Са Швейцарыі – у Ваўковічы

Больш старадаўняя частка Ваўковічаў “за дарогай” мае і другую назву – Такарэўшчына. Мабыць, ад імя хутара ці вёскі, з якою яны колісь злучыліся. Брукаваная вуліца завяршаецца раскошным лугам, дзе раней пасвіўся вясковы каровін статак. Цяпер жа засталіся толькі дзве рагулі руплівай гаспадыні – Галіны Кабак.

Занядбаных сядзіб тут не бачна. Нават калі хата апусцела, наведваюцца дзеці і ўнукі тых, хто ўжо спачывае на могілках ля Расны. Тры гады назад паве­сіў замок на дзвярах бацькоўскай хаты і Аляксей Ляшчук. Ён даўно стаў гараджанінам, у Брэсце нарадзіліся і выраслі дзеці. Але вёска ніколі не адпускала яго, пры любой магчымасці ехаў і едзе сюды. Дзеля памяці сваіх бацькоў, упэўнены, павінен трымаць ранейшы парадак на сядзібе. Дапамагае ў тым уся сям’я. Ды і ўсё, што спее тут, не толькі бульба, мае асаблівы смак…

Вольнага часу ў Аляксея Аляксеевіча нямнога, бо заняты (ад брэсцкай транспартнай фірмы) на міжнародных перавозках. За трыццаць пяць гадоў скалясіў і Савецкі Саюз, і Еўропу. Вось і цяпер вярнуўся са Швейцарыі, ёсць некалькі вольных дзён – і адразу ж у Ваўковічы. Нямала прыгожых, багатых мясцін бачыць абапал еўрапейскіх дарог, але вёска свайго дзяцінства самая лепшая.

У двары яго заўсёды чакае жывая душа, верны сабака, якога даглядала маці Аляксея. Для яго зладзіў цёплую ляжанку, халадзільнік летам зберагае пакінуты яму корм, якім частуе сабаку сусед.

На сядзібе прыбрана, агародніна сабрана, цюльпаны на новай градцы, засталося падрыхтаваць да зімы маладыя саджанцы. Удзячна глядзяць на Аляксея вокны роднай хаты, нібы вочы бацькоў.

Галіна НОВІК. Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий