Сцежкі Аляксея Яўташука

Адзінаццацікласнік Аляксей Яўташук – гонар Камянюцкай СШ. Менавіта такое меркаванне склалася ў мяне падчас запісвання ў журналісцкі штодзённік яго шматлікіх дасягненняў. Школьнік расказвае пра іх так проста, нібыта за перамогамі ў конкурсах і спаборніцтвах не стаяць шчырая праца і глыбокія веды. Ганарлівасці я таксама не заўважыла. Адкуль жа бяруцца такія таленавітыя маладыя людзі? З сям’і.

Яна ў Аляксея сапраўды “пушчанская”. Прадстаўнікі – пакаленне за пакаленнем – звязваюць сваё жыццё з запаведным лесам у тым ці іншым выглядзе. Дзядуля 30 гадоў працаваў ляснічым у знакамітым Нацыянальным парку, бабуля – у бухгалтэрыі там жа. Тата майго героя выконвае сёння абавязкі лесніка, а старэйшы брат – тэхніка-паляўніцтвазнаўцы. Мама распачала ў сям’і, калі можна так сказаць, “педагагічнае адгалінаванне” – выкладае ў пачатковых класах Камянюцкай СШ, аднак і яна ў свой час заняла 2 месца на злёце лесаводаў.

Сам Аляксей актыўна ўдзельнічае ў жыцці школьнага лясніцтва. У яго ды брата ёсць яшчэ дзве сястрычкі. Старэйшая – Наталля – заканчвае Брэсцкі педагагічны ўніверсітэт і будзе (хто б сумняваўся?) настаўніцай хіміі і біялогіі. Цяпер яна праходзіць практыку ў Камянюцкай СШ, а пасля выпуску плануе адпрацоўваць менавіта тут два гады размеркавання.

Малодшай дзяўчынцы з сям’і Яўташукоў Дашы – 8 гадоў. У яе яшчэ шмат часу на тое, каб вызначыцца, з чым звязаць сваё жыццё: з лесам ці з педагогікай. Пры тым, што яскравыя прыклады і таго, і другога – перад вачамі кожны дзень.

Цяпер вернемся да Аляксея… Як ужо адзначалася раней, з 8 класа ён наведвае заняткі школьнага лясніцтва разам з 12 сябрамі, а вядзе іх Таісія Пятроўна Чарнова. Юныя аматары прыроды не толькі вывучаюць яе ў тэорыі, але яшчэ і назіраюць, так бы мовіць, у “палявых умовах”, вывучаюць раслінны і жывёльны свет пушчы, робяць карысныя запісы, падкормліваюць птушак. Цесна супрацоўнічаюць з імі работнікі Нацыянальнага парка.

У 2014 годзе Аляксей Яўташук удзельнічаў у абласным конкурсе юных лесаводаў і прывёз 1 месца ў асабістым заліку, а летась стаў уладальнікам 2 месца ў асабістым заліку аналагічнага рэспубліканскага конкурсу.

На такіх спаборніцтвах юных лесаводаў звычайна чакаюць няпростыя заданні. Напрыклад, выдзяляецца квадрат лесу, усе расліны якога трэба пералічыць і апісаць. Часам неабходна пазнаць расліну па насенні, птушку – па слядах ці голасе. Цікавасць да лесу выхоўвалася ў юнаку з дзіцячых гадоў, якія прайшлі ў вёсцы Белая. Ды і прыклад родных людзей – лепшы стымул.

Ёсць у Аляксея яшчэ адно не менш цікавае захапленне – турызм. Ён з’яўляецца кандыдатам у майстры па турысцка-прыкладным мнагаборстве і ўжо мае ў сваёй скарбонцы нямала значных перамог. Двойчы ўдзельнічаў у турысцкім злёце вучняў Саюзнай дзяржавы ў Маскве: пазалетась быў у складзе каманды, што заняла 3 месца, а летась заняў 2-е ў асабістым заліку (спартыўнае арыентаванне); з рэспубліканскіх спаборніцтваў у 2015-м прывёз 1 месца ў асабістым заліку (“плюс” да таго – 2-е каманднае), у 2016-м – 3-е ў асабістым (“плюс” 1-е каманднае). Пералік, зразумела ж, далёка не поўны…

“Смак” да турызму майму герою прывіў старэйшы на 7 гадоў брат Аляксандр. Ён для малодшанькага – добры сябар, дружалюбны і не вельмі строгі.

За справамі ляснымі і турыстычнымі не забывае Аляксей і пра вучобу. Любіць геаграфію, аднойчы стаў першым у раённай алімпіядзе, пазней – трэцім у абласной.

З вялікай павагай юнак пера­лічвае імёны сваіх педагогаў, якім многім абавязаны: гэта і класны кіраўнік Таццяна Рыгораўна Чайчыц, і першая настаў­ніца Раіса Георгіеўна Сяргеева… Захоплена расказвае пра свой дружны клас, з якім развітвацца ўжо ў 2017-м будзе цяжка.

Аляксей знаходзіць час таксама і для заняткаў спортам, бегае, гуляе ў валейбол, футбол. У вольную хвілінку, што выпадае рэдка, ахвотна чытае кнігі аб жывёлах і “Гары Потара”. У інтэрнэце проста так, без карысці, не сядзіць: шукае нешта патрэбнае для вучобы і сваіх асноўных захапленняў.

З будучай прафесіяй Аляксей Яўташук пакуль не вызначыўся. Якія сцежкі ён абярэ? Лясныя ці турыстычныя? Час пакажа…

Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий