Кажуць: хто ў гады ўніверсітэцкія не жыў у інтэрнаце, той студэнтам насамрэч і не быў. Мне пашчасціла чатыры гады правесці ў сценах гэтай вясёлай “камуналкі”, і яны заключалі ў сабе ўсё-ўсё-ўсё – цэлае жыццё, вартае рамана.

Мы сварыліся і мірыліся; шчасліва кахалі і рыдалі ад нераздзеленых пачуццяў; перавыхоўвалі аматараў гучнага року па начах іх жа варварскімі метадамі і вялі бясконцае, бессэнсоўнае паляванне на мышэй, з якімі прасцей пасябраваць, асабліва, калі жывеш на першым паверсе; “біліся” чарпакамі за канфоркі на агульнай кухні і сачылі за тым, каб не “збеглі” на пліту суседскія пельмені; адпрацоўвалі “гадзіны”, падмятаючы недакуркі на даху свайго дзесяціпавярховага інтэрната (якія пейзажы!) і часам затоплівалі суседзяў знізу, каб потым сікась-накась пераклейваць ім шпалеры; адзначалі тортам кожны ВДС (Вялікі Дзень Стыпендыі) і скідваліся ўсім пакоем на адзін пачак пячэння “Васілёк”, калі грошы і бацькоўскія запасы заканчваліся…

Мы былі шчаслівыя! І таму, калі на апошнім курсе мне інтэрнат не далі (“Тваё Маладзечна блізка, будзеш ездзіць на электрычцы…”), гэта стала сапраўднай трагедыяй. Аднак маё перасяленне на здымную кватэру, да якой ішлі ў дадатак два цудоўныя каты (вытанчаная Дольча – ад “Dolce vita” і празаічны Гаўруша) не стала завяршэннем інтэрнатаўскага сяброўства. Таму, безумоўна, ніхто не здзівіўся, калі свой выпускны я правяла з тымі людзьмі, якія сталі для мяне больш, чым сябрамі – сям’ёй. Разам з імі мы перажылі столькі цікавага, што абраць з безлічы ўспамінаў некалькі для гэтай калонкі было вельмі няпроста. Няхай іх будзе два…

Успамін першы. Кававы

Васьмёра дзяўчат, пачак кавы і жаданне зазірнуць у будучыню. Гэтыя тры кампаненты ды яшчэ тое, што сярод нас была варажбітка-пачынальніца, выліліся аднойчы ва ўсяночную, а было гэта так…

Наша Алеся займела недзе раздрукоўку, у якой самым падрабязным чынам тлумачыліся значэнні разнастайных сімвалаў, што выліваюцца ў выніку варажбы на кававай гушчы. Да гэтага прыкладаліся здольнасці да прадказання будучыні ды знойдзены ў некага пачак “Жакею”, таму выбару ў нас увогуле і не было.

З той прычыны, што аматарак паваражыць было аж восем, вырашылі заварыць на агульнай кухні (адной на ўвесь паверх, што важна) усю каву без астачы. Высыпалі ў каструлю, памяшалі, вырашылі не накрываць, каб не збегла, і вярнуліся ў свой пакой праходзіць “інструктаж”. Калі хвілін праз 20 мы вярнуліся да пліты, ля нашага “котла с жутким варевом” тоўпілася чалавек з пяць. Яны нюхалі, рабілі вялікія вочы і разважалі: хто і нашто гатуе на звычайнай студэнцкай кухні нейкую атруту.

Зрабіўшы выгляд, што кава не наша, далучыліся да абмеркавання, а потым, калі ўражаныя гледачы разбрыліся спаць, цішком забралі каструлю і зачыніліся ў пакоі. Разлілі. Алеся сказала: выпіць трэба абавязкова залпам, што мы і зрабілі (пасудзіны, дзякаваць богу, былі невялікія). Восем кубкаў выстраіліся ў радок. “Варажбітка” па чарзе круціла іх у руках нечакана доўга і… не знайшла ніводнага адпаведнага раздрукоўцы сімвала. Крыўдзіцца на яе ніхто не стаў, тым больш што было не да таго. Карацей кажучы, той ноччу заснуць мы не змаглі. Увогуле. Шкада, што да сесіі было далёка. Маглі б нешта падвучыць…

Успамін другі. Іншапланетны

Я ніколі не верыла ў НЛА… Да таго вечара ў інтэрнаце. Мае суседкі бачылі ўжо сёмы па ліку сон, а мне ўсё лезла ў галаву нейкая набрыдзь. Магчыма, прычынай таму было загадкавае цёмнае неба, якое я разглядала праз акно, адчуваючы, што ў ім тану, павольна-павольна, няўхільна-няўхільна…

Магчыма, я ў хуткім часе і заснула б гэтаксама моцна, як і мае сяброўкі, што леглі галавой да акна і не бачылі ўвогуле нічога, акрамя сноў, але… Заўважанае ў наступнае імгненне чамусьці нагадала мне сюжэт апавядання Рэя Брэдберы. Па небе плылі побач два роўныя жоўтыя кружкі…

Спярша я, як зачараваная, моўчкі назірала за імі, а потым падбегла да акна, разбудзіўшы ўсіх астатніх словамі: “Дзеўкі, НЛА!” Кудлатыя са сну, злосныя, яны спярша хацелі мяне пабіць, а потым, канчаткова прачнуўшыся і ўцяміўшы, што адбылося, ускочылі і разам са мной прыліплі да падаконніка. Пасыпаліся здагадкі…

– Яны забяруць нас для вопытаў!

– Ага! На сваю “талерку”!

– Спусцяць у наш пакой зялёнага чалавечка!

“Нарада” скончылася тым, што жоўтыя кружкі-блізняты зніклі, а следам за імі па небе крыху павольней, чым раней, паплыла яшчэ адна пара, на гэты раз – зялёнага колеру.

– У іх злёт! – выдыхнуў нехта ледзь чутна, а потым… Гучны рогат самай прагматычнай (і здагадлівай!) з нас запоўніў пакой.

“Талеркі іншапланецян” на самой справе аказаліся… адбіткамі фар аўтамабіляў, што праязджалі міма інтэрната, у аконным шкле. З той пары я не веру ў НЛА яшчэ больш, чым да таго.

Усё было ў нашым жыцці: і містыка, і рэальнасць, і смех, і слёзы, і лянота, і сесія… А галоўнае: былі мы. РАЗАМ.

Добавить комментарий