявацца, калі першую спынілі для праверкі. Абвінавачаны заявіў, што ў яго і раней было жаданне адмовіцца ад злачыннай задумы, а тут яно стала канчатковым рашэннем.
Спыніліся. Абвінавачаны паказаў астатнім нелегальным падарожнікам далейшую дарогу і вярнуўся ў Брэст. У хуткім часе перабежчыкі былі злоўлены – і клубок злачынства пачаў разблытвацца. Чарговае пасяджэнне суда прызначана на 22 лютага. На яго мусяць з’явіцца яшчэ два сведкі.
P.S. Магчыма, з часам атрымаецца адшукаць і таго самага жыхара Брэста. Тады мы пачуем яшчэ адну версію гэтай гісторыі…
Настасся НАРЭЙКА. Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
50 бывших работников ОАО «Беловежский» поздравили с Днем пожилых людей
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
Об установлении средних нормативов потребления тепловой энергии на подогрев 1 кубического метра воды
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМАХ Г.КАМЕНЦА
-
В Долбизно прошел сельский сход с представителем областного управления МЧС