Што сагравае нас у халодныя, ветраныя асеннія дні? Не кубак кавы, не плед у клетку, не распаленая печ, а родныя людзі, што побач з намі. А калі такіх няма: па волі лёсу ці іх уласнай? Застаецца спадзявацца на чужых, якія часам становяцца раднейшымі за родных…
На тумбачках ля ложкаў пажылых жыхароў аддзялення сястрынскага догляду амбулаторыі ў Дзмітровічах да гэтай пары стаяць паштоўкі, прынесеныя 30 верасня валанцёрамі з мясцовай школы. Бо для гэтых людзей любы, самы просты знак увагі і клопату цэніцца асаблівай цаной.
Дзевяць дзядуль і бабуль з усяго Камянецкага раёна (Вугляны і Пашуцкая Буда, Чвіркі і Мшанкі, Камянюкі, Навіцкавічы і Радзевічы) знайшлі тут свой новы ўтульны дом. Дзясятае месца таксама хутка будзе занята, на жаль, адзінокая старасць сёння – рэч звычайная. Людзі ў аддзяленні мяняюцца, нехта прыходзіць сюды толькі на зіму, калі ўпраўляцца самастойна асабліва цяжка, нехта жыве пастаянна, бо без дапамогі ўжо не можа абысціся. Двое сённяшніх пацыентаў прыкаваныя да ложка.
Медсёстры сястрынскага догляду Галіна Александрова, Ларыса Гуцэвіч і санітарка Наталля Казлянка, на чыё дзяжурства прыпаў мой прыезд, усхвалявана, з непрыхаванымі пяшчотай і шкадобай (шкадуе – значыць, любіць!) расказваюць пра сваіх падапечных. Вядуць у палаты, дзе чысценька і цёпла, кухню, сталоўку, у якой побач з тэлевізарам раскашуецца сапраўдны “сад” з пакаёвых раслін.
У аддзяленні працуюць яшчэ 2 медсястры (Валянціна Бялова і Вольга Шумская), 4 санітаркі (Алена Данілюк, Святлана Данілюк, Вера Раманоўская і Вікторыя Гірылюк), 2 повары (Марыя Шалонік і Таццяна Сяргеева), загадчык гаспадаркі Ірына Бандарук. Урача тут сёння няма (былы – усімі любімая, як мне давялося ўпэўніцца, – Галіна Кузанкіна змяніла месца работы, і вакансія пакуль застаецца). Нягледзячы на гэта, пажылыя пацыенты знаходзяцца пад кругласутачным наглядам, стан іх здароўя ўвесь час кантралюецца, усе неабходныя абследаванні зроблены. Заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу фельчар амбулаторыі Мікалай Мальцаў, прыязджае па першым выкліку “хуткая”, ды і самі медсёстры некалькі разоў “выцягвалі” (у самым прамым сэнсе гэтага слова) сваіх падапечных з таго свету.
Самую пажылую бабулю Антаніну Вікенцьеўну Марчук (1919 г.н.) даставілі сюды 5 гадоў таму ляжачай, і ў аддзяленні яе літаральна паставілі на ногі.
Для бабуль і дзядуль, заўсёды накормленых і чысценька апранутых, арганізоваўюць таксама і вольны час. Можна выйсці на прагулку, паглядзець тэлеперадачу, пачытаць нешта з прэсы, папрацаваць на камп’ютары, пагутарыць і нават заспяваць песню.
Здараюцца ў пажылых людзей і госці. Напрыклад, да Ніны Мяфодзьеўны Гардзяюк часта прыязджае з Брэста сястра Надзея, якая з асаблівым захапленнем гаворыць пра супрацоўнікаў аддзялення:
– Такія душэўныя, клапатлівыя людзі! Чужыя, здаецца, а як даглядаюць! Нічым яны маю сястрычку ніколі не пакрыўдзілі, голасу не павысілі, ніводнага слова дрэннага не сказалі. Добрыя сэрцы ў гэтых людзей. Нельга такія аддзяленні зачыняць – ні ў якім разе! Што стала б з бабулькай, каб яна адна жыла? Прапала б. А тут і дагледзяць, і пагутараць, і пажартуюць. Сястрычка тут, як дома, і я сюды, як дадому, еду.
А Ніна Мяфодзьеўна апісвае сваё жыццё ў аддзяленні простым, але ёмістым “Тут добра”. І ёй верыш.
Сёстры расказалі мне, як загінуў на вайне іх бацька, як узнагародзілі яго ордэнам Чырвонай Зоркі пасмяротна, як марыла малодшая, Надзя, вывучыцца на настаўніцу, але не было ў чым ехаць у Брэст…
– Тады мая старэйшая сястрычка Ніначка зняла з сябе і аддала мне туфлі, паліто і хустачку, – успамінае Надзея Мяфодзьеўна. – У тым і выправілася ў дарогу. Стала настаўніцай, здаецца, нядрэннай. Вучні і сёння пра мяне не забываюць.
Завітваю ў палату да Марыі Васільеўны Ярмаловіч і Надзеі Іванаўны Дземянчук. Яны таксама ўсім задаволены:
– Жывём добрэ. Слухают нас і глядзят. Дзіціна бы так не глядзела. Але дадому ўсё адно цягне…
На пытанне “Як Вам тут жывецца?” неаднаразова чула адзін і той жа адказ: “Як в раёвы”. На чым жа трымаецца гэты рай для сталых людзей?
– Цеплыня, клопат і догляд – вось што ім неабходна, – тлумачаць мне медсёстры.
Прынамсі, як і ўсім незалежна ад узросту.
Што тут дадаць? Хіба толькі тое, што для захоўвання вышэйназванай цеплыні варта было б замяніць у аддзяленні вокны. Каб не свістаў узімку вецер, каб не даводзілася больш закрываць шчыліны коўдрамі… Беражыце цеплыню!
Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
ГДЕ И КОГДА В КАМЕНЕЦКОМ РАЙОНЕ ПРОЙДУТ ПИКЕТЫ ПО СБОРУ ПОДПИСЕЙ?
-
РЕСПУБЛИКАНСКИЙ ПРОСВЕТИТЕЛЬСКИЙ ПРОЕКТ «ПРЕЗИДЕНТСКАЯ РЕСПУБЛИКА» В КАМЕНЕЦКОМ РАЙОНЕ!
-
В Беларуси с 1 декабря вступят в силу изменения по оплате ЖКУ: что нужно знать
-
Подписаться на “Навіны Камянеччыны” можно не выходя из дома!
-
Александром Лукашенко внесены изменения в Указ «Об оплате труда работников бюджетных организаций»