Што яднае Седруж і Антаны, дзве вёскі Рэчыцкага сельсавета, акрамя геаграфічнага суседства? Агульная трагедыя, якой сёлета 10 сакавіка споўнілася 75 гадоў. У вогненным 1943-м 20 жыхароў з гэтых населеных пунктаў былі расстраляныя немцамі ў лесе паміж вёскамі за сувязь з партызанамі.
У 2003 годзе быў адкрыты помнік загінулым і на ім выбіты 19 прозвішчаў з ініцыяламі, а яшчэ – шчымлівы надпіс “Невядомы”. У два слупкі пад назвамі вёсак чытаем:
АНТАНЫ: Міранюк Кузьма Фаміч, Міранюк Зіновій Карнілавіч, Стасюк Дзям’ян Міхайлавіч, Стасюк Рыгор Міхайлавіч, Стасюк Марыя Кузьмінічна, Мартысевіч Пётр Войціхавіч, Міхайлоўскі Майсей Зіноўевіч, Міхайлоўская Марфа Іванаўна, Міранюк Сцяпан Кліменцьевіч, Міранюк Уладзімір Сцяпанавіч, Міранюк Лізавета Аляксандраўна.
СЕДРУЖ: Балюк Іван Мацвеевіч, Стасюк Антон Міронавіч, Стасюк Іван Яўстафьевіч, Стасюк Емяльян Емяльянавіч, Хамчук Аляксей Прохаравіч, Хамчук Арсенцій Прохаравіч, Стасюк Нікіфар Міронавіч, Стасюк Ніканор Міронавіч, Невядомы.
Па гэтых імёнах коцяцца дажджавыя кроплі, калі плача восенню і ўвесну капрызлівае неба, на іх кладзецца мяккім покрывам снег узімку (нібыта суцяшае), іх грэюць улетку ласкавыя сонечныя прамяні… Але самы прыемны дотык для літар, выбітых на граніце, – ад позірку чалавечага. Калі нашчадкі чытаюць і перачытваюць, думаюць і ўзгадваюць – ПОМНЯЦЬ. Бо што мы можам даць ім, акрамя памяці? І як многа яны далі нам – ніколі не сплаціць.
За кожным радком на дошцы – асобны лёс. 20 жыццёвых шляхоў абарваліся адначасова. З мэтаю даведацца, як гэта было, накіроўваемся разам з камянчанкай Верай Семчынай у невялікае падарожжа. Падчас яго нам сустрэліся два апавядальнікі: першы ведае гэтую гісторыю з вуснаў сваіх бабулі і маці, другі бачыў усё на свае вочы. Паслухаем…
Аповед першы
(Расказвае Ніна Стасюк.)
– У той дзень, 10 сакавіка, немцы і паліцаі акружылі Седруж яшчэ раніцай. Увайшлі ў хату маёй бабулі Ярмалюк Ганны Дзмітрыеўны і сказалі ёй: “Ты партызанам адзенне мыла, карміла іх. Збірайся”. Дзядуля тады падумаў, што жонку забіраюць у гестапа ў Каменец, і хацеў даць хлеба з сабою, але не дазволілі, як адрэзалі: “Хопіць. Яна ўжо наелася”.
Вывелі бабулю на двор, да іншых такіх жа няшчасных, пагналі па вёсцы. Людзі пачалі заступацца за яе, прасіць, каб пашкадавалі, адпусцілі, і адзін з немцаў нечакана прамовіў: “Добра”. Бабуля вярнулася да аднавяскоўцаў, але паспела пачуць, як адзін з паліцаяў раззлавана сказаў свайму начальству: “Дарма вы яе адпускаеце”.
Тым часам другая група немцаў “чысціла” Антаны. Потым усіх асуджаных на смерць сабралі разам і павялі ў лес, дзе і расстралялі.
Маёй бабулі потым давялося дорага заплаціць за сваё выратаванне. Ворагі прыдумалі ёй пакаранне: прымусілі на працягу месяца штодзень на 9 гадзін раніцы прыходзіць у Каменец у гестапа адзначацца. Гэта быў сакавік. Нялёгка было дабірацца да горада сярод апошняга снегу, бруду і холаду, пакінуўшы гаспадарку без догляду, але даводзілася. Ішла бабуля і не ведала, ці вернецца дадому.
Няма, напэўна, у Седружы ніводнай сям’і, якая не страціла б тады сваіх родзічаў, літаральна ў кожны другі дом у вёсцы прыйшло гора (некаторыя з іх і сёння захоўваюць тагачасны выгляд). Адна жанчына, напрыклад, засталася без мужа і трох братоў, другая страціла бацьку…
Пра невядомага салдата чула тое, што ён быў танкістам. Паранены не мог заставацца са сваімі таварышамі, і яны, кіруючыся сваім шляхам, пакінулі яго ў Седружы. Мужчына жыў у сям’і Пятра Серадзюка. Яго разам з усімі гналі на расстрэл, і ён ледзьве ішоў на мыліцах. Потым, калі рыхтавалі таблічку для помніка, спрабавалі даведацца ў сведкаў імя ды прозвішча танкіста – не змаглі.
Расказвала бабуля і пра надзвычай трагічны лёс Марыі Кузьмінічны Стасюк з Антаноў. Гэтая жанчына была на дзявятым месяцы цяжарнасці і, калі забралі яе мужа, пайшла за ім. І ўсю дарогу ўгаворвала немцаў адпусціць татку свайго дзіцяці, каб не расло яно бязбацькавічам. Тыя і слухаць не хацелі, а потым раззлаваліся і сказалі: “Калі хочаш, ідзі з ім!” І яна пайшла… Расстралялі іх разам.
