Менавіта так яно і перадаецца, прычым праз пакаленне – ад бабулі ўнучцы – у сем’ях гераінь гэтага майго матэрыялу. Вось яны – на здымку, са сваімі творамі ў руках, прадстаўленымі сёння на калектыўнай (адной на чацвярых) выставе, што дзейнічае ў Камянецкай дзіцячай бібліятэцы. Давайце знаёміцца…
Злева – Даша Трубчык з Брэста і яе бабуля Ганна Паўлаўна Лацынская з Каменца, справа – Ніна Данілаўна Мурын з Мурыноў Малых і яе ўнучка Таня, вучаніца 8 класа СШ №2 Каменца.
Назіраеш за імі, і ўяўленне малюе ідылічную карцінку: доўгі зімовы вечар, цёплы, утульны пакой, бабуля і ўнучка сядзяць побач, галава да галавы, і за ніткаю, што расквечвае белае палатно рознакаляровымі кветкамі, цягнецца размова, даверлівая, мудрая, павучальная.
* * *
Ніне Данілаўне ў сакавіку сёлета споўнілася 80 гадоў (такі вось шаноўны юбілей). Для таго, каб прынесці на выставу багаты рукадзельны набытак – свой і мамін, дарэчы, – ёй давялося адкрыць самы сапраўдны старажытны куфар, які і сёння верна служыць гаспадыні. З “хатняй скарбніцы” выйшлі, каб уражваць гледачоў, пакрывала (ці дыван, як яго называюць), упрыгожанае вялікімі, яркімі кветкамі; шматлікія ручнікі, аздобленыя, акрамя вышыўкі, яшчэ і вязанымі кручком брыжамі (адзін з іх, вытканы і ўпрыгожаны рукамі мамы Ніны Данілаўны, “святкуе” сёлета сваё 100-годдзе!); саматканы фартух, уласнаручна пафарбаваны ёю ж у чорны колер і вышыты гладдзю (ён быў некалі часткай бабулінага пасагу)…
Не дзіва, што і Таня, унучка сапраўднай майстрыхі, не абмінула ручной працы, якая сёння цэніцца асабліва дорага. Дзяўчына асвоіла з дапамогай бабулі вязанне кручком і пруткамі, а вышыўцы навучылася на занятках аднайменнага гуртка цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (кіраўнік – Аляксандра Ярмаловіч). Калі пытаюся пра любімую работу, Таццяна без ваганняў абірае карціну “Капліца” (на здымку), у якую ўкладзена шмат сіл, натхнення і старання. У працэсе вышывання юная майстрыха крапатліва падбірала адценні нітак, каб перадаць усю прыгажосць прыроды і неба вакол капліцы.
– Таня вельмі ўседлівая і старанная, – расказвае пра вучаніцу Аляксандра Максімаўна. – Калі іншага не прымусіш распорваць зробленае, то яна заўсёды імкнецца да дасканаласці, нават калі даводзіцца перарабляць адно і тое ж па некалькі разоў.
* * *
Пра свае першыя крокі да майстэрства ў вышыўцы Ганна Паўлаўна Лацынская ўспамінае з задавальненнем: распавядае, як падчас навучання ў школе збіраліся з дзяўчатамі на вячоркі, а размовы суправаджалі ручной работай. Прычым падуладны ёй не толькі нітка з іголкаю, а таксама і кручок, з-пад якога выходзяць такія прыгожыя карункавыя сурвэткі. Сваімі любімымі вышыванкамі Ганна Паўлаўна называе ручнікі, на якіх квітнеюць чырвоныя ружы – як жывыя!
І адлегласць паміж Каменцам і Брэстам, дзе жыве і вучыцца ўнучка Даша, на шчасце не стала перашкодай для перадачы таленавітай дзяўчыне бабулінага творчага вопыту. Сувязь трымаецца на паездках у госці адна да адной. Дарэчы, дачка Ганны Паўлаўны таксама спрычынілася да рукадзелля – захаплялася ў свой час бісерапляценнем, цяпер гэты від рукадзелля “перайшоў” да ўнучкі. Любімы выраб з гэтага дробнага, але такога фантазійнага матэрыялу ў Дашы – велікодныя яйкі (на здымку), выкананыя сёлета да свята. Акрамя таго, з бісеру зроблены ёю разнастайныя фігуркі жывёл і нават навагодняя ёлка для бабулі ў падарунак.
Пра сваё захапленне рукадзеллем Дар’я гаворыць так:
– Яно і супакойвае, і прыносіць задавальненне. Асабліва, калі бачыш вынік сваёй творчасці і тое, як радуе ён іншых.
А як і што ў вашай сям’і перадаецца ў спадчыну? І ці не варта стварыць такую традыцыю, калі яе пакуль няма?
Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
Банан, баньян и…кукуруза: что между ними общего?
-
В сельской местности можно снять деньги с карты. Но есть одно «но»
-
Не оставайся равнодушным – помоги одиноким людям Каменетчины
-
Департамент охраны приглашает принять участие в республиканском конкурсе творческих работ
-
Стало известно, что изменится в Беларуси с октября