Мора… Марыць пра яго можна бясконца! Давайце на некалькі хвілін адкладзем усе штодзённыя клопаты, зручна ўладкуемся з газетай у зацішным кутку, дзе ніхто не патрывожыць, і перанясёмся ў… Судак. Як? Дапаможа ў гэтым невялікае летняе інтэрв’ю з камянчанкай Рытай Падлескай, што не так даўно вярнулася з Крыма поўная ўражанняў.
– Гэта было ваша першае падарожжа на мора?
– Менавіта ў Судаку я адпачывала другі раз, а вось для мужа Максіма паездка стала “прэм’ерай”.
– Карысталіся паслугамі турфірмы?
– Не. У гэтым плане нам пашанцавала. У маёй сяброўкі і кумы па сумяшчальніцтве Кацярыны Кавалёвай мама жыве ў Судаку. Каця паехала праведаць родныя мясціны з мужам Сяргеем і дачкой Эрыкай, а нам прапанавала далучацца. Як было адмовіць? Немагчыма!
– Ці лёгка было дабірацца?
– Цяпер з гэтым складаней, бо даводзіцца ехаць праз Расію. Спачатку з Мінска ў Краснадар нас вёз цягнік. Гэта дарога, у прыватнасці Кубань, асабліва запомнілася мне надзвычай прыгожымі сланечнікавымі палямі. У нас гэтыя расліны адзінкавыя, а тут – цэлае мора. Проста зачароўвае. Глядзела і наглядзецца не магла, нават зрабіла некалькі фатаграфій на памяць.
У Краснадары знайшлі прыватніка, які адвёз нас да пераправы Каўказ, а потым на пароме перабраліся праз Керчанскі праліў. Помню, загрузіліся ўсе – разам з аўтамабілямі – і паплылі. На адлегласці метра ад борта нас суправаджалі дэльфіны…
– Якое яно, мора?
– Вельмі прыгожае! Асабліва ў пасёлку Новы Свет, што недалёка ад Судака. Там у мора пясчанае дно, а вада – вы б бачылі! – самых розных колераў: зялёная, сіняя, блакітная… Мы з Максімам ехалі ў большасці сваёй не загараць, а менавіта плаваць.
– Надвор’е парадавала?
– Першыя два дні ішоў дождж, а потым наладзілася. Да абеду мы звычайна спалі, а потым адпачывалі ўсе адной кампаніяй, улічваючы, зразумела, тое, што з намі было малое дзіця: Эрыцы – 8 месяцаў.
– Якія цікавыя мясціны атрымалася наведаць?
– Пабываць у Судаку і не ўбачыць Генуэзскую крэпасць – гэта злачынства. Пагулялі па ёй удосталь, экскурсавода не бралі, ды і нашто ён, калі муж – гісторык? (Усміхаецца.) Максім распавёў мне шмат цікавага, дзівіўся, што ў крэпасці няма абарончых збудаванняў… Мы падняліся на другі паверх – від адтуль проста казачны! На трэці ў мяне смеласці не хапіла, чакала мужа ўнізе. Незвычайным нам падалося і тое, што па крэпасці можна гуляць, колькі і дзе душа пажадае. Навокал – ніводнага ахоўніка, толькі сям-там папярэджанні аб небяспечных месцах.
Акрамя таго, мы пабывалі ў Топлаўскім Свята-Троіцкім Параскевінскім манастыры, які будуецца цяпер нанава пасля таго, як у 1929-м быў узарваны. Тут ахвотна дзеляцца з людзьмі вадою тры крыніцы. Адна з іх, святой Параскевы, знаходзіцца непасрэдна ў манастыры, другая –святога Георгія – у 1,5 кіламетра, трэцяя – Трох Святых – у 3 кіламетрах. Мы схадзілі да другой.
– Атрымалася зрабіць нейкія пакупкі?
– Як жа без іх? З’ездзілі ў Белагорск, гэта раённы цэнтр каля Судака. Тут можна набыць неабходнае танней удвая. Акрамя таго, у горадзе наведалі магазін сеткі “Герд”, нешта кшталту нашага “Еўраопта”. Не адмаўлялі сабе ў задавальненні пачаставацца фруктамі. Напрыклад, кілаграм персікаў ў іх каштуе 120 рублёў. Параўнайце. Спадабаліся таксама шаўкоўніца і вішні – такія вялікія, што лопаліся на вачах! А яшчэ адкрылі для сябе каліроўку. Гэта гатунак абрыкоса, сумесь з персікам. Вельмі смачна і не так соладка.
– Што прывезлі сябрам і знаёмым з паездкі?
– Магніцікі, гэта калі са звычайнага. А яшчэ цукеркі манпансье з відамі Судака. Салодкі напамін пра салодкі адпачынак.
Настасся НАРЭЙКА. Фота з сямейнага архіва ПАДЛЕСКІХ.
Это может быть интересно:
-
После реконструкции в Каменце открылось здание БТИ
-
В Каменецкой ЦРБ проводится вакцинация для профилактики COVID-19
-
Сегодня у жителей района была возможность обратиться со своими вопросами к депутатам всех уровней
-
«Наши дети» и «От всей души»: новогодние акции Каменецкого района объединяют добрые сердца
-
15 января на встрече с председателем районного Совета депутатов в Новоселках обсудили насущные вопросы