Аповед Ніны Стасюк пацвярджае таксама і Юлія Вікенцьеўна Мацюхевіч, 1928 г. н. Яна сядзела ў той сакавіцкі дзень 1943 года за кроснамі, што стаялі каля акна, каб лепш было відаць, і на свае вочы бачыла, як седружскіх людзей вялі на расстрэл. Спужалася вельмі, кінулася прэч ад акна…
Падобныя ўспаміны і ў Марыі Яфімаўны Ігнацюк з Брэста, якая нарадзілася і сустракала вайну ў Антанах.
Аповед другі
(Расказвае Марыя Іванаўна Асіпук з Соснаў, 1938 г. н.)
– У нас была вялікая сям’я. У адной хаце жылі мая бабуля, яе тры дачкі (адна з іх – мая мама), мой тата, я, мой брат і сястра.
Калі пачалася вайна, вырашылі ўцякаць, сабраліся ўсёй сям’ёй і пайшлі ў бок Круглян і Рэчыцы. Пераплаўляліся цераз раку, і маленькага брата, помню, неслі на руках. Але ўцёкі нашы нічога не далі, давялося вяртацца.
Я, калі падрасла, пачала пасвіць скаціну, дык у лесе бачыла нямецкія акопы. У нас у Седружы яшчэ і вышка іх была, з якой азіралі наваколле.
…Калі ўспамінаю той сакавіцкі дзень, калі расстралялі тату Івана Яўстафьевіча Стасюка разам з іншымі аднавяскоўцамі ды антаноўскімі суседзямі, аж мароз па скуры прадзірае! Ды і дзень халодны быў, ворагі хадзілі па двары, наставіўшы каўняры. Былі з імі і нашы людзі-прыслужнікі ў нямецкім адзенні.
Бабуля ведала, што па тату майго прыйдуць, раіла яму збегчы, а ён адказаў: “Калі зраблю гэта, вас усіх заб’юць” і застаўся, лёг на печ. Усе дзверы ў хаце былі расчыненыя насцеж.
Адзін з немцаў зайшоў і раптам пачаў плакаць. Калі другі спытаў “Чаго ты?”, сказаў, паказваючы на тату: “Хіба гэта бандыт, калі на печцы ляжыць?” (Згодна з аповедамі бабуль, немцы называлі партызам бандытамі.)
Як сабралі ўсіх, павялі ў вызначанае месца, куды ўжо прыйшлі антаноўскія людзі. Адтуль – у лес. Бабуля, помню, расказвала, што, калі стралялі, ёй здавалася, што ажно зямля дрыжала. Дарэчы, з асуджаных на смерць немцы загадзя пазнімалі кажухі і хромавыя боты…
Партызаны потым шукалі здраднікаў сярод жыхароў нашых вёсак. Да аднаго чалавека, напрыклад, прыйшлі пераапранутыя ў нямецкую форму, спыталі пра расстрэл у лесе. А той і адказаў: “Бандытаў усіх перабілі, але ж сем’і іх засталіся!” Так сам сябе і выдаў. Партызаны на грудзях шынялі расшпілілі, і зразумеў здраднік: скончана. На месцы ён ад страху і памёр…
Яшчэ да расстрэла, дарэчы, нашых аднавяскоўцаў выклікалі на допыт. І адзін з немцаў шкадаваў іх: “Думаеце, нам вашыя мужы патрэбны? У нас саміх дома – і сем’і, і дзеці. Гэта ж вашыя людзі вас выдалі… Падчас допытаў гаварыце ўсе адно і тое ж, тады выратуецеся”. Але як было гаварыць?! Калі людзі сядзелі перад фашыстамі за сталом, а плётка па ім якраз каля вуха ляскала?..
Цяжка было слухаць гэтыя ўспаміны, а яшчэ цяжэй – іх расказваць. Але загінулыя, безумоўна, заслугоўваюць таго, каб пра іх ведалі. Каб іх імёны не засталіся проста літарамі на граніце.
* * *
Там жа, у Седружы, пашчасціла пагутарыць яшчэ з адной бабуляй, якая ў гады вайны жыла ў Хваянаўцы. Марыя Ільінічна Міранюк была сямігадовай дзяўчынкай у 1941-м… Асабліва ўрэзаўся ёй у памяць той дзень, калі тату выпраўлялі на фронт.
Таксама расказала Марыя Ільінічна пра аднаго з ворагаў, які ўразіў яе сваёй дабрынёю. У той ваенны час жанчыны стараліся схаваць ад немцаў хоць якую-небудзь маёмасць. Закопвалі ў зямлю адзенне, адрэзы тканіны. Аднак… тыя старанні былі марныя. Схованку мамы маёй суразмоўцы аднойчы знайшлі. Адзін з немцаў убачыў, як засмуцілася жанчына, і вярнуў ёй два адрэзы, сказаў, што сам мае ў Германіі пяцёра дзяцей…
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины контролировало готовность водителей к зимнему сезону
-
Посол Казахстана посетил «Беловежские сыры»: перспективы сотрудничества определены
-
Фоторепортаж. 50-летний юбилей отпраздновала средняя школа N2 г.Каменца имени А.И. Самуйлика
-
Новые павильоны для междугородних автобусов появятся в райцентре
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе