У сераду, 14 снежня, сваё 25-годдзе адзначыла самая шматлікая жаночая грамадская арганізацыя нашай краіны – “Беларускі саюз жанчын”. У паўсядзённых зносінах – а сустракацца выпадае часта – яго прадстаўніцы звяртаюцца адна да адной цёплым словам “сяброўка”. І сябраваць (чытайце – падтрымліваць, дапамагаць) яны ўмеюць як паміж сабой, так і з іншымі людзьмі. Аб гэтым – інтэрв’ю-справаздача са старшынёй Камянецкай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Аленай Шаблінскай.
– Алена Іванаўна, прапаную перш-наперш звярнуцца да гісторыі раённай арганізацыі, якой кіруеце з 2013 года.
– Пачынальнікамі ў гэтай важнай справе былі ў свой час Марыя Іванаўна Пяркоўская, Ніна Астапаўна Нікіцюк, Надзея Паўлаўна Нікіціна, а потым – я.
– Колькі членаў налічвае арганізацыя сёння?
– Больш за паўтары тысячы. Увогуле ж на Камянеччыне, па даных на пачатак бягучага года, – 35 666 жыхароў. 18 699 з іх – жанчыны.
– А пярвічак…
– Трыццаць чатыры. Самыя шматлікія працуюць у ААТ “Агра-Зарэчча” – 118 членаў, рэспубліканскім санаторыі “Белая вежа” – 70, тэрытарыяльным цэнтры сацабслугоўвання, які ўзначальваю, – 84, ААТ “ААБ Беларусбанк” – 47…
– Вы, безумоўна, цесна супрацоўнічаеце з прадстаўнікамі мясцовай улады.
– Павінна адзначыць, што падтрымка з гэтага боку даўно стала традыцыяй. У свой час маім папярэдніцам заўсёды дапамагала ва ўсіх пачынаннях колішні старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Данілаўна Стасюк, а мяне сёння падтрымлівае Ірына Іванаўна Нігерыш. Прыемна ўжо тое, што старшынёй райсавета з’яўляецца жанчына. Акрамя таго, прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва складаюць 41 працэнт ад усіх дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў нашага раёна. Без сумненняў, гэта – на карысць.
– Ёсць у вас таксама іншыя сябры?
– І нямала, на шчасце. Гэта прадстаўнікі выканаўчай і распарадчай улады, як я ўжо сказала, грамадскіх арганізацый (“Белая Русь”, “БРСМ”, савет ветэранаў), прадпрыемстваў і арганізацый розных форм уласнасці (ТЦСАН, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, аддзел ЗАГС, “Камянецкая ЦРБ”, ААТ “Белавежскі”)… Усіх і не пералічыш!
– Завяршаецца чацвёрты год вашага кіравання раённай арганізацыяй “БСЖ”. Якім быў гэты перыяд?
– На яго прыпала шмат палітычных, гістарычных і культурных падзей у Рэспубліцы Беларусь, у баку ад якіх мы, жанчыны, застацца не маглі ніяк. Гэта выбары Прэзідэнта нашай краіны, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ і ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, 70-годдзе вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне… Ва ўсіх мерапрыемствах нашы прадстаўніцы паказалі свае дзелавыя якасці, актыўнасць і неабыякавасць.
– Якім катэгорыям насельніцтва ваша арганізацыя ўдзяляе асаблівую ўвагу?
– Сем’ям. Да пачатку навучальнага года, напрыклад, рассылаем на прадпрыемствы і ў гаспадаркі раёна лісты з просьбай дапамагчы матэрыяльна шматдзетным бацькам, якія выхоўваюць дзяцей-школьнікаў. Грошы да новага 2015/2016 навучальнага года атрымалі 183 сям’і, сума – 197384 мільёны недэнамінаваных рублёў. Штогод праводзім акцыю “Першы раз у першы клас”, перадаём канцылярскія тавары дзецям з мнагадзетных, няпоўных і нядобранадзейных сем’яў. У 2014-м з нашай дапамогай былі набыты падарункі для ўдзельнікаў агляду-конкурсу «Лепшая мнагадзетная сям’я года».
Не абыходзім увагай і праблему насілля ў сям’і, пра якую, на жаль, жыхаркі нашага раёна даволі добра ведаюць. Удзельнічаем у акцыі “Сям’я без насілля”.
– Працуеце таксама з ветэранамі і пажылымі людзьмі?
