Прэлюдыяй да іх стала назапашванне ведаў і свайго насеннага “фонду” часнаку на прысядзібных сотках. І толькі калі аб’ём яго здаўся дастатковым – пазалетась атрымалі да паўтоны жаданых цыбулінак, – Андрэй Сенчанка звярнуўся ў райвыканкам з просьбай выдзеліць яму зямлю для гаспадарання ў Рэчыцкім сельсавеце. Меў на прымеце ўчастак: заўважыў, што з нейкай прычыны ён нікім не апрацоўваецца, ды і ад Каменца недалёка.
Намер стаць арандатарам не спраўдзіўся, бо, дзякуючы абгрунтаванасці сваёй задумкі, атрымаў ажно дзесяць гектараў зямлі і статус фермера.
Эканаміст па прафесіі, ён вырашыў заняцца іменна гэтай працаёмкай, але запатрабаванай на рынку культурай. Тым больш, што ў столінскіх агароднікаў атрымліваецца адмысловы таварны часнок. Чым наша зямля горшая? Нічым, пацвердзіў першы вопыт Андрэя Сенчанкі.
Да селекцыянераў па насенны матэрыял не звяртаўся, бо для пачынаючага гаспадарніка гэта дорага; на ўдзел у праграме імпартазамяшчэння можна спадзявацца толькі праз тры гады, маючы пэўныя вынікі, – таму першыя кілаграмы часнаку для пасадкі былі сабраны ў сваякоў, куплены ў бабулек. Затое, паўжартам гаворыць Андрэй Аляксандравіч, часнок раянаваны, ведае і нашу зіму, і лета, і шкоднікаў.
Спаўна ацаніў малады гаспадар незаменную ролю паветраных цыбулінак, якія фарміруюцца ў суквеццях, у абнаўленні насеннага фонду. І перавагу аддае стрэлкаваму часнаку ў азімай культуры. Працы з тымі бульбінкамі многа, але калі будзе наладжаны “канвеер” насеннага звароту, можна спадзявацца на якасны ўраджай. Дзеля яго чакаюць свайго часу старанна сабраныя і падсушаныя некалькі мяхоў тых цыбулінак, дарагіх у прамым і пераносным сэнсе.
Дарэчы, выводзіць усю сям’ю на пасадку іх не давядзецца, бо ёсць ужо ў двары невялікая сучасная сеялка, з дапамогай якой можна пакласці ў глебу не толькі часнок. Трактар жа за сімвалічны кошт і з пажаданнем поспеху перадаў Андрэю сваяк, якога ўласныя абставіны вымусілі адмовіцца ад фермерства.
Памятаючы, як складана было ў пазалеташнюю засуху ратаваць ураджай, набыў змяшчальную ёмістасць, да якой прыстасаваў палівальны механізм. А яшчэ пачынаючага фермера непакоіць хвошч – прымета кіслай глебы. Была страчана частка ўраджаю. Наконт гэтага Сенчанка раіцца і з вопытнымі агароднікамі, і з аграномамі, і з інтэрнэтам. Наступны год збіраецца прысвяціць дасканалай падрыхтоўцы поля. Вось каб яшчэ хто падказаў, як змагацца з “несунамі” з чужых агародаў, якія летам пільна сочаць, дзе што спее…
Першыя крокі, у нечым не вельмі ўдалыя, сталі важкім вопытам. Яго Андрэй ужо засвоіў, каб рухацца далей у выбраным накірунку. Да новага вопыту і новых урокаў.
Галіна НОВІК. Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Александр Карпицкий провел мониторинг товаров в «Евроопте» в Каменце
-
О новшествах в программе «Семейный капитал»
-
Новации по семейному капиталу от 28 мая 2024 года и особенности вступления их в силу
-
Не позднее 3 июня физлицам необходимо уплатить подоходный налог за 2023 год
-
Дунькович: «В «Беловежском» не только деньги, но и гектары счет любят»