Сёння тут вучацца 429 юнакоў і дзяўчат з Камянецкага, Жабінкаўскага, Пружанскага, Брэсцкага раёнаў, а таксама з Брэста. Два ўзроўні навучання, да двух дзясяткаў прафесій. 360 навучэнцаў атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю. І пры выпадку зазірнула ў асобны корпус каледжа, дзе пад адным дахам – шматлікія класы-майстэрні, у якіх маладыя сваімі рукамі накопліваюць прафесійныя навыкі.
Тут займаюцца будучыя механізатары…
За дзвярыма з шыльдай “Лаборатория №4. Комбайны” ўдзельнікі гуртка тэхнічнай творчасці– Валодзя Марчук, Дзяніс Сярэдзіч, Эдуард Мелішчук – шчыруюць над механізмам для падагрэву дызельнага паліва ў зімовы час на трактары Беларус 1221. Надзённую тэму прапанаваў выкладчык спецдысцыплін, за спінай якога амаль 35 гадоў працы ў каледжы, Валерый Іванавіч Юнчыц.
Такім чынам рыхтуюцца да конкурсу маладых вынаходнікаў, які найперш пройдзе ў каледжы. Самая актуальная распрацоўка будзе прадстаўлена ў лютым на штогадовым абласным конкурсе. І калі журы ацэніць яе арыгінальнасць, наперадзе – рэспубліканскі, дзе ўжо прадстаўнікі прадпрыемстваў могуць зацікавіцца прапановай высакаўчан. Усё гэта актывізуе пазнавальную дзейнасць, вучыць моладзь працаваць не бяздумна.
…электраманцёры
Будучых электраманцёраў – Яўгена Ільютчыка з Белавежскага, Дзмітрыя Залеўскага з Каменца – і майстра вытворчага навучання Дзмітрыя Антановіча застала ля вучэбных стэндаў.
Тут таксама без ведаў фізікі не абыдзешся, і, як адзначаюць педагогі, інтарэс да яе ў юнакоў прыметна падрастае ў параўнанні са школай, мабыць, многае становіцца больш зразумелым, калі законы фізікі працуюць “пад рукамі”. Ды і вучоба, якая доўжыцца 1,6 года, пачынаецца з электратэхнікі, затым – спецтэхналогіі, электраматэрыялазнаўства, вытворчае навучанне, якому кожны раз папярэднічае залік па тэхніцы бяспекі (праверка тэарэтычных ведаў), што адначасова з’яўляецца допускам да заняткаў. Увогуле – бяспека тут на першым месцы, таму індывідуальны падыход у навучанні электраманцёраў абавязковы. Набыць гэтую прафесію можна толькі на базе 11-і класаў (зноў-такі тры ў адным: электраманцёр, электразваршчык, вадзіцель аўтамабіля катэгорыі С).
…электразваршчыкі
У абсталяванай майстэрні якраз з навучэнцамі 3-га курса займаліся маладыя майстры вытворчага навучання. За ахоўным полагам выводзіў зварное шво Сяргей Сцепанец з Панікваў, затым за справу ўзяўся Эдуард Рыбак з Каленкавічаў.
Вучацца працаваць і з аргоннай зваркай. 14 зварачных апаратаў некалькі гадоў назад каледж атрымаў ад “Белавежскага”, летась набылі за свае сродкі сучасны паўаўтамат, сёлета зноў будзе абноўка.Свае сродкі – гэта заробленае на адукацыйных, у т. л. прапанове дадатковых спецыяльнасцей, і тэхнічных паслугах.
Прафесіі (заадно: электразваршчыка, трактарыста, вадзіцеля) юнакі атрымліваюць недалёка ад дома, што вельмі зручна. Без праблем, на выпадак непагоды, “падстрахуе” месца ў інтэрнаце. Дарэчы, паўнацэнны абед навучэнцам па-ранейшаму бясплатны; калі пацверджана сацыяльная неабароненасць сям’і, – забяспечваюцца трохразовым харчаваннем.
…слесары
Майстар з 45-гадовым стажам Уладзімір Андрэевіч Селівонік працуе з юнакамі ў слясарным класе. Гэта найпершая рабочая спецыяльнасць, нязменна запатрабаваная. У класе-майстэрні юнакі ў прамым сэнсе спазнаюць пах металу, бо працуюць і з напільнікам, і з рашпілем, як сёння Антон Стрыхар з Астрамечава, Міхаіл Красноўскі з Брэста, Станіслаў Паўлючук з Высокага.
