Першая чарга сонечнай электрастанцыі

На высокаўскай геліяпляцоўцы, што на тэрыторыі былога завода жалезабетонных вырабаў, уведзена ў строй 1-я чарга – 300кВт – гэтай экалагічнай электрастанцыі. Той падзеі папярэднічалі пуска-наладачныя работы і выпрабавальная эксплуатацыя. Ужо некалькі месяцаў “зялёны” ток паступае ў гарадскую электрасістэму.

Такім чынам дзеля фотаэлектрычнага пераўтварэння сонечнай энергіі ўжо задзейнічана трэць панэляў ад запланаванай колькасці іх. Пад астатнія зманціраваны падстаўкі, і да канца сёлетняга года пачнецца мантаж сонечных батарэй 2-й пускавой чаргі, якіх будзе тры. 1 кв.м. сонечнай батарэі здольны даць электрычны ток магутнасцю да 100Вт – к.п.д. да 10%. Агульная праектная магутнасць высокаўскай геліястанцыі, якая размесціцца амаль на 2-х гектарах, – 900кВт. Вядома, гэта мізэр у параўнанні са спажываемым на Камянеччыне аб’ёмам электраэнергіі. Аднак, першы крок зроблены.

Цяпер на геліяпляцоўцы заняты 15 чалавек (прадпрыемства працуе ў суполцы з ТАА “Аграбетон”, якое ў свой час паводле таргоў набыло ўжо незадзейнічаны завод ЖБВ і якое цяпер паралельна наладжвае тут прыгатаванне пясчана-гравійнай сумесі, неабходнай для ўласных патрэб і для іншых спажыўцоў).

На жаль, пра імпартазамяшчэнне ў вытворчасці сонечных панэляў на прамысловым узроўні гаворкі пакуль няма – іх купляюць у Кітаі. Вось і ў Высокім чакаюць наступную партыю батарэй з гэтай краіны. Дзякуючы ўдасканаленню тэхналогій яны паступова таннеюць і становяцца больш даступнымі нават для прыватных гаспадароў. Прыклады мантажу іх на сядзібах у Беларусі ўжо ёсць. Стымул іх выкарыстання – у продажы лішкаў электраэнергіі ў дзяржаўную энергасетку і больш хуткая акупляемасць затрат на ўласную геліястанцыю.

Дзяржава, купляючы “зялёную” электраэнергію, разлічваецца з вытворцам паводле пэўнага каэфіцыента. Апошнім часам ён быў некалькі зніжаны, але ж ад таго, наколькі дакладна будзе выконвацца ўзяты абавязак, залежыць актыўнасць прыхільнікаў “чыстай” тэхналогіі.

Бізнес у сферы альтэрнатыўнай электраэнергіі таксама разлічвае на пэўны прыбытак, які з часам зможа атрымліваць за свае экалагічныя праекты. Каб развіваць іх далей. Неаднаўляемыя крыніцы энергіі не бязмежныя.

Галіна НОВІК. Фота Ганны СОЎПЕЛЬ.

Добавить комментарий