– Безумоўна, бо ведаем, што для іх клопат асабліва каштоўны. Напрыклад, сумесна з раённымі ваенкаматам і саветам ветэранаў мы перадалі юбілейныя медалі “70 гадоў Перамогі” шаноўным ветэранам, а дзякуючы спонсарскай дапамозе ТАА «Еўрагандаль» парадавалі іх яшчэ і прадуктовымі наборамі. Не абышлося без нас і ў акцыі “Лісты Вялікай Перамогі”. Акрамя таго, да 8 Сакавіка сёлета ў межах акцыі “Даніна павагі” наша арганізацыя ўручыла сувеніры і віншавальныя паштоўкі жанчынам – ветэранам Вялікай Айчыннай.
– А яшчэ?
– Нашы сяброўкі праводзяць ва ўсіх установах культуры, адукацыі, сацыяльнай абароны, гарсельвыканкамах сустрэчы, тэматычныя вечарыны, сходы, прымеркаваныя да Дня сям’і, Дня маці, Дня інвалідаў і Дня абароны дзяцей. Сама неаднаразова ўдзельнічала ва ўручэнні Ордэна маці, што было вельмі пачэсна.
Да таго ж, прадстаўнікі нашай арганізацыі ў 2015 годзе далучыліся да правядзення ў раёне конкурсу сачыненняў сярод вучняў 8-11 класаў на тэму “За што я люблю сваю вёску”.
– Ведаю, што сёлета адна з сябровак “БСЖ” стала “Жанчынай года”…
– Так. Гэта Наталля Раманюк, гаспадыня аграэкатурыстычнай сядзібы “Тры калодзежы”. І, дарэчы, яна не першая з жыхарак раёна, якая ўдастоілася гэтага ганаровага звання. Па ініцыятыве нашай арганізацыі такі ж гонар выпаў раней Ганне Грушэўскай, Валянціне Крывец і іншым.
Акрамя таго, у 2015 годзе па прапанове прэзідыума раённай арганізацыі 5 цудоўных жанчын Камянеччыны ўнесены ў міжнародную энцыклапедыю “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь”. Сёння на яе старонках стала замацаваліся нашы сяброўкі Людміла Жалязка (сацыяльны работнік аддзялення сацыяльнай дапамогі дома “Камянецкага ТЦСАН”, уладальніца Падзякі Камітэта па працы, занятасцi i сацабароне аблвыканкама і Ганаровай граматы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь…); Валянціна Крывец (кіраўнік узорнага ансамбля эстраднага танца “Капрыз”, уладальніца Ганаровай граматы ўпраўлення культуры аблвыканкама, персанальнай надбаўкі Міністэрства культуры РБ за высокія дасягненні ў сферы культуры і інш.); Ала Агаркава (былы настаўнік англійскай і нямецкай моў Высокаўскай СШ, Заслужаны настаўнік БССР); Ганна Сірацюк (спартсмен-інструктар, чэмпіёнка шматлікіх спаборніцтваў па спартыўных танцах на калясках); Лізавета Фралянкова (былы настаўнік рускай мовы і літаратуры СШ №1 г.Каменец, Заслужаны настаўнік БССР, узнагароджана ордэнамі “За доблесную працу”, “Ветэран працы”, «60 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»).
– Набліжаюцца доўгачаканыя зімовыя святы. Што рыхтуеце да іх?
– Мы штогод спрабуем сябе ў ролі чараўніц і ўжо далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Напэўна, многія бачылі ў асобных магазінах райцэнтра скарбонкі для збору пачастункаў для дзяцей-інвалідаў. Усё, што пакладуць у іх неабыякавыя людзі, пераўтворыцца ў падарункі, якія мы перададзім дзяўчынкам і хлопчыкам падчас навагодніх ранішнікаў у Каменцы і Высокім, арганізаваных аддзеламі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Далучыцца можа кожны грамадзянін, любая арганізацыя і прадпрыемства.
– І на заканчэнне… У чым, на вашу думку, сіла жанчыны?
– У цярпенні, пазітыўным настроі, веры, міласэрнасці і суперажыванні.
І любові – дадам ад сябе. Гэта сцвярджае таксама і гімн “БСЖ”: “Мы – Союз белорусских женщин и любовью своей сильны”.
Гутарыла Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара і з архіва раённай арганізацыі.
P. S. Сёлета ў лістападзе Алена Шаблінская была ўзнагароджана Граматай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” за развіццё жаночага руху ў раёне, накіраванага на абарону інтарэсаў сям’і, мацярынства і дзяцінства і ў сувязі з 25-годдзем арганізацыі. Віншуем!
Это может быть интересно:
-
Департамент охраны приглашает принять участие в республиканском конкурсе творческих работ
-
Стало известно, что изменится в Беларуси с октября
-
Гость нового выпуска программы “Марков. Ничего личного” — РОМАН ПРОТАСЕВИЧ
-
Чем будут вакцинировать белорусов против гриппа и COVID-19 этой осенью
-
Делегация Беларуси во главе с Рыженковым посетит Нью-Йорк для участия в мероприятиях Генассамблеи ООН