Слясарная справа таксама не любіць бяздумнасці, і гаечны ключ можа заўпарціцца, калі зроблены без душы. Уладзімір Андрэевіч паказвае вырабы ручной работы сваіх навучэнцаў – усё не “на вока”, а з выкарыстаннем штангенцыркуля ды іншых вымяральных прылад, якіх тут мноства. Дзе-хто з юнакоў нават дадому вязе зробленае, каб паказаць бацькам. Ад простага да складанага, да працы за станком, з сучасным абсталяваннем, якое дае значную палёгку. Аднак да таго варта навучыцца навобмацак адчуваць, дзе крыецца ў механізме “хвароба” і як найбольш рацыянальна да яе падступіцца.
Вопытны настаўнік здольны зацікавіць маладога чалавека прафесійным ростам, гаспадарскім падыходам да справы, неабходнасцю мужчынскіх навыкаў працы ў будучай сям’і. Усё разам – складаемыя самастойнасці ў жыцці.
…повары
У фае галоўнага корпуса на перапынку нярэдка сустракаеш і дзяўчат, да якіх не мае ніякага дачынення вядомае “на десять девчонок по статистике девять ребят”. Яны – нібы кветкі ў “суровым” абкружэнні.
Атрымліваюць спецыяльнасці кантралёраў-касіраў 4-га разраду і повараў – таксама 4-га разраду; на завочным аддзяленні – бухгалтараў. Даволі ахвотна ідуць дзяўчаткі вучыцца кухарскай справе – працу знайсці не так складана, а калі і не давядзецца працаваць па прафесіі, дома заўжды будуць задаволены ўмела прыгатаванай стравай. І да чыйгосьці сэрца шлях часам праз страўнік. Дарэчы, юнакі таксама ёсць у групе, сёлета іх тут шасцёра, а летась дванаццаць (!) атрымалі дыпломы повараў.
Клас-кухню не пазнаць пасля леташняга капітальнага рамонту і замены ўсяго кухоннага абсталявання на сучаснае.Тут вучаць з павагай ставіцца да класічнай кухні і ў той жа час – эксперыментаваць, прапаноўваць уласныя рэцэпты. Прадукты для вучэбных заняткаў на некалькі порцый атрымліваюць на складзе, прыгатаванае дэгустуюць, дзеляцца заўвагамі. Працуюць з будучымі поварамі майстры вытворчага навучання Ірына Мікалаеўна Бірук і Святлана Аляксееўна Данілюк.
Звярнула ўвагу на шматлікія плакаты-папярэджанні аб шкодзе курэння і злоўжывання півам ды іншымі “напоямі”. На стэндзе побач з аб’явай аб маючым адбыцца канцэрце – паведамленні пра гутаркі аб здаровым ладзе жыцця. На справе тут ёсць магчымасць займацца ў маладзёжных гуртках, у т.л. і мастацкай самадзейнасці, у спартыўных секцыях (тэніс, атлетычная гімнастыка – дарэчы, вельмі папулярная ў юнакоў, валейбол, баскетбол і інш.), мець дасягненні, браць удзел у конкурсах і спаборніцтвах. І быць паспяховым, цікавым для сяброў без ілжывых допінгаў.
* * *
У размове з дырэктарам каледжа Аляксандрам Шурхаем не змагла не закрануць балючую тэму: як часта навучэнцы трапляюць у поле зроку праваахоўных органаў?
– Іх прадстаўнікі наведваюцца да нас вельмі часта. Інспектар па справах непаўналетніх Уладзімір Хілюціч увогуле штодня бывае ў каледжы. Гутаркі ў класах і індывідуальныя– дзейсная прафілактыка. Летась больш як удвая зменшылася колькасць злачынстваў – гэтае жахлівае слова ўсё яшчэ даводзіцца ўжываць – і правапарушэнняў з удзелам нашых навучэнцаў. Імкнемся да таго, каб звесці гэты “паказчык” да нуля. Важна – бачыць у класе ці майстэрні не “кантынгент”, а кожнага як асобу. І сустрэчам з бацькамі ў каледжы мы рады, тым больш, калі едуць не з нагоды ўжо здарэння, а заўсёды шчыра цікавяцца справамі сына ці дачкі…”
Галіна НОВІК.
Это может быть интересно:
-
Сказочный пряничный городок и Рождественский спектакль в этом году снова порадовал высоковчан
-
Чужой беды не бывает: в Высоком проходит встреча с мигрантами из Украины
-
В Высоковской санаторной школе прошли новогодние представления
-
Учащиеся Высоковской СШ приняли участие в соревнованиях по робототехнике в Китае
-
Посол Казахстана посетил «Беловежские сыры»: перспективы сотрудничества определены